КЖЫЖАНО́ЎСКІ ((Krzyżanowski) Юльян) (4.7.1892, в. Стаянцы Масціскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 19.5.1976),
польскі літаратуразнавец і фалькларыст. Чл. Польскай АН у Кракаве (1933), Польскай АН (1951), Сербскай АН (1965). Скончыў Ягелонскі ун-т (Кракаў, 1914). У 1930—34 праф. Рыжскага, у 1934—39, 1945—62 — Варшаўскага ун-таў. У 1957—58 выкладаў у Калумбійскім ун-це ў Нью-Йорку. У 1969—73 у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Гал. праца — «Гісторыя польскай літаратуры ад старажытнасці да найноўшых часоў» (1969). Аўтар кніг «Паралелі: Параўнаўчыя даследаванні з пагранічча літаратуры і фальклору» (1935), «Польскі неарамантызм 1890—1918» (1963), «Навука пра літаратуру» (1966), манаграфій пра творчасць польск. пісьменнікаў, артыкула пра А.Рыпінскага «Польскі Тыртэй і дзекабрысты» (1954). Праблемам фальклору прысвяціў працы «У свеце народнай казкі» (1980), «Нарысы па фалькларыстыцы» (т. 1—3, 1980). Даследаваў зборнік апрацаваных бел.нар. казак, анекдотаў, апавяданняў з ваколіц Навагрудка «Польскі казачнік» А.Глінскага (т. 1—4, 1853), бел.фалькл. матывы ў творчасці А.Міцкевіча, этымалогію і гісторыю ўжывання прыказак і прымавак, пашыраных у польск. і ўсх.-слав. мовах («Разумнай галаве хопіць двух слоў», т. 1—2, 1958—60). У працы «Польская народная казка ў сістэматызаваным размеркаванні» (т. 1—2, 1947) сістэматызаваў матывы польск. нар. казак, многія з якіх сустракаюцца ў бел. фальклоры. Рэдактар і адзін з аўтараў «Слоўніка польскага фальклору» (1965). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Ольса. За 91 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Нясета на лініі Магілёў—Асіповічы. 8,6 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1592 як в. Клічава Віцебскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1798 сяло ў Любашанскім старостве Аршанскага пав.; 20 гаспадарак, дзярж. ўласнасць. У 19 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ., дзейнічалі школа, млын, царква. У 1897 у К. 608 ж., праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1901 заснаваны Клічаўскі шклозавод. З 1924 мястэчка, цэнтр Клічаўскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 504 чал. 20.3.1942 К. вызвалілі партызаны, была створана Клічаўская партызанская зона. У 1943 партызаны зноў разграмілі ў К. адноўлены гарнізон ворага (гл.Клічаўскія баі 1942, 1943). Каля К. існаваў першы ў Беларусі партыз. аэрадром. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 3-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл. У 1962—65 уваходзіў у Кіраўскі р-н. У 1972—5,3 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр., лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Магілёўскі саўгас-тэхнікум, 2 сярэднія школы, вячэрняя, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Клічаўскі краязнаўчы музей лесу. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму, магілы ахвяр фашызму. Курган Славы. Помнік партызанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),
каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб.стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.
Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп. пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.
На ПнЗ еўрапейскай ч. Расіі, у складзе Мурманскай вобл. Абмываецца Баранцавым м. на Пн і Белым м. на Пд і У. Зах. мяжой лічыцца мерыдыянальная ўпадзіна, якая цягнецца ад Кольскага заліва па даліне р. Кола, воз. Імандра і р. Ніва да Кандалакшскага заліва. Пл. каля 100 тыс.км². Берагавая лінія слабапарэзаная. Паўн. бераг стромкі і высокі, паўд. — нізінны, спадзісты. У зах.ч. горныя масівы: Хібіны (г. Часначор — 1191 м) і Лаўазёрскія тундры (1120 м). Усх.ч. больш плоская, раўніннасць парушаецца водападзельнай градой Кейвы. К.п. з’яўляецца паўн.-ўсх. ускраінай Балтыйскага шчыта і складзены пераважна крышт. пародамі дакембрыю і ніжняга палеазою. Карысныя выкапні: апатыта-нефелінавыя, нікелевыя і жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат на ўзбярэжжы мяккі, знаходзіцца пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння, ва ўнутр. раёнах слаба кантынентальны (умерана халодная снежная зіма, халаднаватае і вільготнае лета). Сярэдняя т-растудз. ад -8 °C (на Пн) да -13 °C (у цэнтры), летнія адпаведна 8 і 14 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Рэкі парожыстыя, найб.: Паной, Варзуга, Іоканьга, Умба, Ніва, Тулома. Найб. азёры: Імандра, Умбвозера, Лаўвозера. На Пн паўвострава тундра і лесатундра, на Пд таежныя лясы з хвоі, елкі, бярозы. Глебы падзолістыя і балотныя, на Пн тундравыя. На К.п. Лапландскі і Кандалакшскі запаведнікі. Гал. горад і порт Мурманск. Гаспадарку гл. ў арт.Мурманская вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСЬ,
гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст. — копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.
Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст. керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬ-ШАЎЧЭ́НКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальныя дзеянні 1-га (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) і 2-га (ген. арміі І.С.Конеў) Украінскіх франтоў у раёне г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі Чаркаскай вобл., Украіна) 24.1—17.2.1944 у Вял.Айч. вайну. Мела на мэце сустрэчным ударам двух франтоў акружыць і ліквідаваць групоўку ням.-фаш. войск са складу 1-й танк. і 8-й ням. армій групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), якая ўтрымлівала Корсунь-Шаўчэнкаўскі выступ і пагражала флангам 1-га і 2-га Укр. франтоў. У праціўніка было 170 тыс.чал., 2600 гармат і мінамётаў, 310 танкаў і штурмавых гармат, 1000 баявых самалётаў; сав. камандаванне на гал. напрамках удараў стварыла перавагу па колькасці войск у 1,7, па артылерыі ў 2,4, па танках і самаходных артыл. устаноўках у 2,6 раза. Войскі 2-га Укр. фронту перайшлі ў наступленне 24, 1-га Укр. фронту — 26 студзеня. Прарваўшы абарону праціўніка, яны злучыліся 28 студз. ў раёне Звенігародкі, стварылі знешні і ўнутраны франты акружэння, адбілі варожыя контратакі і контрудары, потым расчлянілі ням. групоўку і 17 лют. ліквідавалі яе. Праціўнік страціў больш за 73 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 18,2 тыс. палоннымі; пацярпелі паражэнне яшчэ 15 дывізій, якія прарываліся на дапамогу акружаным ням.-фаш. войскам. К.-Ш.а. стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.6.1941, станіца Ніжнячырская Суравікінскага р-на Валгаградскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца гераічных і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы аналітычнасць, інтэлектуальнасць, псіхалагізм, тонкае раскрыццё душэўных зрухаў. Стварыў адметныя характары ў нац. драматургіі: Евель Цывін («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Казік Жыгоцкі («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Аскольд («Чатыры крыжы на сонцы» А.Дзялендзіка), Размысловіч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кунцэвіч і Каліноўскі («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча) і інш. У класічным рэпертуары ролі адметныя арыгінальнасцю сцэн. трактоўкі: князь Валкоўскі («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп («ЧП-1» і «ЧП-2» па матывах «Рэвізора» М.Гогаля), Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Эдмунд, Бенядзікт («Кароль Лір», «Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Лейстэр («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера). Сярод інш. роляў: Даменіка («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа), Кухар («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта), Анчугін і Шаманаў («Правінцыяльныя анекдоты» і «Летась у Чулімску» А.Вампілава). Найб. значныя ролі апошніх гадоў: Павел («Хам» паводле Э.Ажэшкі), Гапон («Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча), Падкалёсін («Жаніцьба» М.Гогаля), Немаўля («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Міравы хлопец», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Паводка», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», «Фруза» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.Панчанка, Р.Барадулін, К.Буйло, А.Вялюгін, Е.Лось, П.Прыходзька, С.Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.Ванаг, П.Гарэцкі, А.Грашы, Р.Лубкіўскі, Л.Хаўстаў, А.Юшчанка), англ. і балг. (У.Мэй, А.Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.Бельскі, Р.Віткоўскі, С.Каткоў, А.Кроль, М.Купава, У.Пашчасцеў, І.Пратасеня, І.Рэй, К.Харашэвіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАНЕ́Ц,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка — Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад г. Вілейка, 111 км ад Мінска, 1 км ад чыг. раз’езда Куранец. 1115 ж., 473 двары (1998).
У пісьмовых крыніцах з 1519 упамінаецца як мястэчка ВКЛ, у 1665 горад. У 1539 пабудавана царква, у 1665 — касцёл. У 19 ст. заможнае гандл. мястэчка. У 1887—1765 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Віленскай губ., валасная ўправа, 2 царквы, царк.-прыходская школа, 2368 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага, з 1925 Віленскага ваяводстваў. 3 вер 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Куранецкага раёна. З 12.10.1940 гар. пасёлак, цэнтр сельсавета. З 25.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія часткова спалілі К., стварылі тут лагер сав. ваеннапалонных, знішчылі каля 1,3 тыс.чал. Дзейнічала Вілейска-Куранецкае патрыятычнае падполле. У ноч на 1.10.1943 партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.Т.Варанянскага разграмілі ў К. варожы гарнізон. З 1946 у Вілейскім р-не, з 1954 вёска. У 1972—1427 ж., 446 двароў.
Лесацэх Вілейскага дрэваапр. камбіната, кандытарскі цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ўдзельнікаў паўстання 1863—64. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАНО́К (Уладзімір Елісеевіч) (3.7.1907, в. Востраў Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БСГА (1931), ВПШ пры ЦККПСС (1956). З 1941 1-ы сакратар Лепельскага райкома КП(б)Б. Са жн. 1941 да чэрв. 1944 1-ы сакратар Лепельскага падп. райкома КП(б)Б, адначасова з сак. 1942 камандзір партыз. атрада № 68, са жн. 1942 камісар партыз. брыгады Чашніцкай «Дубава», з ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады Лепельскай імя Сталіна. У снеж. 1943 узначаліў аператыўную групу ЦККП(б)Б і БШПР па Полацка-Лепельскай партызанскай зоне. З 1944 у апараце ЦККПБ, старшыня Полацкага і Гомельскага аблвыканкомаў, 1-ы сакратар Палескага, Віцебскага абкомаў КПБ. З 1962 1-ы нам. Старшыні СМБССР, міністр вытворчасці і нарыхтовак с.-г. прадуктаў БССР. З 1974 нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1961—76. Чл.ЦККПБ з 1949, канд. у чл. Бюро ЦККПБ з 1962 і з 1976, чл. Бюро ЦККПБ у 1966—76. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946, БССР у 1951—55 і з 1963. Нам. Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1968—74. Аўтар кніг «У баях за Радзіму» (3-е выд., 1964), «Партызаны прымаюць бой» (1976).