ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.​Л.​Драгун.

Схема геатэрмальнай электрастанцыі: 1 — свідравіна; 2 — кандэнсацыйная турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — градзірня; 5 — кандэнсатар; 6 і 7 — цыркуляцыйная і вакуумная помпы.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́Я, геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло),

раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.

Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.

Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.​Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.​А.​Любімава.

На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (П.​П.​Атрошчанка, Л.​А.​Цыбуля і інш.).

Літ.:

Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;

Geothermal Atlas of Europe. Gotha, 1991/92.

У.​І.​Зуй.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),

бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.​Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.​Грыгор’еў).

Тв.:

Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;

Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;

Маці і сын. Беласток, 1992;

Белы сон. Мн., 1990;

Споведзь. Мн., 1993.

Літ.:

Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;

Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;

Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.

М.​У.​Скобла.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.

Тв.:

Рус. пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;

У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.

Літ.:

Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;

Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;

Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;

Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб. арт. Мн., 1992.

Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ (ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.​Р.​Баннікаў, І.​С.​Дрэўскі, А.​М.​Нікольскі, П.​В.​Цярэнцьеў, С.​А.​Чарноў.

На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.​М.​Нікольскі, П.​Г.​Жачынскі, П.​Баброўскі, І.​Зяленскі, А.​С.​Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.​В.​Фядзюшына (1927—32) і Ю.​Ф.​Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.​В.​Дзьякава, Б.​З.​Галадушкі, Т.​М.​Курсковай, І.​В.​Жаркова, М.​М.​Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.​А.​Бахараў, С.​У.​Косаў, С.​М.​Драбянкоў, А.​У.​Хандогій, Л.​У.​Косава, К.​К.​Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.

Літ.:

Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.

М.​М.​Пікулік.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),

вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.​Бэкан, Г.​Галілей, Р.​Дэкарт, І.​Ньютан, М.​В.​Ламаносаў, К.​Лышчынскі, Б.​Спіноза, С.​Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.

Літ.:

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;

Исторические типы философии. М., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.​Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.​Шульца з удзелам арх. Ю.​Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.​Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.

Л.​В.​Іванова.

Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.​Ходзькі. 1822.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.​Х.​Вітгенштэйна (змяніў М.​І.​Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.​Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.​Каяловіч, А.​Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.​Саланевічы, І.​Бажэлка, Л.​Паеўскі, часткова А.​Сапуноў, Я.​Карскі, Е.​Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.

Літ.:

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБЮР ВЯДОМОСЬЦІ ДО АНТРОПОЛЁГІІ КРАЁВЭЙ»

(«Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej», «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі»),

ілюстраваны штогоднік, першае польскае навук. этнагр. выданне. Орган Антрапалаг. камісіі Польскай акадэміі ведаў. Выдаваўся ў 1877—95 у г. Кракаў на польскай мове.

Меў раздзелы: археалагічна-антрапалагічны, антрапалагічны, этналагічны. Публікаваў навук. працы і матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры польскага, бел., літ., укр., лат. і інш. народаў, этнічных і этнагр. груп, змяшчаў бібліяграфію па гэтых дысцыплінах. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы З.​Глогера «Забабоны і ўяўленні люду Панароўя пра птушак, паўзуноў і насякомых, сабраныя ў 1865—1875 гг.» і «Вясельныя назвы, выказванні і прадметы, якія ўжываліся на вясельных абрадах люду на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877, т. 1), П.​Быкоўскага «Абрадавыя песні рускага насельніцтва з ваколіц Пінска» (1878, т. 2), У.​Дыбоўскага «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881, т. 5) і «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886, т. 10), Я.​Карловіча «Народныя паданні і казкі, сабраныя на Літве» (1887—88, т. 11—12), Т.​Саподзькі «Археалагічныя пошукі ў Ігуменскім павеце Мінскай губ., учыненыя ў 1875 і 1883 г.», О.​Кольберга «Вясельныя звычаі і абрады з Палесся» і «Казкі з Палесся», У.​Вярыгі «Беларускія думкі з вёскі Глыбокае, запісаныя ў 1885 у Лідскім павеце Віленскай губерні» (усе 1889, т. 13), І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ «Беларуска-польскія песні з Сакольскага пав. Гродзенскай губ.» (1892, т. 16) і «Дадатак да беларуска-польскіх песень з Сакольскага павета Гродзенскай губерні» (1895, т. 18), А.​Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў...» (1893, т. 17), А.​Чэрнага «Беларускія песні з Дзісенскага павета Віленскай губерні» (1895, т. 18). Выйшла 18 тамоў.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 7, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)