міжурадавыя арганізацыі па эканам., сац., культ. і інш. гуманітарных галінах, створаныя на аснове міжнар. дагавора і звязаныя з ААНміжнар. пагадненнямі. Іх сувязь з ААН разглядаецца як фактар, закліканы вызначаць такі кірунак дзейнасці дадзенай установы, які адпавядае асноватворным мэтам і прынцыпам ААН. Тым не менш С.ў. ААН — самаст.міжнар. арг-цыі. Структура, кампетэнцыя і інш. пытанні арганізацыі С.у. ААН вызначаны ў міжнар.-прававым парадку дагаворамі, пагадненнямі або ўстаноўчымі актамі, рэгламентамі дзейнасці іх органаў. Істотнае значэнне для дзейнасці С.у. ААН мае Канвенцыя аб прывілеях і імунітэтах С.у. ААН, зацверджаная Ген. Асамблеяй ААН 21.5.1947. Да С.у. ААН поўнасцю прыдатны палажэнні Статута ААН аб суверэннай роўнасці дзяржаў-членаў, аб іх найгалоўнейшых абавязках «развіваць сяброўскія адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў...».
На 1.1.2001 існуе 15 С.у. ААН: Сусветны паштовы саюз, Міжнародны саюз электрасувязі, Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Сусветная метэаралагічная арганізацыя, Міжнародная марская арганізацыя, Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыяААН, Сусветны банк (уключае Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця і Міжнародную фінансавую карпарацыю), Міжнародную асацыяцыю развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця, Міжнародную арганізацыю працы, Арганізацыю Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКВЕ́ЦЦЕ,
парастак (сістэма парасткаў), на якім знаходзяцца кветкі. Уласцівы большасці кветкавых раслін. Па ступені разгалінавання адрозніваюць С. простыя і складаныя. У залежнасці ад тыпу галінавання і парадку распускання кветак простыя С. падзяляюць на батрычныя (бакакветныя), або рацэмозныя (монападыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад асновы да верхавінкі — галоўка, гронка, катах, каташок, колас, парасонік, шчыток), і цымозныя, верхакветныя (сімпадыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад верхавінкі да асновы — просты плеяхазій, дыхазій і манахазій). Складаныя С. бываюць аднародныя (напр., складаная гронка, складаны колас), разнародныя (спалучэнне розных тыпаў С. у межах адной групы — батрычнай або цымознай — напр., мяцёлка з каласкоў, дыхазій з манахазіяў) і змяшаныя (камбінацыя батрычных і цымозных С., напр., плеяхазій з кошыкаў, парасонік з манахазіяў). Колькасць кветак у С. ад 1—3 (напр., у гароху) да некалькіх дзесяткаў тысяч (у некат. відаў агавы), даўж. — да 12 м (напр., у пальмаў роду каламус). Будова С. мае значэнне ў сістэматыцы раслін: яна адлюстроўвае кірункі эвалюцыі блізкіх у сістэм. адносінах груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТЛУМАЧА́ЛЬНЫ СЛО́ЎНІК БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ»,
першы ў гісторыі бел. лексікаграфіі. Створаны ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі пад агульнай рэд. К.К.Атраховіча (Кандрата Крапівы). Выдадзены ў 5 тамах у 1977—84 выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Тлумачыць значэнні слоў і фразеалагічных зваротаў, вызначае іх унармаванае ўжыванне, вымаўленне і напісанне. Яго асн. задачы — адлюстраванне лексіка-семантычнага стану бел.літ. мовы ад пач. 20 ст. да 1970-х г., садзейнічаць далейшай нармалізацыі бел.літ. мовы і павышэнню маўленчай культуры бел. народа, служыць крыніцай для даследчыкаў пры вывучэнні лексічных сродкаў блізкіх па паходжанні моў. У ім змешчана больш за 105 тыс. слоў, фразеалагічных і тэрміналагічных выразаў. Лексічны матэрыял падаецца ў алфавітным парадку. Уключаны тэрміны, што ўвайшлі ў падручнікі сярэдняй агульнаадукацыйнай школы або часта ўжываюцца ў перыяд. друку і навук.-папулярнай л-ры; агульнаўжывальная лексіка і фразеалогія, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх жанрах і стылях сучаснай бел.літ. мовы; новыя словы, засвоеныя шырокім колам грамадскасці; іншамоўныя словы, архаізмы і гістарызмы. Кожнае слова забяспечана грамат., стылістычнай і акцэнталагічнай характарыстыкамі, ілюстрацыйным матэрыялам (цытатамі з маст., навук. і публіцыстычнай л-ры). Да слоў іншамоўнага паходжання даюцца этымалагічныя даведкі. Не даюцца ўстарэлыя і вузкадыялектныя словы, індывідуальныя неалагізмы, складаныя прыметнікі (што пішуцца праз злучок), прыслоўі з прыстаўкай «па-», літарныя абрэвіятуры.