комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні, мэтанакіраванай змене і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў як нац. здабытку і найважнейшага кампанента навакольнага асяроддзя; састаўная частка аховы прыроды.
Прадугледжвае вывучэнне прыродных і выкліканых вытв. дзейнасцю чалавека працэсаў трансфармацыі зямель, прагназавання іх вынікаў, вызначэнне кірункаў і мер па ахове глебаў як вядучай праблеме аховы зямель, планаванне экалагічна бяспечнага гасп. выкарыстання зямельных рэсурсаў у мэтах прамысл. і с.-г. вытв-сці, навуковае абгрунтаванне сістэм земляробства, утварэнне сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, спец. землеахоўнае інж.буд-ва, кантроль за забруджваннем зямель, выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш. Ажыццяўляецца праз уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва і інш.
На Беларусі ахова зямель — канстытуцыйны абавязак землекарыстальнікаў, канкрэтызаваны і ўвасоблены ў адпаведных нормах і палажэннях зямельнага заканадаўства, а таксама ляснога, воднага і інш. Па асобных пытаннях аховы зямель дзейнічаюць спец. пастановы і нарматыўныя акты. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове зямель ажыццяўляе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы зямель даследуюцца ў Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі, Бел.рэсп. праектным ін-це па землеўпарадкаванні і інш. Па выніках навук. распрацовак складзена ген. схема выкарыстання зямельных рэсурсаў рэспублікі на бліжэйшую і далёкую перспектыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЛЕ́ЎСКІ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 16.11.1888, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — снеж. 1942),
бел.паліт. грамадскі і рэліг. дзеяч. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). У сак. 1917 абраны ў Бел.нац.к-т. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. Пасля абвяшчэння БНР (сак. 1918) уваходзіў у склад яе Рады. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»).
Выкладаў у Нясвіжскай бел. семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага пав. У 1925 і 1927 арыштаваны польск. ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні. У 1930 пераклаў на бел. мову Новы запавет (выд. ў Вільні ў 1939). Выступіў з ініцыятывай стварэння Бел.нац. фронту. Выдаваў газ. «Беларускі фронт». З пач. 2-й сусв. вайны пераехаў у Каўнас, у 1940 — у Варшаву. У чэрв. 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Бел.нац.цэнтр. З вер. 1941 у Мінску, супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі, быў гал. школьным інспектарам пры ген. камісарыяце Беларусі, уваходзіў у гал. раду Беларускай народнай самапомачы, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі бел. патрыятычных сіл. У ноч на 24.12.1942 арыштаваны гітлераўцамі і закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены ў 1793 Рас. імперыяй і Прусіяй у змове з кансерватыўнай арыстакратыяй Рэчы Паспалітай, якая была незадаволена рэформамі Чатырохгадовага сейма 1788—92 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Апазіцыя стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю (1792) і папрасіла Кацярыну II дапамагчы аднавіць перадсеймавую сістэму кардынальных правоў. 11.5.1792 Кацярына II увяла на Беларусь і Украіну 73-тысячнае войска на чале з ген.-аншэфам М.М.Крачэтнікавым. Войску ВКЛ у баях пад Мірам 10 чэрв., Крамянцом і Брэстам 24 ліп. не ўдалося стрымаць наступ рас. арміі. 23.1.1793 Расія і Прусія заключылі ў Пецярбургу тайную канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзбр. супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай. 27.3.1793 яны абвясцілі акты аб падзеле вызначаных долей (разам 308 тыс.км²). Прусія анексіравала частку Мазовіі, Кракаўскае ваяв., амаль усю Вял. Польшчу, г. Гданьск, Торунь, Расія — Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Мінскага ваяв., Аршанскага пав., якія засталіся пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, частку Навагрудскага, Брэсцкага і Віленскага ваяв. (да лініі Друя—Пінск з г. Барысаў, Мінск, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск; усяго 250 тыс.км² з 13 млн.ж.). Караля польскага і вял. князя ВКЛ Станіслава Панятоўскага прымусілі падтрымаць Генеральную канфедэрацыю і склікаць Гродзенскі сейм 1793, які ратыфікаваў трактаты з Расіяй і Прусіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),
палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал.паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).
