БУГЛО́Ў Яўген Данілавіч (н. 29.10.1924, в. Стрыжанёва Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны-патафізіёлаг. Д-р мед. н. (1972). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1951). З 1955 у Бел. НДІ гематалогіі і пералівання крыві (з 1973 дырэктар). Працы па функцыянальных сувязях страўнікава-кішачнага тракту і печані, стабілізацыі донарскай крыві з дапамогай валакністага сарбенту — фасфату цэлюлозы.

Тв.:

Получение бесцитратной крови с применением фосфата целлюлозы. Мн., 1971 (у сааўт.).

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССПРЭ́ЧНАЕ СПАГНА́ННЕ,

у цывільным праве прымусовае спагнанне запазычанасці ў бясспрэчным парадку без звароту ў суд ці іншы орган, які вырашае маёмасныя спрэчкі. Бясспрэчнае спагнанне з юрыд. асоб ажыццяўляецца на падставе распараджэнняў правамоцных органаў і выканаўчых дакументаў спісаннем грашовых сум з адпаведных рахункаў у банках; з грамадзян (нявернутыя пазыкі, нявыплачаная кватэрная плата, камунальныя плацяжы і інш.) — па выканаўчым надпісе натарыята. У Рэспубліцы Беларусь дапускаецца толькі ў выпадках, прама прадугледжаных законам.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭСЬ Аркадзь Аляксандравіч (н. 20.11.1941, в. Жабінцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне уралогіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1986). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1971 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні неўрагенных расстройстваў мочаспускання, запаленчых хвароб нырак, прастаты.

Тв.:

Неврогенный мочевой пузырь (разам з М.​Я.​Саўчанкам, В.​А.​Мохартам) // Уродинамика. София, 1991.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРУ́ШКІН Уладзімір Андрэевіч (н. 11.6.1949, Мінск),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1996 праф. ун-та Браўна (г. Провідэнс, ЗША). Навук. працы па дынамічнай тэорыі пругкасці. Пабудаваў і даследаваў уласцівасці рашэнняў краявых задач тэорыі пругкасці і тэрмапругкасці ў абсягах з нягладкімі межамі.

Тв.:

Краевые задачи динамической теории упругости для клиновидных областей. Мн., 1988.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙЗЕНГОФЕР (Deisenhofer) Іаган (н. 30.9.1943, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік і біяфізік. Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1971). З 1972 у Ін-це біяхіміі імя М.​Планка, з 1988 у Мед. ін-це Тэхаскага ун-та ў Даласе. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца рэакцыйным цэнтрам фотасінтэзу (1982, разам з Р.Губерам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГСТРЭМ (Ångström) Андэрс Іонас (13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),

шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10​−10м.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХРУ́ШЫН Сяргей Уладзіміравіч (8.10.1882, Масква — 8.3.1950),

расійскі гісторык. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1904), прыват-дацэнт (з 1909), праф. (з 1927) гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Супрацоўнік (з 1937), заг. сектара ў Ін-це гісторыі АН СССР (1940—50). Працы па гісторыі Расіі (пераважна 16—17 ст.), рус. каланізацыі і гіст. геаграфіі Сібіры, крыніцазнаўстве, гістарыяграфіі і інш.

Тв.:

Научные труды. Т. 1—4. М., 1952—59.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГУНЫ́,

машына для здрабнення і змешвання матэрыялаў расцісканнем і сціраннем. Складаецца з чыгуннай чашы, па дне якой перакочваюцца масіўныя чыгунныя каткі, што верцяцца вакол уласнай (гарызантальнай) восі і разам з крыжавінай, на якой яны ўмацаваны, — вакол яе вертыкальнай восі. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай прам-сці, металургіі, прам-сці будматэрыялаў і інш. Пры выкарыстанні бегуноў для амальгамацыі залатых рудаў дно чашы заліваюць тонкім слоем ртуці, у якой раствараюцца атрыманыя з руды часцінкі золата.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ О́ПТЫКА-МЕХАНІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БелОМА). Створана ў 1971 на базе Мінскага мех. з-да

(галаўное прадпрыемства, працуе з 1957, выпускаў фотаапараты і станкі для апрацоўкі аптычных дэталяў). Уключае з-ды «Зеніт» (г. Вілейка),

«Дыяпраектар» (г. Рагачоў), «Свет» (г. Жлобін) і ЦКБ «Пеленг» (г. Мінск). Спецыялізуецца па выпуску фота-, відэа-, дыяпраектарнай, мед. і экалагічнай тэхнікі, назіральных прылад, оптыкі для акуляраў, перыферыйных устройстваў для вылічальнай тэхнікі, а таксама оптыка-электронных сістэм абарончага прызначэння.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БАР (Gabor) Дэніс (5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),

англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.

Д.Габар.

т. 4, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)