ле́кі, ‑аў; адз. няма.
Разм.
1. Лякарства. Прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усякіх лекаў. Якімовіч. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. // перан. Пра сродак, які дапамагае перажыць што‑н. непрыемнае. Хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі няўпэўнена, што словы твае будуць лекамі. Чорны.
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лячыць і лячыцца; лячэнне. Доктар больш не гаварыў і, назваўшы настаўніка, перадаў яму, што хворы павінен застацца на лекі ў бальніцы. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мале́ча, ‑ы, ж.
Разм.
1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.
2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Надзець на каго‑н. кайданы, ланцугі, скаваўшы іх. Прыехалі жандары, закавалі Пархвена ў кайданы і адправілі ў Сібір на катаргу. Жычка. // перан. Пакарыць, зняволіць. Не танула песня ў моры. У агні не гарэла, Закаваць не мог у путы Сатрап азвярэлы. Купала. Няма яшчэ такіх кайданаў, Каб закаваць людское сэрца. Глебка.
2. перан. Пакрыўшы лёдам, зрабіць нерухомым; замарозіць. Падскочыў мароз і закаваў балоты і рэкі. Якімовіч. / у безас. ужыв. Закавала лёдам рэкі, Ручаёчкі — аж да дна. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дво́рнік, ‑а, м.
1. Работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Карпаў. А калі Дзіма ішоў са школы, — на вуліцах высіліся цэлыя гурбы, і барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы да рышткоў. Якімовіч.
2. Разм. Прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу. [Снег] залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заня́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.
2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.
3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́яц, зайца, м.
1. Невялікі звярок атрада грызуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом. Заяц-бяляк. Заяц-русак. □ Па густым зарасніку, як вецер, праімчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Якімовіч. // Футра гэтага звярка. // Мяса зайца як ежа; заячына.
2. Разм. Пра безбілетнага пасажыра. З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет.. шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх там называлі. Колас.
•••
Забіць двух зайцаў гл. забіць.
Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустава́ць, ‑туе; незак.
Быць пустым, незанятым кім‑, чым‑н. Гасцініца другі дзень пуставала: старыя жыхары раз’ехаліся, а новыя не прыехалі. Асіпенка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Колас. Андрэй сядзеў у вагоне прыгараднага цягніка, які памалу рухаўся ад станцыі да станцыі. Амаль палова лавак пуставала. Чарнышэвіч. // Быць неапрацаваным, незасеяным (пра поле, зямлю). Другі б на месцы старой разгубіўся, кінуў агарод пуставаць і зараз бы пайшоў у старцы. Сяркоў. [Старшыня:] — Вунь за вузкай, пад балотцам, цэлых паўгектара пустуе... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разрасці́ся, ‑расцецца; пр. разросся, ‑раслася, ‑лося; зак.
1. У выніку росту стаць большым, гусцейшым, захапіць больш месца. Цяпер ліпы разрасліся так густа, што здалёку здаваліся адным суцэльным гаем. Якімовіч. [Макрына:] — А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць. Баранавых.
2. Стаць большым па велічыні, па колькасці. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // Стаць мацнейшым па праяўленню. Гучаў недзе і голас сумнення, але Мікалай не даваў яму разрасціся. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць у кім‑н. моцную трывогу, неспакой; устрывожыць. Цьмяныя, але жывучыя ў дзіцячай душы ўспаміны пра бацьку растрывожылі Віцю. Якімовіч. Пасля вячэры не хацелася ісці спаць. Тамаш растрывожыў душу. Чарнышэвіч.
2. Прывесці ў рух, вывеўшы са стану нерухомасці, спакою. Растрывожыць мурашнік. Растрывожыць рой.
3. Разм. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; развярэдзіць. Растрывожыць рану. / у перан. ужыв. [Варашкін] папытаў, добра не падумаўшы, хацеў, каб на лепшае было, а яно [вунь] як павярнулася — незагоеную рану сябру растрывожыў. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́шчына, ‑ы, ж.
1. Негустое цеста на дражджах або з закваскай, якое пасля замешваюць. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін.
2. Цэментны, будаўнічы раствор. Машына за машынай ідуць грузавікі з цэглай, рошчынай, бэлькамі. Гарбук. Пасля работы, нават не памыўшы заляпанага рошчынай твару, ён пабег ва ўпраўленне трэста. Асіпенка. Кладка скрозь вельмі трывалая, з тонкімі швамі вапнавай рошчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)