МІНЬЦЗЯ́Н,

назва 2 рэк у Кітаі: рака ў цэнтр. ч. краіны, левы прыток Янцзы. Даўж. 793 км, пл. бас. 134 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Міньшань, цячэ па глыбокай звілістай цясніне, перасякае Сычуаньскую катлавіну, упадае ў р. Янцзы каля г. Ібінь. Сярэдні расход вады больш за 3 тыс. м³/с, летнія паводкі. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Пачатак суднаходства ад г. Чэнду; рака на ПдУ Кітая. Даўж. 577 км, пл. бас. 60,8 тыс. км². Цячэ ў адгор’ях гор Уішань, упадае ў Тайваньскі праліў, утварае эстуарый. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2 тыс. м³/с, макс. (летам) — да 30 тыс. м³/с. Густая сетка арашальных сістэм. ГЭС. У ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Наньпін, у эстуарыі — марскі порт Фучжоў.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),

уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс. чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і портг. Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс. чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.

Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.​Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).

З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЙРУ́Т,

горад, сталіца Лівана. Размешчаны на скалістым п-ве на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. 1,1 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Порт (вываз цытрусавых, яблыкаў, аліўкавага алею, шоўку-сырцу, воўны). Праз Бейрут ідзе транзітны гандаль краін Б. і Сярэдняга Усходу з Еўропай і інш. рэгіёнамі. Прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр Лівана. У Бейруце і яго прыгарадах каля 70% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. Тэкст., харч., гарбарная, нафтаперапр., цэм., металаапр. прам-сць. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Музеі: Нац. музей Лівана, прыгожых мастацтваў, амер. ун-та.

Вядомы з 15 ст. да нашай эры пад назвай Берыт, горад і порт Фінікіі. У 3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры значны гандл.-рамесны цэнтр, меў аўтаномію і права чаканіць манету. З 635 у складзе Арабскага халіфата. У 1110—1291 (з перапынкам) пад уладай крыжаносцаў, у 14—15 — егіп. мамлюкаў. У 1516—1918 у складзе Асманскай імперыі. Пры эміру Фахр-ад-дзіне II (1590—1635) сталіца створанай ім незалежнай ліванскай дзяржавы, рэзідэнцыя эміра. У 1920—43 адм. цэнтр падмандатнага Францыі Лівана. З 1943 сталіца Ліванскай Рэспублікі. У 1952—75 фін. і банкаўскі цэнтр Б. Усходу. Моцна пацярпеў у час працяглай грамадз. вайны (1975—90).

У горадзе захаваліся рэшткі фінікійскіх, рымскіх і візант. збудаванняў. Сярод арх. помнікаў сярэднявечча мячэць Амара (Джамі аль-Амары, перабудавана ў 1291 з царквы Іаана Хрысціцеля) і «Палацавая мячэць» (пач. 16 ст.). Сучасны Бейрут — з прамымі вуліцамі, шырокай набярэжнай і 3 гал. плошчамі, забудаваны шматпавярховымі дамамі (арх. А.​Табет і інш.). У паўн. частцы горада — атэлі «Сен-Жорж» і «Фінікія», будынак Мін-ва юстыцыі, стадыён на 100 тыс. гледачоў і інш. За 25 км ад Бейрута — палац Бейт-эд-дзін, аздоблены мармурам і размалёўкай (19—20 ст.).

Бейрут.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКУ́,

горад, сталіца Азербайджана. Размешчаны на Пд Апшэронскага п-ва. 1757 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел. Порт на Каспійскім м. Паромная пераправа Баку—Краснаводск. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1967). Нафта- і газаздабыўная (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён), нафтаперапр., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, каўстычнай соды і інш.), машынабуд. і металаапр. (нафтавае абсталяванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і быт. машынабудаванне; судна-, вагона- і аўтарамонт), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая), харч. прам-сць. ДРЭС. АН Азербайджана. 13 ВНУ (у т. л. Азерб. ун-т). 6 тэатраў, 28 музеяў.

Упершыню ўпамінаецца як горад у 9—10 ст. Ужо тады ў Баку здабывалі нафту. З 2-й пал. 12 ст. рэзідэнцыя шырваншахаў, значны порт. У 1540 захоплены войскамі Сефевідаў дзяржавы, з канца 16 ст. пад уладай Турцыі, на пач. 17 ст. — Ірана. У час Персідскага паходу 1722—23 заняты рус. войскамі, у 1735 вернуты Ірану. З 1747 цэнтр Бакінскага ханства. У 1806 далучаны да Расіі. У 1918—20 у Азербайджане, у т. л. ў Баку, ішла жорсткая барацьба за ўладу (гл. Бакінская камуна, Бакінскія камісары, Цэнтракаспій і інш.). З 1920 сталіца Азербайджана.

Стараж. частка Баку з вузкімі вулачкамі ў 12 ст. была абнесена сценамі з ровам; на яе тэр. — мінарэт Сынык-Кала (1078—79), Дзявочая вежа, Шырваншахаў палац, мінарэт Джума-мячэці (14 ст.) і інш. У Бакінскай бухце — затоплены замак шырваншахаў (1235), захаваўся манум. фрыз з надпісамі, стылізаванымі выявамі людзей, жывёл, фантаст. істот. У 1810 вакол стараж. часткі пачалася рэгулярная забудова. Будынкі 2-й пал. 19 ст. маюць эклектычны характар. У 1950—80 рэканструяваны стараж. раёны, сфарміраваны новы цэнтр горада і плошчы, пабудаваны Дом урада (1952), комплекс будынкаў Акадэміі навук (1951—66), цырк (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978), Палац радасці «Гюлістан» (1980), паштамт (1982), станцыі метрапалітэна і інш. Помнікі Нізамі, Фізулі і інш.

