Від1 ’від, перспектыва, якая адкрываецца перад вачамі’ (БРС, КТС, Шат.); ’выгляд’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ, Янк. I); ’агульнае выражэнне твару’ (Шат.); ’твар’ (Янк. I, Яруш., Гарэц., Нас., Бяльк., Мат. Гом., Шатал.); ’паштоўка’ (Мат. Гом.). Укр. вид ’твар’; ’зрок’ рус. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’мясцовасць, перспектыва, што адкрываецца перад вачамі’, ст.-рус. видъздольнасць бачыць, зрок’; ’відовішча’; ’знешні выгляд’; ’прывід, здань, праява’, польск. wid ’прывід, здань, дух’; ’святло, зрок’ у выражэнні ani widu, ani slychu ’ні слыху, ні дыху’, уст. ’выгляд, знешні від’, чэш. vid (кніжн.) ’спосаб бачання’; ’відовішча’; ’зрок’; ’выгляд, форма’, славац. vid ’бачанне, успрыманне на зрок’, (кніжн.) ’зрок, погляд’; ’выгляд’; ’спосаб спаглядання, назірання; светапогляд’, славен. vȋd ’зрок’; ’глядзенне, назіранне, нагляданне’; ’твар, выгляд’; ’краявід, ландшафт’, серб.-харв. ви̑д ’зрок, увага, поле зроку’; ’відно’, макед. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’від, гатунак, род’, балг. вид ’знешнасць’; ’выгляд’; ’краявід’, ст.-слав. видъ ’вобраз, знешні выгляд’; ’род, від, характар’; ’форма’; ’нагляданне’; ’агляд’. Прасл. vidъ, роднаснае з літ. véidas ’твар, воблік’, veidaĩ ’шчокі’, лат. veĩds ’форма, вид, выгляд’, грэч. (Ϝ)εἶδος ’вобраз, від, фігура, форма’, ст.-інд. vēda ’выгляд’, vḗdaḥ ’веды’; ’абачлівасць, асцярожнасць’, авест. vaēdah‑ ’валоданне’. І.‑е. *u̯eidos ’тое, што відаць’. Параўн. яшчэ Траўтман, 358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 522; Майргофер, 21, 254; Праабражэнскі, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80; БЕР, 1, 143.

Від2 (біял.) ’від, разнавіднасць, тып’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. вид ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абсалю́тны

(лац. absolutus = неабмежаваны, самастойны)

1) безадносны, узяты без параўнання з чым-н. (напр. а. прырост насельніцтва);

2) неабмежаваны, поўны (напр. а-ая цішыня);

а-ая большасць — амаль усе;

а-ая велічыня — лік, узяты без знака плюс або мінус;

а-ая ісціна — вычарпальнае веданне аб’ектыўнай рэальнасці;

а. нуль — самая нізкая магчымая тэмпература (-273,16°С);

а. слыхздольнасць дакладна вызначаць на слых любую ноту;

а. чэмпіён — спартсмен, які набраў найбольшую колькасць ачкоў у мнагабор’і.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

лята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Тое, што і ляцець (у 1 знач.), з той толькі розніцай, што лятаць абазначае дзеянне, якое паўтараецца ці адбываецца ў розных кірунках. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах. Лынькоў. На ўласныя бачыў я вочы, Як чайкі над морам ляталі. Бялевіч. // Мець здольнасць трымацца і перамяшчацца ў паветры. Не ўсе птушкі лятаюць. З нар.

2. перан. Разм. Хутка бегаць, хадзіць, ездзіць, насіцца. З палаты ў палату .. [Марына] лятала быццам на крыл[ах] у сваім лебядзіна-белым халаце і накрухмаленай касынцы. Грамовіч. А немцы ляталі па полі, перапорвалі кусты і канавы — усё шукалі парашутыста і не маглі знайсці. Дайліда. // Хутка рухацца. Лятаюць рукі па клавішах.

•••

Летам лятаць — тое, што і летам ляцець (гл. ляцець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паня́цце, ‑я, н.

1. Адна з форм адлюстравання свету ў мысленні чалавека, якая ўзнікае як вылучэнне і абагульненне прадметаў пэўнага класа. // Разуменне, якое адлюстроўвае найбольш агульныя істотныя ўласцівасці, сувязі і адносіны прадметаў і з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці. Паняцце трохвугольніка. Паняцце прыбавачнай вартасці. □ У паняцце «беларуская мова» ўваходзіць як беларуская літаратурная мова, так і народная мова ва ўсёй сукупнасці яе разнастайных гаворак. Юргелевіч.

