АДЗІ́НКІ ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЯЎ,

фізічныя велічыні, якім паводле вызначэння прысвоена лікавае значэнне, роўнае адзінцы. Перадаюцца мерамі і захоўваюцца ў выглядзе эталонаў.

Гістарычна першымі з’явіліся адзінкі фізічных велічыняў для вымярэння даўжыні, масы (вагі), часу, плошчы, аб’ёму. Выбраныя адвольна, яны садзейнічалі ўзнікненню ў розных краінах аднолькавых па назве і розных па памеры адзінак (напр., аршын, валока, гарнец, пуд, фут, цаля і інш.). Развіццё навукі і тэхнікі, эканам. сувязяў паміж краінамі патрабавала уніфікацыі адзінак. У 18 ст. ў Францыі прынята метрычная сістэма мер, на яе аснове пабудаваны метрычныя сістэмы адзінак. Упарадкаванне адзінак фізічных велічыняў праведзена на аснове Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Даўнія меры і адзінкі фізічных велічыняў вывучае метралогія гістарычная.

Адзінкі фізічных велічыняў падзяляюцца на сістэмныя, што ўваходзяць у пэўную сістэму адзінак, і пазасістэмныя адзінкі. Сярод сістэмных адрозніваюць асноўныя, якія выбіраюцца адвольна (напр., ампер, секунда і інш.), вытворныя, што ўтвараюцца пры дапамозе ўраўненняў сувязі паміж фізічнымі велічынямі (напр., метр у секунду, кілаграм на кубічны метр і інш.), і дадатковыя (напр., радыян). У СІ 17 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Вельмі вял. ці малыя лікавыя значэнні фіз. велічыняў для зручнасці перадаюць кратнымі адзінкамі і дольнымі адзінкамі.

Літ.:

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Слов.-справ. М., 1990;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983.

А.​І.​Болсун.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕ́КТ (ад лац. intellectus пазнанне, розум),

здольнасць мыслення, рацыянальнага пазнання; сукупнасць усіх пазнавальных здольнасцей індывіда (памяць, пачуцці, адчуванні, уяўленні і інш.). Тэрмін з’яўляецца лац. перакладам стараж.-грэч. паняцця «нус» (розум). У эпоху антычнасці Арыстоцель і Платон лічылі «нус» вышэйшай разумнай часткай чалавечай душы. У сярэдневякоўі адны філосафы (Фама Аквінскі) лічылі, што воля падпарадкоўваецца І., а другія (У.​Окам, Дунс Скот) сцвярджалі адваротнае. Схаласты ўжывалі паняцце «Божы І.», якое атаясамлівалася са здольнасцю да звышпачуццёвага спасціжэння духоўных сутнасцей. У ням. класічнай філасофіі І. — здольнасць розуму ўтвараць абстрактныя паняцці (І.​Кант) або разумовая здольнасць да абстрактна-аналіт. расчлянення (Г.​Гегель). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі розныя колькасныя і стат. метады вымярэння і ацэнкі І. (спец. тэсты). У некат. канцэпцыях І. атаясамліваецца з сістэмай разумовых аперацый, стылем і стратэгіяй вырашэння праблем, з эфектыўнасцю індывід. падыходу да канкрэтнай сітуацыі. У зах. псіхалогіі І. разглядаецца як здольнасць біяпсіхічнай адаптацыі чалавека да наяўных умоў жыцця (Ж.​Піяжэ, В.​Штэрн і інш.). Індывід. ўзровень развіцця І. абумоўлены ўплывам біял.-генет. і сац. фактараў (асаблівасці сацыялізацыі чалавека, сямейнага выхавання, сац. кантактаў і інш.). Для абазначэння тэхн. сістэм, здольных да адаптыўных паводзін і вырашэння разнастайных задач, выкарыстоўваецца паняцце «штучны І.».

Літ.:

Сухарев В.А. Психология интеллекта. Донецк, 1997;

Айзенк Г. Узнай свой собственный коэффициент интеллекта: Пер. с англ. М., 1995;

Воробьев А.Н. Тренинг интеллекта. М., 1989;

