род кветкавых раслін сям. малачайных. 1 від — К. звычайная (R. communis). Пашырана ў тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. На Беларусі інтрадукавана.
На радзіме К. — кусты або дрэвы выш. да 10 м, у культуры — адна- ці двухгадовыя расліны выш. да 4 м. Сцябло прамое, галінастае, пустое ў сярэдзіне. Лісце буйное, пальчатараздзельнае. Кветкі аднаполыя, у гронкападобных суквеццях, сядзяць групамі па восі суквецця: у верхняй ч. жаночыя, у ніжняй — мужчынскія. Плод 3-гнездавая каробачка. Насенне — цвёрдае, бліскучае, стракатае, мае ў сабе ядавітыя рэчывы (глікапратэін рыцын і алкалоід рыцынін) і да 60% алею, які выкарыстоўваецца ў прам-сці і медыцыне (т.зв. касторавы). Інсектыцыдныя, дэкар., кармавыя і тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.
Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІРЫ́НТАВЫЯ (Anabantidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 20 родаў, 40 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах трапічнай і Паўд. Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх.Азіі. Жывуць у стаячых ці з павольнай плынню вадаёмах з падводнай расліннасцю.
Даўж. да 60 см (гурамі). Маюць надшчэлепны орган з пласціністых вырастаў, укрытых слізістай абалонкай са шматлікімі дробнымі крывяноснымі сасудамі (лабірынтавы апарат, — адсюль назва), з дапамогай якога могуць дыхаць атм. паветрам. Анабасы, або рыбы-паўзуны, могуць доўгі час заставацца без вады, зарываюцца ў мул або перапаўзаюць па сушы ў другі вадаём. Кормяцца воднымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення. Многія віды ўтрымліваюць у акварыумах (байцовая рыбка, або пеўнік, гурамі, ляліус, макрапод і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАНІ́ЦА (Lysimachia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях, асабліва ва Усх.Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: Л. звычайная (L. vulgaris, нар. назвы жаўточнік, жывотнік, мятнушка), Л. манетчатая, або лугавы чай (L. nummularia, нар. назвы лазоўка, падбярэжнік) і 2 інтрадукаваныя: Л. ландышавая (L. clethroides) і кальчаковая (L. verticillaris). Трапляецца на вільготных мясцінах, берагах рэк, балотах, сярод хмызняку.
Шматгадовыя травы, радзей паўкусты з аблісцелымі прамастойнымі або сцелістымі сцёбламі. Лісце супраціўнае ці кальчаковае, суцэльнакрайняе. Кветкі глыбокапяціраздзельныя ў суквеццях, іншы раз адзіночныя або па 1—2 у пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПРА, праказа,
хранічнае інфекцыйнае захворванне чалавека, якое пашкоджвае пераважна скуру і перыферычную нерв. сістэму. Адкрыта нарв. урачом Г.Хансенам (1871). Узбуджальнік — мікабактэрыя лепры (палачка); хвароба сустракаецца ў краінах Азіі (Індыі, М’янма, Тайландзе, Паўд. Карэі), экватарыяльнай Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Пранікае ў арганізм чалавека праз пашкоджаную скуру і слізістыя абалонкі органаў дыхання. Інкубацыйны перыяд 4—20 гадоў. Тыпы Л.: лепраматозная, туберкулоідная, недыферэнцыраваная. Пры лепраматознай узнікаюць эрытэматозна-пігментныя плямы, на паверхні якіх фарміруюцца лепромы, у ачагах выпадаюць валасы, у далейшым інфільтрацыя. Пры туберкулоідным тыпе ўзнікаюць плямавыя элементы, дробнапапулёзная высыпка; парушаецца адчувальнасць, адбываецца эрозія эпідэрміса. Недыферэнцыраваны тып праяўляецца эрытэматознымі, ахрамічнымі і гіпахромнымі плямамі з выразнымі межамі, пашкоджваецца перыферычная нерв. сістэма; знікае міміка. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВЁРТКІ (Tortricidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах Азіі. На Беларусі 240 відаў, найб. трапляюцца Л. дубовая зялёная (Tortrix viridana), пладажэрка яблыневая (гл.Пладажэркі), парасткаўюны і інш. Многія віды — шкоднікі лесу, саду, с.-г. культур.
Размах крылаў 8—40 мм (звычайна 10—25 мм), пярэднія крылы рознай афарбоўкі, заднія шэрыя або бурыя. Лічынкі (вусені) даўж. да 20 мм, зеленаватыя, карычневыя або жаўтаватыя, жывуць у скручаных лісцях (адсюль назва), праточваюць хады ў каранях, пад карой, у парастках, пладах, суквеццях, шышках, дзе і акукліваюцца.
А.М.Літвінава.
Ліставёрткі: 1 — дубовая зялёная; 2 — парасткаўюн зімуючы (а — самка матыля; б — вусень; в — пашкоджанае лісце, парастак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),
атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх.Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.
Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ВАЕ́ННАЕ ІНЖЫНЕ́РНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (МВВІВ). Засн. ў 1953 у Гомелі на базе Гомельскага пях. вучылішча як вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча. З 1954 у Мінску. З 1955 Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны, з 1968 — Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны. З 1988 дактарантура (ад’юнктура з 1955). З 1992 МВВІВ. Падрыхтавала больш за 14 тыс.ваен. інжынераў, у т. л. каля 3 тыс. спецыялістаў для краін Еўропы, Азіі, Б.Усходу, Афрыкі і Лац. Амерыкі. У 1995 на базе МВВІВ і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],
адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх.Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.