Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус.ката́р ’тс’, укр.ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск.katar ’тс’, ням.Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням.Katarrh узята прама з грэч.katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВО́ЛАН (Волян) Андрэй
(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),
палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт.адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НСТВА І БАРАЦЬБА́ ПРОЦІЛЕ́ГЛАСЦЯЎ,
адзін з асн. законаў дыялектыкі, што раскрывае ўнутраную крыніцу і рухаючыя сілы развіцця. Выяўляе пэўныя дачыненні паміж бакамі, момантамі, тэндэнцыямі ўнутры любой з’явы, якія знаходзяцца ў адносінах узаемасувязі, узаемадапаўнення, узаемадапускання, узаемаразумення, узаемаадмаўлення. Такія адносіны паміж процілегласцямі, што адначасова характарызуюцца ўзаемадапаўненнем і ўзаемаадмаўленнем, наз. супярэчнасцю. Калі б процілегласці толькі ўзаемавыключалі адна адну, але не знаходзіліся ў арганічным адзінстве, такія адносіны маглі б служыць толькі кароткачасовым імпульсам, штуршком да змены. Калі паміж імі існавала б толькі адзінства, гармонія і не было ўзаемавыключэння, не было б і стымулу, імкнення да развіцця. Але паколькі процілегласці адначасова ўзаемавыключаюць і ўзаемадапускаюць адна адну, ствараецца ўнутранае напружанне, стан неспакою, пры якім узаемавыключальныя бакі не могуць разысціся і вымушаны ўзаемадзейнічаць, што стварае пастаянны імпульс развіцця. Адносіны процілегласцяў у супярэчанні не статычныя, а дынамічныя і імкнуцца рэалізавацца, выйсці за свае межы, перайсці ў новую якасць, што і з’яўляецца пастаянна дзеючай крыніцай развіцця. Узаемадапусканне і ўзаемавыключэнне процілегласцяў з’яўляюцца неабходнай умовай супярэчнасці, але формы ўзаемадапускання і ўзаемавыключэння могуць быць розныя на розных этапах развіцця супярэчнасці.
Літ.:
Материалистическая диалектика как общая теория развития. М., 1987;
Горбач В.И. Проблемы диалектических противоречий. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫ,
1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).
Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).
Літ.:
Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;
Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;
Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1820—1915 у Гродне. Друкавала афіцыйныя матэрыялы, а таксама па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры Беларусі, маст. творы і інш. З 1838 друкавала газ.«Гродненские губернские ведомости», у 1858—1915 «Адрас-каляндар і даведачную кніжку Гродзенскай губерні», у 1880—1914 «Агляд Гродзенскай губерні», у 1890—1906 «Памятную кніжку Гродзенскай дырэкцыі народных вучылішчаў». Усяго выдала больш за 200 друкаваных адзінак, каля 150 назваў кніг. Зачынена ў сувязі з акупацыяй Гродна герм. войскамі.
Былі выдадзены паэма «Тарас на Парнасе» (1896, на бел. мове), працы «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» М.А.Дзмітрыева (1868), «Апісанне горада Слоніма» М.Г.Мілакоўскага (1891), «Матывы вясельных песень пінчукоў» М.В.Доўнар-Запольскага (1893), «Горад Брэст-Літоўск і яго старажытныя храмы» Л.С.Паеўскага (1894), «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» А.Я.Багдановіча (1895), «Кароткі гістарычны нарыс Гродзенскай губерні за сто гадоў яе існавання, 1802—1902» Л.Саланевіча (1901), «Гістарычны нарыс Гродзенскай губерні ў ваенна-палітычных адносінах за першыя сто гадоў яе існавання (1802—1902)» У.С.Манасеіна (1902), «Гродзенская даўніна. Ч. 1. Гор. Гродна» (1910) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАВЫ,
сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.
Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.
Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.Л.Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.Дурава).
Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар.арт.СССР (1967). Унук А.Л.Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.
Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар.арт.СССР (1971). Унук У.Л.Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.
Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар.арт.СССР (1989). Дачка Ю.У.Дурава. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),
украінскі і рус.царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.
Тв.:
Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;
Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ПА СПРА́ВАХ ЗАХО́ДНІХ ГУБЕРНЯЎ,
вышэйшы дарадчы орган пры цару Мікалаю I для выпрацоўкі законапалажэнняў і мерапрыемстваў па аслабленні польскага і ўмацаванні рус. ўплыву ў адносінах да Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Існаваў у 1831—48. Створаны ў сувязі з паўстаннем 1830—31. Пачаў работу 28.9.1831. На першым пасяджэнні к-та Мікалай I даручыў яму прыняць меры, «каб губерні, ад Польшчы далучаныя, прыведзены былі да таго парадку, які для кіравання ў іншых расійскіх губернях існуе». У к-т уваходзілі міністры і вышэйшыя дзярж. саноўнікі. Старшынямі к-та былі старшыні Дзярж. савета і К-та міністраў. Разглядаў праекты адм. і паліт. мерапрыемстваў, якія паступалі ад мін-ваў, губернатараў і ген.-губернатараў і падаваў іх на зацвярджэнне цару. Паводле рэкамендацый к-та на Беларусі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 і ўведзена агульнарас. заканадаўства. ажыццёўлены мерапрыемствы па прадухіленні шляхецкіх выступленняў, у сістэме асветы і дзярж. справаводства польская мова заменена рускай, прымаліся меры па змяншэнні ўплыву каталіцызму. К-т займаўся сял. пытаннем, разглядаў справы аб канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстання 1830—31, пытанні аб адм. уладкаванні краю. Спыніў дзейнасць 31.1.1848, яго функцыі перададзены К-ту міністраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм.адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс.дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.