«ДАРО́ЖКА»,

бел. нар. масавы танец, блізкі да карагода. Выяўлены ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. У аснове харэаграфічнай кампазіцыі прамыя лініі з перастраеннямі. Памер 2-дольны, тэмп умераны. Сцэнічны варыянт створаны ў канцы 1940-х г. балетмайстрам Я.​Хацілоўскім (паст. самадз. танц. ансамблем у Смаргоні).

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛА́ЕЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 7.6.1932, Масква),

артыст цырка. Нар. арт. СССР (1989). У цырку з 1944. З 1949 дрэсіроўшчык коней і наезнік. У 1960—75 выступаў з Л.​Котавай. Выконвалі конна-балетную сюіту «Штраусіяна», сюжэтную кампазіцыю «Руская бярозка». З 1985 кіраўнік цыркавога коннага атракцыёна аб’яднання «Саюздзяржцырк» (з 1992 «Расдзяржцырк»).

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РЫН (Усевалад Уладзіміравіч) (1893—1942),

бел. жывапісец, педагог. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1910-я г.). Жыў і працаваў у Гомелі, выкладаў у сярэдніх навуч. установах (1919—40) і Доме нар. творчасці (1930-я г.). Аўтар твораў «Эцюд» (1927), «Піянеры» (1930), «Дрэва» (1937), «Нацюрморт» (1940).

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮ́ЗЯ,

у бел. нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХО́ДНЯ»

(«Pochodnia»),

газета, орган Наркамата асветы Літ.-Бел. ССР. Выходзіла ў сак. 1919 у Вільні на польск. мове. Друкавала матэрыялы па пытаннях развіцця нар. асветы, навукі, мастацтва ў рэспубліцы, дзейнасці культ.-асв. устаноў, змяшчала дырэктывы і пастановы Наркамасветы Літ.-Бел. ССР. Выйшлі 2 нумары: ад 16 і 31.3.1919.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗАВА́НЫ НАБО́Р РАБО́ЧЫХ,

планавае міжгаліновае і тэрытарыяльнае пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў у б. СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі для забеспячэння патрэб нар. гаспадаркі ў рабочай сіле і для працаўладкавання грамадзян. Ажыццяўляўся спец. дзярж. органам. Рабочыя арганізаванага набору мелі льготы, накіроўваліся пераважна на новабудоўлі. З Беларусі да 1941 па арганізаваным наборы рабочых накіравана 1 млн. 629 тыс. чал. (пераважна сельскага насельніцтва) на лесанарыхтоўкі, у рыбную прам-сць, у Данбас, на будоўлі Масквы, Ленінграда і інш. За 1944—76 арганізаваны набор рабочых склаў 588,4 тыс. чал., найб. інтэнсіўны ён быў у 1950—53. У 1956—66 з БССР на асваенне цалінных зямель накіравана больш за 48 тыс. сем’яў (каля 179 тыс. чал.). У 1961—71 штогодні набор зменшыўся больш як у 5 разоў. З фарміраваннем рыначнай эканомікі забеспячэнне нар. гаспадаркі рабочай сілай адбываецца праз рынак працы.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКУЛА́БАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Баркулабаўская хроніка, Баркалабаўскі летапіс,

помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.​Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.

В.​А.​Чамярыцкі.

Старонка Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЗДО́ВІЧ (Францішак) (1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),

жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел. нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял. мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.

М.​Ф.​Раманюк, М.​М.​Яніцкая.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЮ́К (Павел Паўлавіч) (10.12.1892, Гродна — ?),

паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1915). З 1909 нам. старшыні Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1915 адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны ў Вільні. У 1917 уваходзіў у БСГ, потым у Бел. нар. партыю сацыялістаў; нам. старшыні Бел. нац. к-та ў Мінску. З кастр. 1917 чл. выканкомаў Вял. бел. рады і Цэнтр. бел. вайсковай рады. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР, у 1918 у складзе Нар. сакратарыята Беларусі. У 1919 чл. Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. У 1919—20 узначальваў Бел. вайсковую камісію. З восені 1920 старшыня Бел. паліт. к-та ў Варшаве. Падтрымаў ваен. акцыю С.​Н.​Булак-Балаховіча на Беларусі. У 1921 стварыў паланафільскую арг-цыю «Беларуская краёвая сувязь». У 1920-я г. працаваў адвакатам у Навагрудку. Далейшы лёс невядомы.

С.​С.​Рудовіч.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)