Сена́тар ‘член сената’ (ТСБМ). У сучаснай беларускай мове вядома з 60‑х гг. XIX ст. (Гіст. лекс., 238). Магчыма, праз рус. сена́тор ‘тс або праз польск. senator з ням. Senator ад лац. senātus ‘савет старэйшын’ ад senex ‘старац’ (Фасмер, 3, 601). Ст.-бел. сенатаръ, сонаторъ, сэнаторъ з ст.-польск. senator ад лац. senātor (Булыка, Лекс. запазыч., 24).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырабо́йня ’гумно’ (пух., Жд. 1), ’вялікая асець, гумно ў маёнтку’ (Касп., Шат.), ’вялікая будыніна ў двары, дзе стаіць малатарня’ (Варл.), ’стадола без асеці’ (Пятк. 1). Параўн. польск. syrobojnia ’месца ў адрыне для малацьбы’. Ад сыры (гл.) і біць, у значэнні ’малаціць’ (Варш. Сл.), г. зн. малаціць непадсушанае збожжа, параўн. сырамало́т, гл. Польскае слова, хутчэй за ўсё, запазычана з беларускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыраве́жка (сыравѣжка) ’сыраежка’ (Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сярж.–Яшк.). Рэкамендавана ў якасці асноўнага наменклатурнага тэрміна для называння грыбоў Russula ў беларускай мікалогіі (Сярж.–Яшк., 40), побач з ім часта ўжываюцца сураве́жка, сыраежка (гл.), якія лічацца зыходнымі. Магчыма, збліжана з сыравы, суравы (гл.), параўн. славен. surovež ’грубы’. Формы сыраве́га, сыравя́га, сыравежа ’тс’ (Сярж.) другаснага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«Маці-гераіня» (у арт. змешчаны спіс маці-гераінь па Беларускай ССР) 4/543; 7/98—105; 11/640; 12/365

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА ў музыцы,

у шырокім сэнсе — змяненне арыгінальнага нотнага тэксту муз. твора з пэўнай мэтай: прыстасаванне яго для выканання інш. складам выканаўцаў (аранжыроўка), прывядзенне ў адпаведнасць з тэхн. узроўнем пэўнага кантынгенту выканаўцаў (аблегчанае пералажэнне або, наадварот, віртуозная транскрыпцыя), стварэнне акордавага суправаджэння да аднагалосай мелодыі (гарманізацыя), мадэрнізацыя твора. Апрацоўкай называюць таксама далучэнне інстр. суправаджэння да нар. песні або яе харавое выкладанне.

Апрацоўкай нар. мелодый займаліся з канца 18 ст. многія вядомыя кампазітары (І.​Гайдн, Л.​Бетховен, І.​Брамс, М.​Балакіраў, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, А.​Лядаў і інш.). Падобныя апрацоўкі паступова вылучыліся ў самаст. муз. жанр, які атрымаў вял. развіццё ў многіх нац. кампазітарскіх школах, у т. л. ў беларускай.

С.​Г.​Нісневіч.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СТ (свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; ? — 1850 або 1854),

беларускі летапісец. З сям’і святара. З 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У 1801—04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. Быў скарбнікам, аканомам магілёўскага архірэйскага дома. У 1812 разам з архіепіскапам Варлаамам Шышацкім прысягаў Напалеону. У 1820—24 выкладаў у Полацку. З 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Аўтар «Запісак ігумена Арэста», якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.

Літ.:

Горючко П.С. К биографии игумена Ореста // Могилевская старина. 1903. Вып. 3;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985. С. 203—217.

І.​А.​Марзалюк.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЫ́ЙНА-ДЗЕЛАВЫ́ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу афіц.-дзелавых пісьмовых зносін. Вылучаюцца 3 падстылі: канцылярска-дзелавы, дыпламатычны і юрыдычны, на аснове якіх ствараюцца заканад. акты, дакументы міжнар. права і дыпламатыі, пастановы, загады, інструкцыі, статуты, вядзецца службовая перапіска і інш.

Асн. рысы стылю: жанравая, кампазіцыйная і моўная стандартызаванасць; лагічнасць, акрэсленасць і дакладнасць; разгорнутасць зместу і багацце сродкаў перадачы інфармацыі; ускладненасць сінтаксісу, пашыранасць залежных канструкцый, рубрыкацый і пераліку; высокая частотнасць аддзеяслоўных назоўнікаў, вытворных прыназоўнікаў і злучнікаў; насычанасць спец. і абстрактнай лексікай і фразеалогіяй; адсутнасць суб’ектыўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і вобразнага (пераноснага) ужывання слоў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БКЗ),

культурна-асветная арг-цыя, якая дзейнічала на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў студз. 1944 у Мінску кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды герм. акупац. улад. Кіраўнік А.​Калубовіч. Мела 4 аддзелы: музыкі — узначальваў М.​Шчаглоў (М.​Куліковіч), прапаганды і бел. культуры — У.​Дудзіцкі (У.​Гуцька), л-ры — Н.​Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.​Шукелайць. Мела на мэце аб’яднаць усе існуючыя на той час на Беларусі культ.-асв. ўстановы (тэатры, нар. дамы, б-кі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на бел. насельніцтва з мэтай прапаганды афіц. палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуніст. ідэалогіі і інш.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Маскве.

Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.​Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.​Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.​Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.​Гарэцкі, Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, М.​Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.​Астапенка, А.​Звонак, М.​Лужанін і інш.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ САВЕ́ЦКІ ТЭА́ТР.

Існаваў у Мінску з 22.12.1918 да сак. 1919. Створаны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Ф.Ждановіча і тэатр. калектыву пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У склад т-ра ўваходзілі таксама хор У.Тэраўскага і аркестр пад кіраўніцтвам Ф.​Тхожа. Рэжысёры Аляхновіч, Ждановіч. Сярод акцёраў (усяго 35 чал.): В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Р.​Жакоўскі, А.​Крыніца, М.​Міцкевіч, Л.​Навахацкая, Ч.​Родзевіч, В.​Тарасік. У рэпертуары пераважалі бел. творы: «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Кветка папараці» К.​Буйло, п’есы Галубка, Аляхновіча, А.​Чэхава, інсцэніроўкі па творах Э.​Ажэшкі і інш. Пры т-ры працавала літ. секцыя. Калектыў т-ра праводзіў культ.-асв. работу.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)