«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,
ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).
т. 3, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ МАНІТО́РЫНГ,
комплексная сістэма доўгатэрміновага назірання, ацэнкі і прагнозу змяненняў стану навакольнага асяроддзя пад уплывам антрапагенных уздзеянняў. Адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. З’яўляецца інфармацыйным і не ўключае кіраванне якасцю навакольнага асяроддзя. Ажыццяўляецца на спец. станцыях і ў біясферных запаведніках. Беларусь прымае ўдзел у глабальным і рэгіянальным біялагічным маніторынгу: у сетку міжнар. маніторынгу ўключаны Бярэзінскі біясферны запаведнік і пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра каля г. Высокае (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).
т. 3, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛТА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,5 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 3,53 км. Пл. вадазбору 2 км².
Схілы катлавіны выш. 5—7 м, пад лесам, усх. разараныя. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, на ПдУ сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае слаба. Злучана пратокай з воз. Дрывяты. Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў.
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТА (Botha) Луіс
(27.9.1862, г. Грэйтаўн, ПАР — 28.8.1919),
дзяржаўны дзеяч бурскай рэспублікі Трансвааль, потым Паўд. Афр. Саюза (ПАС). Генерал. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 галоўнакамандуючы войскамі Трансвааля (з 1900). З 1907 прэм’ер-міністр Трансвааля, у 1910—19 — ПАС. Праводзіў палітыку нац. кампрамісу паміж брыт. і бурскім насельніцтвам. Садзейнічаў уступленню ПАС у 1-ю сусв. вайну на баку Антанты. Пры Боту было задушана паўстанне бурскіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам К.Дэвета (1914), захоплена Паўд.-Зах. Афрыка (1914—15).
т. 3, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЙ Фёдар Піліпавіч
(2.10.1907, в. Іванскія Агароднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1982),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў вышэйшыя афіцэрскія курсы «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1929. З вер. 1942 на Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік баёў на Курскай дузе. Камандзір батальёна маёр Бруй вызначыўся пры вызваленні Украіны: 25—28.9.1943 батальён пад яго камандаваннем на падыходзе да Кіева вызваліў некалькі нас. пунктаў, фарсіраваў Дняпро, на плацдарме адбіў 10 контратак ворага. Да 1955 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ Міхаіл Дарымядонтавіч
(10.11.1801, Масква — 21.11.1885),
рускі архітэктар. Акадэмік архітэктуры (1831). Вучыўся ў Дз.І.Жылярдзі (з 1816). Выкладаў у Маскоўскім палацавым арх. вучылішчы (з 1836 яго дырэктар), у 1844 арганізаваў маст. класы (пазней Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства). Працаваў у стылі позняга класіцызму: будынкі біржы (1836—39) і Гарыхвостаўскай багадзельні (1839) у Маскве, у стылі несапраўднай готыкі — ансамбль сядзібы Марфіна пад Масквой (1837—38). Аўтар шэрагу культавых збудаванняў у Маскве і Пецярбургу. Адзін з першых прадстаўнікоў навук. рэстаўрацыі.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖА,
возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн.-зах. ускраіне г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,93 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. Вадазбору 11,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—7 м, разараныя, зах. пад лесам, берагі нізкія, на У высокія, пясчаныя. Дно пясчанае, месцамі сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Святца і Ельня.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ШЧА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэшча (выцякае з возера) за 12 км на ПдЗ ад г. Лепель. Пл. 4,08 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 1,8 км, найб. глыб. 1,3 м. Пл. вадазбору 127 км².
Схілы катлавіны спадзістыя, пад лесам і хмызняком. Берагі тарфяністыя, забалочаныя. Дно плоскае, глеістае. Зарастае. Упадае р. Кеста, выцякае р. Бярэшча, праз Бярэзінскі канал злучана з воз. Плаўна. Гнездаванне лебедзя-шыпуна, занесенага ў Чырвоную кнігу.
т. 3, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НЦІК Дзмітрый Данілавіч
(23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЕ́НКА Ганна Мартынаўна
(4.4.1908, г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобласці — 16.1.1980),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1952). Скончыла БДУ (1931). Працавала ў Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі (1933—38), БДУ (1944—70). Аўтар манаграфіі «Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1964), шэрагу навук. артыкулаў па праблемах сучаснай бел. мовы. У 1920-я г. друкавала пад сваім прозвішчам і псеўд. Ганна Арахоўская вершы, апавяданні і аднаактовыя п’есы.
т. 2, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)