2. Уяўленне аб чым‑н.; веданне чаго‑н. Кожная вышывальшчыца павінна мець паняцце аб колерах. Данілевіч. // звычайна мн. (паня́цці, ‑яў). Сукупнасць поглядаў на што‑н.; ўзровень разумення чаго‑н. Па вобразу жыцця і па паняццях земляробчы клас усёй Заходняй Еўропы прадстаўляе як бы адно цэлае. Лушчыцкі. // Разм. Здольнасць разабрацца ў чым‑н.; разуменне, меркаванне. [Дзед Сымон:] — Я вось так гляджу: павінен чалавек да ўсяго мець паняцце. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Набыць выгляд і ўласцівасці каменя; ператварыцца ў камень. Ляжаць [дрэвы], пакуль не скамянеюць. Лынькоў. // перан. Стаць цвёрдым, сухім як камень. Скамянеў кавалак хлеба. □ Зямля скамянела, без вады. Няхай.

2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, здранцвець, аслупянець. Лявонка, які падбег да бацькі, скамянеў ад страху. Асіпенка. Скамянеў і вартавы пад наведзенай стрэльбай Карнея Скібы, скамянелі ўсе, уражаныя нечаканасцю налёту. М. Ткачоў. Воўк драпежны аж умлеў, З перапуду скамянеў. Якімовіч.

3. перан. Страціць здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаць абыякавым да ўсяго. Ды ў каменным горадзе я не скамянеў! Не глядзі, прашу цябе, гэтак па мяне... Тармола. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці. Быкаў. Маё сэрца скамянела, Быццам чорны птах. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́лент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.

1. ‑у. Надзвычайныя прыродныя здольнасці. Музыкальны талент. □ Канечне, звычайнаму чалавеку столькі ведаць немагчыма, тут патрэбен талент, а талент даецца чамусьці не кожнаму. Васілёнак. Сутнасць яго [Багдановіча] заключаецца ў тым, што талент дасягае вяршыні мастацтва іптэнсіўнай працай і сардэчнай самаадданасцю раз абранаму ідэалу паэзіі. Майхровіч. // Здольнасць, уменне. — Так, так, — сказаў Сухавараў, — на гэта трэба мець асаблівы талент. — У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, — прамовіла Ядвіся. Колас. // Разм. Занятак. У канцы імперыялістычнай вайны Вэня Шпулькевіч знайшоў сабе талент: ён ад’ехаў з Мінска кіламетраў за сто і там астаўся на службу. Чорны.

2. ‑а. Чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі. Маладыя таленты. □ [Валодзя:] — Стась — талент, ён выдатны мастак. Усе партрэты, усе лозунгі, усе плакаты, карціны і дыяграмы — усё гэта зроблена ім.. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНІЗАТРАПІ́Я (ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),

1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл. Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).

2) А. ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.

3) У батаніцыздольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.

Літ.:

Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;

Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.

Літ.:

Общественное сознание и его формы. М., 1986;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М., [1990);

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБІЯЛО́ГІЯ (ад гідра... + біялогія),

навука пра водныя арганізмы, іх узаемадзеянне паміж сабой і з умовамі асяроддзя, біял. прадукцыйнасць прэсных і акіянскіх вод. Займаецца таксама прыкладнымі пытаннямі (біягігіены, водазабеспячэння, біял. ачысткі вод і інш.). Адрозніваюць гідрабіялогію санітарную, тэхнічную і прамысловую.

У самаст. навуку вылучылася ў 2-й пал. 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біял. станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (ням. вучоныя А.​Мюлер, Ф.​Кон, рус. Н.​П.​Вагнер). Асновы рус. марскіх гідрабіял. даследаванняў закладзены ў 1900-я г. навук.-прамысл. экспедыцыямі М.​М.​Кніповіча, працамі С.​А.​Зярнова, К.​М.​Дзяругіна, Л.​А.​Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вял. значэнне мелі працы У.​М.​Арнольдзі, А.​Л.​Бенінга, Г.​Ю.​Верашчагіна, В.​Н.​Варанкова, В.​І.​Жадзіна і інш.

