АДЗІНАНАЧА́ЛЛЕ,

1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.

2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСТРО́Н»,

савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс. км, у апагеі 200 тыс. км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З МІ́НСКАГА ПАВЕ́ТА,

прафесіянальна-паліт. арг-цыя бел. настаўнікаў у крас.ліп. 1920 у Мінску. У кіраўніцтва саюза ўваходзілі Я.​Бурвель (старшыня), С.​Булат, Я.​Шнаркевіч, П.​Зарэмба і інш. Выступаў за арг-цыю бел. школьніцтва ў павеце, беларусізацыю нар. асветы, паліт. і сац. абарону бел. настаўнікаў, матэрыяльную дапамогу бедным дзецям, за аб’яднанне бел., польск., яўр. і т.зв. рускамоўных настаўніцкіх арг-цый Мінскага пав. ў адзіны настаўніцкі саюз і інш. Спыніў дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭ́НТР ПА ДЫЯГНО́СТЫЦЫ І КАНТРО́ЛІ ЗА ТРА́НСПАРТНА-ЭКСПЛУАТАЦЫ́ЙНЫМ СТА́НАМ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫХ ДАРО́Г І ЗБУДАВА́ННЯЎ НА ІХ (Белдарцэнтр) Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1993 у Мінску на базе ін-та «Белрамдарпраект». Асн. кірункі дзейнасці: дыягностыка і кантроль за транспартна-эксплуатацыйным станам аўтадарог і збудаванняў на іх; праектаванне буд-ва і рамонту аўтадарог і збудаванняў на іх; выкананне інж. пошукаў, у т. л. разведка радовішчаў мясц. будматэрыялаў; распрацоўка і ўзгадненне маршрутаў руху цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў.

А.​З.​Палтаржыцкі.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,

бел. нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́АК ((Deák) Ферэнц) (17.10.1803, с. Шэйцёр, медзье Зала, Венгрыя — 29.1.1876),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1833—47 адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі, якая падтрымлівала Л.Хошута. У 1848 міністр юстыцыі ва ўрадзе Л.​Бацяні. Пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі выступаў за пасіўнае супраціўленне Габсбургам. У 1861 лідэр парламенцкай т.зв. партыі петыцыі, якая выступала за аднаўленне рэв. законаў 1848 шляхам падачы прашэнняў Габсбургам. У 1865 заснаваў і ўзначаліў паліт. партыю (партыя Д.), якая адыграла вядучую ролю ў падрыхтоўцы і заключэнні аўстра-венг. пагаднення 1867.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІМЕ́Д,

у грэчаскай міфалогіі сын траянскага цара Троса. За незвычайную прыгажосць яго выкраў Зеўс (паслаў за ім арла ці быў сам у абліччы арла). На Алімпе Ганімед стаў каханкам Зеўса і віначэрпам багоў. Паводле інш. міфаў, Ганімед узнесены на неба ў выглядзе задыякальнага сузор’я Вадалей. Міф пра Ганімеда — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. роспісы, малюнак Мікеланджэла, скульптуры Леахара, Б.​Торвальдсена, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта і інш.).

Ганімед з арлом. Рымская копія з грэчаскага арыгінала 3—2 ст. да н.э.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧА, Неграза,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна, за 16 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,8 км², даўж. 2,39 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 8,3 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м, разараныя. Берагі пясчаныя, выш. да 0,6 м, на З сплавінныя. На З прылягае хмызняковае балота. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 2 м дно сапрапелістае. Зарастае. На Пн выцякае ручай у воз. Ладасна.

т. 5, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З,

навуковае прадказанне пэўнага працэсу на рэках, каналах, азёрах і вадасховішчах; раздзел гідралогіі сушы. Бывае доўгатэрміновы (заўчаснасць больш за 15 сут) і кароткатэрміновы (менш за 15 сут). Адрозніваюць гідралагічныя прагнозы водныя (найб. аб’ёмы сцёку і ўзроўні ў час разводдзя і паводкі, макс. і мінім. расходы вады, тэрмін вызвалення ад вады заліўных зямель і інш.) і лядовыя (тэрміны замярзання і ўскрыцця рэк). Гідралагічныя прагнозы робяць для папярэджання гасп. арганізацый і ўстаноў пра небяспечныя гідралагічныя з’явы. На Беларуі складаюцца з 1931.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)