Баку.
Да арт. Баку. Помнік паэту Фізулі. Скульпт. Т.​Мамедаў, О.​Эльдараў, арх. Г.​Мухтараў. 1962.

т. 2, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНА́Р ((Bernardt) Сара) (22.10.1844, Парыж — 26.3.1923),

французская актрыса. Скончыла драм. клас Парыжскай кансерваторыі (1862). Працавала ў т-рах «Камеды Франсэз» (1872—80), «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Адэон», узначальвала т-ры «Рэнесанс» (з 1893), «Тэатр Сары Бернар» (1898—1922). У яе творчасці віртуознае майстэрства, вытанчаная тэхніка, маст. густ часта спалучаліся з наўмыснай эфектнасцю ігры. Сярод лепшых роляў: донья Соль («Эрнані» В.​Гюго), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» Дзюма-сына), Тэадора («Тэадора» Сарду), прынцэса Мара, герцаг Рэйхштацкі («Прынцэса Мара» і «Арляня» Э.​Растана), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Ларэнцача («Ларэнцача» А. дэ Мюсэ). З 1880-х г. выступала ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, у т. л. ў Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Моя двойная жизнь: Мемуары. М., 1991.

Літ.:

Кугель А. Театральные портреты. Л.;

М., 1967. С. 320—327.

С.Бернар.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),

паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗпорт Дарвін.

т. 1, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕНЦЬЯ́Н,

горад, сталіца Лаоса. Размяшчаецца на левым беразе р. Меконг каля мяжы з Тайландам. Вылучаны ў асобную адм. адзінку на правах правінцыі. 442 тыс. ж. (1990). Рачны порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пераважае саматужная прам-сць: рысаачышчальныя, гарбарныя, бавоўнавыя, шаўковыя, мэблевыя прадпрыемствы; мастацкія рамёствы. Буйны рынак драўніны цвёрдых парод, каўчуку, баваўняных, шаўковых, лакавых вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. помнікі: манастыры-храмы 16—19 ст., ват Ін-Пенг, каралеўскі ват Фра-Кеа (1565), ват Сісакет (1820), комплекс свяцілішчаў, каралеўскі палац і інш.

Засн. ў 13 ст. У 16 — пач. 18 ст. сталіца (з перапынкамі) лаоскай дзяржавы Лансанг, у 1707—1828 — княства В’енцьян. У 1827—28 разбураны сіямскімі войскамі. З 1899 адм. цэнтр т.зв. Франц. Лаоса. У 1946—75 сталіца каралеўства Лаос, з 1975 — дзяржавы Лаос.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),

англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп. «Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.

М.​К.​Багадзяж.

Ф.Дрэйк.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЯ́НЬ,

рус. Дальні, горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. Уваходзіць у адм. раён Люйда. 1,7 млн. ж. (1990). Буйны порт у зал. Даляньвань Жоўтага м., на паўд. канцы п-ва Гуаньдун. Знешнегандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т. л. судны), хім., нафтаперапр., электронная, буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Рыбалавецкая база.

Першапачаткова рыбацкі пасёлак Цыніва. З 1860 наз. Д. Расія, атрымаўшы ў часовую арэнду ч. тэр. Кітая, у 1899 пабудавала на месцы пасёлка канцавую станцыю Усх.-Сіб. чыгункі і пераназвала яго Дальні. У 1904—45 акупіраваны Японіяй. У жн 1945 вызвалены Сав. Арміяй. Паводле сав.-кіт. дагавора 1945 кіт. ўрад прызнаў Д. свабодным портам. Прыстані і складскія памяшканні порта былі перададзены на 30 гадоў у арэнду СССР. У 1950 уся маёмасць бязвыплатна перададзена Кітаю.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАПУ́ТУ (Maputo),

горад, сталіца Мазамбіка. Знаходзіцца на Пд краіны. Адм. ц. правінцыі Мапуту. 2212 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт чыгунак у глыб мацерыка. Буйны порт у бухце Дэлагоа Індыйскага ак. (вываз бавоўны, цукру, сізалю, копры, драўніны, фруктаў), адыгрывае важную ролю ў знешніх сувязях Паўд.-Афр. Рэспублікі і Свазіленда. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., маш.-буд., металаапр., дрэваапр., нафтаперапр., хім., цэм., керамічная, абутковая, тэкстыльная. Ун-т. Музеі. Бат. сад.

Засн. ў 1721 як нідэрландская факторыя. З 1760 партуг. горад Ларэнсу-Маркіш. Хуткае развіццё М. пачалося пасля 1895, калі праз горад прайшла чыгунка з Трансвааля. З 1907 адм. ц. партуг. калоніі Мазамбік, з 1975 сталіца незалежнай дзяржавы. У 1975—76 наз. Кан-Фума, з 1976 сучасная назва. Прыморскі курорт.

Мапед «Верхавіна-3».

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)