Кирнос Д.И. Индивидуальность и творческое мышление. М., 1992.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Са́жань ’старая адзінка меры даўжыні, роўная 3 аршынам, або 2,134 м, якая ўжывалася ў Расіі і Беларусі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер’, ’прылада да абмервання зямельных участкаў’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк., Янк., Мат. Гом.), ’старая мера дроў’ (Скарбы, Колас), са́жэнь ’сажань’ (ТС). Ст.-бел. сажень ’адзінка вымярэння даўжыні’. Рус. са́жень ж. р., укр. са́жень м. р., ст.-рус. сажень, сѧжень, сербск.-ц.-слав. сѧжень, польск. sążeń, в.-луж. sažeń, н.-луж. sežań, sćežań, ст.-чэш. sažež, чэш. sáh, славац. siaha, серб.-харв. се̏жа̑њ, славен. sé̻ženj ’сажань’. Прасл. *sęženь утворана ад прасл. *sęgati (гл. сягаць), дыял. прасл. *sęžanь (*sęg‑ěnь), гл. SP, 1, 125, з першасным значэннем ’мера даўжыні ад пальцаў адной да пальцаў другой распрасцёртых рук’ (Міклашыч, 291; Брукнер, KZ, 46, 234; Праабражэнскі, 2, 244; Махэк₂, 535). Фасмер, 3, 545 адхіляе рэканструкцыю Міккалы (LF, 8, 302) прасл. *sogeni‑ і параўнанне з літ. síeksnis ’сажань’, улічваючы ст.-рус. і інш. слав. формы. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1271; Борысь, 540.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліць ‘выстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапары́шча ’дзяржанне сякеры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Стан.), тапары́шчо, тапары́шчэ ’тс’ (Сл. ПЗБ), топо́рышчэ ’тс’ (Вруб.), топоры́шчэ ’тс’ (ТС, Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. топорище ’тс’, ’адзінка вымярэння даўжыні ў цесляроў’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. топори́ще ’тс’, рус. топори́ще ’тс’, в.-луж., н.-луж. toporišćo ’дзяржанне, ручка (напр., сякеры)’, харв. toporišće ’дзяржанне сякеры’, дыял. toporìšče ’чаранок матыкі’, славен. toporìšče ’тс’, таксама дыял. ’чаранок лапаты’, ’ручка цэпа, цапільна’, балг. топори́шка ’дзяржанне сякеры’, дыял. топори́ште ’дзяржанне вялікага молата, якім збіваюць сукно ў валюшы (сукнавальні)’. На значнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з тапарыска (гл.), якое мае адпаведнік у польск. toporzysko ’дзяржанне сякеры’, чэш. topořisko ’тс’, славац. toporisko ’тс’, што несумненна ўяўляе пазнейшую інавацыю ў славянскіх мовах. Шустар-Шэўц (1518) рэканструюе дзве праславянскія формы *toporiště і *toporisko, вытворныя ад *toporъ (гл. тапор). На беларускай і ўкраінскай тэрыторыі формы тапары́ска і топари́сько ’дзяржанне сякеры’ з’яўляюцца пранікнёнымі з польскай мовы, падтрыманымі экспансіяй суф. ‑isko.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траця́к ‘трэцяя частка чаго-небудзь, траціна’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі (каля 1 га або 3 дзесяцін)’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘чалавек, які меў трэцюю частку надзелу’ (карэліц., Шатал.), ‘трохгадовая жывёліна’ (Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэці рой’ (Сцяшк. Сл.), ‘дзіцячая гульня, галоўная фігура ў гэтай гульні’ (Скарбы), трэця́к ‘трэцяя частка ўраджаю пры арэндзе зямлі’ (ТС, ПСл), трэця́ка, трэйця́ка, трэця́к ‘трохгадовая жывёліна’ (ТС), трацця́к (треццякъ) ‘тс’ (Нас.), трецця́к ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. третякъ, третьякъ ‘трохгадовая жывёліна’, ‘адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў’, третяка ‘жывёліна трохгадовага ўзросту’ (ГСБМ). Суфіксальныя ўтварэнні ад *tretьjь, праславянскі характар сумніўны, магчыма, толькі для слоў са значэннем ‘трохгадовая жывёліна’, параўн. укр. третя́к, рус. третья́к, польск. trzeciak, серб. трѐћак і пад., у сувязі са старажытнай традыцыяй прынясення ў ахвяру якраз трохгадовай жывёлы (Тапароў, Этимология–1977, 11), або для слоў, звязаных з пчалярствам, параўн. значэнне ‘трэці рой’ у паўночных славян, акрамя беларускага укр. третя́к, польск. trzeciak ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

храно́граф

(ад храна- + -граф)

1) помнік старажытнай пісьменнасці, які змяшчае гістарычную хроніку якіх-н. краін або асобнай дзяржавы;

2) прыбор для дакладнай рэгістрацыі моманту якога-н. назірання і для вымярэння кароткіх інтэрвалаў часу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

піке́т 1, ‑а, М ‑кеце, м.

Невялікі ваенны вартаўнічы атрад; застава. На палове квартала .. [Васіль Пятровіч] убачыў пікет мінёраў. Карпаў. // У капіталістычных краінах — група бастуючых рабочых, выдзеленая для нагляду за парадкам у часе забастоўкі, а таксама група дэманстрантаў, якая ахоўвае дэманстрацыю ад нападу. [Навічкі] не ўдзельнічалі нават у пікетах, якія рабочыя выставілі ля фабрычных варот. Лынькоў.

[Фр. piquet.]

піке́т 2, ‑а, М ‑кеце, м.

Спец.

1. Пункт мясцовасці, які знаходзіцца на адпаведнай адлегласці ад другога пункта і адзначаны пры нівеліраванні колікам, забітым роўна з паверхняй зямлі. // Калон з нумарам, забіты ў зямлю пры нівеліраванні.

2. Адзінка вымярэння даўжыні чыгуначных ліній, роўная ў СССР 100 м.

[Фр. piquet.]

піке́т 3, ‑а, М ‑кеце, м.

Старадаўняя гульня ў карты.

[Фр. piquet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

морг1

(ст.-польск. morg, ад с.-вням. morgen = раніца)

адзінка вымярэння плошчы ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага (роўная 0,71 га) і Польшчы (роўная 0,56 га); ужывалася ў Зах. Беларусі да 1939 г.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ом

[ням. G. Ohm = прозвішча ням. фізіка (1787—1854)]

адзінка вымярэння электрычнага супраціўлення ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная супраціўленню ўчастка электрычнага ланцуга, у якім пастаянны ток сілай 1 ампер выклікае напружанне 1 вольт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)