На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 у Аддзеле іхтыялогіі Рускага т-ва акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 біял. станцыі БДУ на воз. Нарач. Н.-д. работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, інш. ВНУ. Вызначана біял. і рыбагасп. прадукцыйнасць усіх асн. рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагасп. класіфікацыя прамысл. вадаёмаў (Г.Г.Вінберг, П.І.Жукаў, С.В.Кахненка, М.​М.​Драко, У.​П.​Ляхновіч, П.​Р.​Пятровіч, В.П.Якушка і інш.), ацэнка сан. стану вадаёмаў і здольнасць іх да біял. самаачышчэння (Вінберг, П.В.Астапеня, А.П.Астапеня і інш.). Распрацоўваюцца пытанні біял. прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г.​А.​Галкоўская, Л.​М.​Сушчэня, Н.​М.​Хмялёва).

Літ.:

Петрович П.Г. Очерк развития гидробиологических исследований в Белоруссии // Очерки по истории гидробиологических исследований в СССР. М., 1981.

Л.​М.​Сушчэня.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад гідра... + ізаляцыя),

ахова канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад пранікнення і шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных вадкасцей. Для гідраізаляцыі выкарыстоўваюць гідраізаляцыйныя матэрыялы, ахоўныя пакрыцці, спец. канструктыўныя элементы або воданепранікальныя слаі паверхні збудаванняў, ушчыльненні дэфармацыйных швоў, стыкаў у зборных збудаваннях і інш. Адрозніваюць гідраізаляцыю проціфільтрацыйную (герметызавальную) і процікаразійную; у залежнасці ад віду асн. матэрыялу — бітумную, палімерную, металічную, армацэментную і інш.; ад віду ахоўнага пакрыцця — цвёрдую, абмазачную, пластычную, абклеечную, камбінаваную.

Проціфільтрацыйнай гідраізаляцыяй папярэджваюць пранікненне вады ў падземныя і падводныя збудаванні (падвалы, рэзервуары, шахты, тунэлі і інш.), прасочванне праз падпорныя гідратэхн. збудаванні (бетонныя плаціны), выцяканне яе (з рэзервуараў, адстойнікаў) і г.д. Процікаразійнай гідраізаляцыяй ахоўваюць канструкцыі ад грунтавых і сцёкавых вод, атм. вільгаці, а таксама ад блукальных токаў, што выклікаюць карозію (трубаправодаў, апор ЛЭП, падземных канструкцый і інш.). Цвёрдая гідраізаляцыя робіцца: пакрыццём ізалюемай паверхні слоем шчыльнага бетону або тынку, прыгатаваных з рознымі дабаўкамі-ўшчыльняльнікамі; жалязненнем (уціранне сухога цэменту ва ўвільготненыя або ў толькі што ўкладзеныя і змочаныя вадой бетонныя паверхні); таркрэтаваннем (нанясенне слоя цэментнага раствору або дробназярністага бетону на паверхню збудавання цэмент-пушкай, а на ўнутр. паверхню труб — цэнтрыфугаваннем). Абмазачная гідраізаляцыя ў выглядзе тонкага пакрыцця наносіцца на паверхню ў халодным або гарачым стане фарбавальнымі апаратамі (электрафарбапульты, распыляльнікі і інш.) ці пэндзлем. Бывае адна- і мнагаслойная, нармальнага і ўзмоцненага тыпу. Абклеечную гідраізаляцыю ствараюць у выглядзе воданепранікальнай масы з бітуму або асфальтавай масцікі, арміраванай слаямі шклотканіны, руберойду, мешкавіны, тканіны з узмацняльнай абгорткай і без яе, ліпкіх палімерных стужак і інш. Камбінаваная гідраізаляцыя — камбінацыя пералічаных тыпаў. Ужываецца таксама гідраізаляцыя, якая манціруецца (да канструкцый прымацоўваюць зваркай і склейваннем метал. або пластмасавыя лісты, сегменты і да т.п.), абліцовачная (воданепранікальнымі пліткамі, керамічнымі блокамі і інш. вырабамі, якія наклейваюцца з дапамогай масцік), насычальная (канструкцыі з порыстых матэрыялаў насычаюць вяжучымі рэчывамі), засыпная (у воданепранікальныя слаі і пустоты канструкцый засыпаюць гідрафобныя сыпкія матэрыялы). Тып гідраізаляцыі і неабходныя для яе гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам уласцівасцей гэтых матэрыялаў (старэнне, цеплаўстойлівасць, дэфармацыйная здольнасць і інш.), а таксама спецыфікі работы збудавання. Для забеспячэння нармальнай эксплуатацыі гідраізаляцыі ажыццяўляюць кантроль якасці пакрыцця знешнім аглядам, таўшчынямерамі, дэфектаскопамі, адгезіметрамі і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)