БАЯ́РСКІЯ КНІ́ГІ,

зводы імянных пералікаў па чынах прыдворных асоб Расіі (думных і вышэйшых дварцовых чыноў, стольнікаў, страпчых, маскоўскіх і выбарных дваран, дзякоў) з пазначэннем іх памесных і грашовых акладаў. Згадваюцца з пач. 17 ст. Складаліся ў Разрадным прыказе як зводныя ўлікова-акладныя дакументы. Крыніца для вывучэння памеснай сістэмы, т.зв. Гасударава двара, гісторыі рас. дваранства, генеалогіі. Захаваліся 14 баярскіх кніг (1615—91).

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ Уладзімір Пятровіч (н. 2.1.1950, Мінск),

бел. біяфізік. Д-р біял. н. (1986). Скончыў БДУ (1972). З 1973 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай біялогіі і біяфізіцы. Распрацаваў навук. асновы тэарэт. прагназавання малекулярных структур пептыдных злучэнняў і іх аналагаў з неабходным профілем біял. ўздзеяння на арганізм чалавека і жывёл.

Тв.:

Введение в теорию рецепторов. М., 1986 (у сааўт.).

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБУРЦАЎ Рыгор Аляксандравіч (23.3.1903, Пецярбург — 28.6.1955),

савецкі геафізік. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). З 1938 у Геафізічным ін-це АН СССР (з 1948 дырэктар). Асн. працы па сейсмаметрыі. Распрацаваў новыя канструкцыі сейсмографаў і стварыў іх тэорыю. Прапанаваў сейсмічныя метады (карэляцыйны метад пераломленых хваляў) для разведкі карысных выкапняў і глыбіннага зандзіравання зямной кары. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБА́Й, Дыбай,

горад у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, на ПнУ Аравійскага п-ва. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Персідскага зал. Гал. горад эмірата Дубай. 265,7 тыс. ж., з прыгарадамі 510 тыс. ж. (1991). Вузел аўтадарог, гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр раёна нафтаздабычы. Алюм. з-д, сухі док (буйнейшы ў свеце), прадпрыемствы па звадкаванні газу, аўтарамонтныя майстэрні. Ін-т нафты. Нац. б-ка.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТНЯЯ БА́БА,

у бел. нар. дэманалогіі маці жыта; жаночая паралель «гаспадара» поля — жыценя. Яе ўяўлялі ў выглядзе фантаст. жанчыны з каласамі на галаве і зоркамі па баках. У некаторых мясцінах «бабаю» называлі апошні сноп зжатага жыта, які апраналі ў жаночую кашулю, завязвалі на ім хустку, урачыста неслі ў хату і спявалі «спарышовыя» песні з пажаданнем добрага ўраджаю ў наступным годзе.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Аляксандр Аскольдавіч (н. 12.2.1957, г. Алматы, Казахстан),

бел. спартсмен (стралковы спорт). Скончыў БДУ (1986). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1977). Чэмпіён Еўропы ў камандным і бронз. прызёр у асабістым першынстве (1977, Бухарэст), чэмпіён СССР у камандным першынстве (1979). З 1986 малодшы навук. супрацоўнік Ін-та фіз.-арган. хіміі АН Беларусі. З 1996 — трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. стральбе.

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАЛІ́Т (Старац),

разьбяр па дрэве 17 ст. Манах з Оршы. Працаваў у палаце разьбяных і сталярных спраў Маск. Крамля. З вучнямі Яфімам Анціп’евым, Данілам Грыгор’евым і Ларкам Юр’евым рэзаў і залаціў стаўпы і гербы царскіх карэт, іканастасы, рызніцы, шафы, куфры, ракі для мошчаў і інш. У 1679 стварыў рэльефнае распяцце ў царкве Уваскрэсення Славушчага і малюнкі кафляных упрыгожанняў купалаў Верхняспаскага сабора Маск. Крамля.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БЕЛЬНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма размеркавання сігналаў тэлебачання па кабельных лініях сувязі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання, прыкладнога тэлебачання, службы электрасувязі, у т. л. тэлефанія, камп’ютэрныя сеткі, сродкі мультымедыя і інш. Выкарыстоўваецца для павелічэння колькасці каналаў і якасці перадачы інфармацыі. Найб. пашырана ў раёнах з высокім узроўнем прамысл. перашкод (напр., у гарадах з рознапавярховай забудовай), горных мясцовасцях і інш. Гл. таксама Відэатэлефон.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБА́НАЎ Аляксандр Міхайлавіч (н. 1.1.1948, г.п. Зэльва Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі жывёл. Д-р біял. н. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1975). З 1991 у Гродзенскім дзярж. ун-це. Навук. працы па распрацоўцы сарбентаў. і цеплалячэбных сродкаў з абязводжанага сапрапелю, фізіял. асновах выкарыстання сапрапеляў у кармленні маладняку жывёл, распрацоўцы біягенных жалезазмяшчальных прэпаратаў для прафілактыкі анеміі маладняку жывёл.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ (Karle) Джэром (н. 18.6.1918, г. Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1976). Скончыў Гарвардскі ун-т (1938). У 1943—44 удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. З 1947 у даследчай лабараторыі Ваенна-марскога флоту ЗША (Вашынгтон). Навук. працы па крышталяграфіі. Адзін са стваральнікаў прамога метаду расшыфроўкі структур крышталёў. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Г.А.Хаўптманам).

Б.​В.​Корзун.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)