АЛА́НІЯ,

дзяржава аланаў у цэнтр. ч. Паўн. Каўказа ў пач. 10 — 1-й пал. 13 ст. Вылучылася з Хазарскага каганата. Гал. горад — Магас. На чале дзяржавы — цар (найб. вядомы Дургулель — візант. васал у 1-й пал. 11 ст.). У 10—12 ст. Аланія — адзін з найб. магутных саюзнікаў Візантыі. З 12 ст. Аланія — хрысц. краіна. Сепаратызм радавой арыстакратыі пры пераемніках Дургулеля аслабіў Аланію. Як самаст. дзяржава перастала існаваць пасля сутыкненняў з мангола-татарамі ў 1222 і 1238.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́ЛІЯ (грэч. Anatolē, тур. Anadolu),

у старажытнасці назва М. Азіі. Уваходзіла ў склад Хецкай дзяржавы, з 4 ст. да н.э. — у імперыю Аляксандра Македонскага, з 2 ст. да н.э. ў Рым. імперыі, потым да 11 ст. ў Візантыі, у 11—14 ст. у дзяржаве сельджукаў. У 14—15 ст. заваявана туркамі асманамі. У Асманскай імперыі Анатолія — правінцыя на З М. Азіі з цэнтрам у г. Кютах’я. З 1920-х г. Анатоліяй называецца ўся азіяцкая частка Турцыі.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГРЫ,

адно з плямён палабскіх славян. Каля 600 г. н.э. засялілі тэр. сучаснай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн (Германія) паміж Кільскай і Любекскай бухтамі — т.зв. Вагрыю (цэнтр — Старград). Уваходзілі ў склад дзяржавы бодрычаў. У час экспансіі на У герм. кароль Атон I

заснаваў тут у 948—968 місіянерскае епіскапства Ольдэнбург (знішчана паўстанцамі-ваграмі ў 983). У 1138—39 Вагрыя заваявана ням. графствам Гольштэйн; вагры былі вынішчаны ці анямечаны. Крыніца па гісторыі ваграў — «Славянская хроніка» свяшчэнніка Гельмальда з Босаў.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛО́ТЫ,

земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,

навукова-культурная арг-цыя бел. эміграцыі ў Іспаніі. Дзейнічаў у 1952—60 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры ў Мадрыдзе. Старшыня — прынц Тодар Ляскарыс Камнена, арганізац. працу вёў У.​Рыжы-Рыскі. Асн. кірункі дзейнасці: развіццё і пашырэнне навук. даследаванняў па гісторыі і сучаснасці бел. дзяржавы, прапаганда ведаў пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. Для працы запрашаліся бел. навукоўцы, якія друкавалі вынікі сваіх распрацовак у ісп. час. «Oriente» («Усход»).

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫФІКА́ЦЫЯ (лац. codificatio) заканадаўства, форма сістэматызацыі заканадаўства, якая заключаецца ў стварэнні новага зводнага кадыфікацыйнага акта на аснове перапрацоўкі дзеючых норм, выключэння з іх супярэчнасцей і недахопаў, адмены неэфектыўных і ўстарэлых норм. У выніку замест вял. колькасці юрыд. нарматыўных дакументаў ствараецца адзіны зводны акт, чым дасягаецца большая дакладнасць і эфектыўнасць у прававым рэгуляванні. К. можа быць усеагульная (пераглядаецца ўсё заканадаўства дзяржавы), галіновая (перапрацоўваюцца нормы пэўнай галіны заканадаўства), спецыяльная (пераглядаюцца нормы якога-н. прававога інстытута). Гл. таксама Кодэкс, Інкарпарацыя.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́МАЎ,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Разанскай вобл., на левым беразе р. Ака. Засн. ў 1152, да 1471 Гарадзец-Мяшчэрскі, з сярэдзіны 15 ст. да 1681 цэнтр Касімаўскага царства (у складзе Рус. дзяржавы). 37,9 тыс. ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. Чыг. станцыя (за 8 км ад К.). Сеткавязальная і аўчынна-футравая ф-кі; суднарамонтны, халадзільнага машынабудавання і інш. з-ды. Краязнаўчы музей. Мінарэт (15 ст.), мусульм. маўзалеі (16—17 ст.), цэрквы і сабор (пач. 18—19 ст.).

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),

аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ТХСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

княствы ў Індыі ў 18 — пач. 19 ст. У 1730—40-я г. з дзяржавы, створанай Шываджы і яго нашчадкамі, вылучыліся княствы Нагпур (дынастыя Бхонсле), Індур (Холкары), Гваліяр (Сіндхія), Барода (Гаэквары) і інш. Пасля разгрому афганцамі ў 1761 маратхскага войска пры Паніпаце М.к. фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі, хоць намінальна прызнавалі старшынства дынастыі пешваў (гал. міністраў). Барацьба М.к. паміж сабой стала прычынай іх паражэння ў англамаратхскіх войнах канца 18 — пач. 19 ст. і заваявання англічанамі.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАРА́ГУА (Nicaragua),

возера на тэр. дзяржавы Нікарагуа, буйнейшае ў Цэнтр. Амерыцы. Пл. 8430 км², даўж. да 160 км, шыр. да 70 км, глыб. да 70 м, узровень вагаецца па сезонах года. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне — грабене на выш. 32 м. Злучана р. Тыпітапа з воз. Манагуа, сцёк па р. Сан-Хуан у Карыбскае м. (магчыма, у старажытнасці Н. было яго залівам, бо захавалася марская фауна). Берагі нізкія, на в-ве Аметэпе аднайм. вулкан (выш. 1556 м). Суднаходства, рыбалоўства.

т. 11, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)