ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1793—95. Цэнтр — г. Гродна. Утворана паводле рашэння Гродзенскага сейма 1793, калі Гродзенскі пав. Трокскага ваяв. пераўтвораны ў самаст. ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) указам рас. ўрада ад 25.12.1795 ваяводства пераўтворана ў Гродзенскі пав. Слонімскай губ. 2) Назва, якая выкарыстоўвалася паўстанцамі ў адносінах да Гродзенскай губ. ў перыяд падрыхтоўкі і ў ходзе паўстання 1863—64.
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙД-ПАРК, Хайд-парк (Hyde Park),
адзін з буйнейшых паркаў Лондана. Разам з прылеглым да яго Кенсінгтан-гардэнс займае пл. 249 га. У 1648—49 месцазнаходжанне лагера рэв. арміі О.Кромвеля. У сярэдзіне 17 ст. адкрыты для шырокай публікі. З 19 ст. традыцыйнае месца правядзення паліт. мітынгаў і сходаў. У паўн.-ўсх. ч. парку знаходзіцца «вугал прамоўцы», вядомы як месца вольных прамоў, дзе кожны жадаючы можа выказацца.
т. 4, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІ́ЧНЫ РАД,
лікавы рад 1 + 1/2 + 1/3 + ... +1/n + ..., члены якога — лікі, адваротныя лікам натуральнага рада. Разбежнасць гарманічнага рада даказана Г.В.Лейбніцам (1673); асімптатычную формулу сумы першых яго n членаў атрымаў Л.Эйлер (1740); Sn = C + ln n + εn, дзе C = 0,57721566... — пастаянная Эйлера; εn → 0 пры n → ∞. Кожны член гарманічнага рада (пачынаючы з 2-га) ёсць сярэдняе гарманічнае (гл. Сярэдняе) сваіх суседзяў (адсюль назва).
т. 5, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз. Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.
т. 5, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦЭ́ННЕ,
археалагічная стаянка эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Зацэнне Лагойскага р-на Мінскай вобл. У зах. частцы стаянкі непасрэдна пад мацерыком выяўлены рэчы, блізкія да ранняга этапу нарвенскай і нёманскай культур (крамянёвыя скрабкі, нажы, касцяныя наканечнікі стрэл, шматзубы гарпун, фрагменты вастрадонных гаршкоў і інш.), абломак чоўна-даўбёнкі сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Ва ўсх. частцы ў верхнім пласце знойдзена кераміка сосніцкай культуры.
т. 7, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РГЕ ((Sorge) Фрыдрых Адольф) (9.11.1828, Бетаў, Германія — 26.10.1906),
дзеяч міжнар. рабочага руху. Дзед Р.Зорге. Удзельнік Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у Бельгію, Вялікабрытанію; з 1852 у ЗША, дзе прапагандаваў марксізм, уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу рабочых і сацыяліст. арг-цый. Арганізатар секцый Інтэрнацыянала 1-га ў ЗША, у 1872—74 яго ген. сакратар. Удзельнічаў у заснаванні Сацыяліст. рабочай партыі Паўн. Амерыкі (1876—77).
т. 7, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́І-МІР,
старажытнае шматпластавое гарадзішча ў нізоўях р. Кафірніган у Таджыкістане. Выяўлены рэшткі бактрыйскіх пабудоў і прадметы матэрыяльнай культуры з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. па першыя ст. н.э. У выніку даследаванняў К.-М. і гарадзішча Кей-Кабад-шах распрацавана першая стратыграфічная табліца помнікаў Паўн. Бактрыі; вылучаны 5 паслядоўных гіст.-культурных этапаў з 6—4 ст. да н.э. па 3—4 ст. н.э.
т. 7, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯНІ́,
гарадзішча мілаградскай культуры каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Датуецца 2-й пал. 1-га тыс. да н. э. — пач. 1 ст. н. э. Даследаваннямі выяўлены рэшткі наземнай пабудовы слупавой канструкцыі, фрагменты ляпных яйцападобных пасудзін, жал. сярпы, шпілька, кольцы, бронзавыя ўпрыгожанні, касцяныя праколкі, шкляныя і гліняныя пацеркі і інш. Існуе меркаванне, што ў 6—7 ст. н. э. гарадзішча выкарыстоўвалася як сховішча.
т. 8, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТР-АДМІРА́Л (ад франц. contreamiral),
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх марскіх дзяржаў; адпавядае званню генерал-маёра ў арміі. Званне ўпершыню з’явілася ў канцы 13 ст. ў Галандыі і працяглы час мела назву шаўтбенахт (ад галандскага schout bij nacht які назірае ноччу). У Расіі вядома з 1699; паводле Табелі аб рангах чын 4-га класа. Званне існавала ў ВМФ СССР у 1940—91.
т. 8, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫУ́ПАЛЬСКІ МО́ГІЛЬНІК,
познанеалітычны могільнік 3-га тыс. да н.э. каля г. Марыупаль (Украіна). Даследаваў у 1930 М.Е.Макаранка. Выяўлена калектыўнае пахаванне (больш за 120 касцякоў), якое ўяўляла траншэю даўжынёй 28 м і шырынёй каля 2 м. Нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым становішчы, каля паловы іх было засыпана чырвонай вохрай. Знойдзены каменныя прылады працы, упрыгожанні з іклаў дзіка, ракавін, касцей і зубоў жывёлы, каменныя навершы булаў і інш.
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)