Літ.:
Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;
Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е гМ., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁНАК (Уладзімір Васілевіч) (н. 3.3.1942, в. Белае Крупскага р-на Мінскай вобл.),
савецкі касманаўт. Ген.-палк. авіяцыі (1993). Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд.ваен.н. (1985), праф. (1991). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.А.Гагарына (1976), Ваен. акадэмію Генштаба (1984). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. З 1984 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, з 1986 у ВПС. З 1988 у Ваен. акадэміі Генштаба, з 1991 нач.Цэнтр.НДІавіяц. і касм. тэхнікі Мін-ва абароны Расіі. З 1992 нач.Ваен.-паветр.інж. акадэміі імя М.Я.Жукоўскага. 9—11.10.1977 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-25» (як камандзір); 15.6—2.11.1978 з А.С.Іванчэнкавым — на КК «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», К.К «Саюз-30», з П.І.Клімуком і М.Гермашэўскім, «Саюз-31» з В.Ф.Быкоўскім і З.Енам; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31»); 12.3—26.5.1981 з В.П.Савіных — на КК «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.А.Паповым і Д.Прунарыу). Правёў у космасе 216,38 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач.артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач.Гал.артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.
Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АЛІМПІ́ЙСКІ КАМІТЭ́Т (НАК),
нацыянальная арг-цыя, якая прадстаўляе краіну ў міжнар.алімпійскім руху. Стварэнне НАК. прадугледжваецца алімпійскай хартыяй у краінах і на асобных тэрыторыях. Садзейнічае развіццю алімп. руху і аматарскага спорту, наглядае за захаваннем алімп. прынцыпаў у краіне, забяспечвае ўдзел спартсменаў нац. каманд у Алімпійскіх гульнях. Стварэнне НАК і прызнанне яго Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК.) — умова допуску нац. каманд да ўдзелу ў Алімп. гульнях. НАК аб’ядноўвае 5 і больш нац. федэрацый па алімпійскіх відах спорту (федэрацыі ўваходзяць у адпаведныя міжнар.спарт. аб’яднанні). У НАК уваходзяць члены МАК краіны, кіраўнікі нац.спарт. федэрацый па алімп. відах спорту, прадстаўнікі краіны ў міжнар.спарт. аб’яднаннях, дзеячы фіз. культуры і спорту (згодна з уставам МАК). НАК карыстаецца алімпійскай сімволікай. У 1968 (Мехіка) створаны пастаянная Ген. асамблея НАК і аб’яднанне еўрап. НАК (э 1979 — Асацыяцыя НАК Еўропы).
На Беларусі НАК створаны 22.3.1991, прызнаны МАК 21.9.1993. Першы прэзідэнт НАК У.М.Рыжанкоў (1991—96), з 1997 А.Р.Лукашэнка. Вышэйшы орган — алімп. сход. Паміж сходамі працуе выканком (на чале з прэзідэнтам НАК) і бюро выканкома. Арганізац.выканаўчую і фін.-гасп. дзейнасць ажыццяўляе сакратарыят. Працуе 11 пастаянных камісій. НАК мае прадстаўніцтвы ў кожнай вобласці рэспублікі і ў Мінску.
П.П.Рабухін.
Эмблема Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ ВО́ЛЬНЫЯ,
катэгорыя сялян на Беларусі ў канцы 18—19 ст. Былі асабіста свабодныя, прававым і маёмасным становішчам набліжаліся да дзярж. сялян. За карыстанне зямлёй плацілі падушны аброк або адпрацоўвалі. Да сярэдзіны 19 ст. пераважная большасць Л.в. запрыгонена памешчыкамі. У 1840 тыя з іх, хто жыў на казённых землях, далучаны да абшчын дзярж. сялян, прыпісаныя да гарадоў увайшлі ў склад гар. абшчын. У 1858 на Беларусі налічвалася 14,6 тыс. душ Л.в. абодвух полаў. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 колькасць іх значна вырасла за кошт пераведзеных у гэту катэгорыю абеззямеленых панскіх сялян і склала на Беларусі і ў Літве каля 100 тыс. рэвізскіх душ. Паводле закона ад 25.7.1864 Л.в. 1-га разраду (пазбаўленыя зямлі памешчыкамі пасля выдання рэскрыпта Аляксандра II віленскаму ген.-губернатару У.І.Назімаву ад 20.11.1857) надзяляліся зямлёй з правам выкупу нароўні з панскімі сялянамі. Л.в. 2-га разраду (пазбаўленыя зямлі да гэтага тэрміну) на працягу 12 гадоў заставаліся арандатарамі з паніжэннем арэнднай платы на 10%. На пач. 1880-х г. на Беларусі і ў Літве іх было каля 87 тыс. рэвізскіх душ. У выніку барацьбы за зямлю Л.в. 2-га разраду згодна з законам ад 3.6.1882 атрымалі права яе выкупу ў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. У Мінскай губ. пазямельнае ўладкаванне Л.в. было затрымана да 1903.