ГРО́ДЗЕНСКАЯ АПТЭ́КА-МУЗЕ́Й.
Адкрыта 23.7.1996 у Гродне навук.-вытв. кааператывам «Біятэст» у будынку б. езуіцкай аптэкі (пабудаваны ў 1709, з 1988 помнік гісторыі рэсп. значэння). У музейнай экспазіцыі (пл. 50 м², каля 1 тыс. экспанатаў) паказана гісторыя старэйшай аптэкі Беларусі, створанай езуітамі ў 1687 (першы аптэкар І.Цішкевіч). У аптэцы працавалі вядомыя фармацэўты і грамадскія дзеячы: Ж.Э.Жылібер, І.В.Адамовіч (доўгі час аптэка насіла яго імя), А.Р.Троп-Крынскі і інш.
Літ.:
Дорошкевич Н.А., Игнатович Ф.И. Концепция и модель создания первой в Беларуси аптеки-музея // Исторические аспекты и современные проблемы сестринского движения на Гродненщине. Гродно, 1996.
Ф.І.Ігнатовіч.
т. 5, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ.
Дзейнічаў у Гродне ў 1909—14. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нац. свядомасць моладзі. Кіраўнікі: ксёндз Ф.Грынкевіч, да студз. 1912 К.Колышка, з восені 1913 А.Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясц. школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газ. «Наша ніва», бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», бел. кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та і інш. Члены гуртка займаліся літ. творчасцю (З.Верас, Я.Лявіцкі, Колышка), збіралі б-ку бел. выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі.
А.М.Пяткевіч.
т. 5, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКІН Вячаслаў Уладзіміравіч (н. 22.9.1925, Масква),
рускі рэжысёр. Скончыў акцёрскі (1947) і рэжысёрскі (1955) ф-ты Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Працаваў у бел. т-рах імя Я.Коласа (1955—59) і Я.Купалы (1961—62). Яго пастаноўкі вызначаліся дасканала распрацаванымі характарамі: «У добры час!» В.Розава (1955), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1956), «Тры салаўі, д. 17» Д.Дабрычаніна, «Калі цвіце акацыя» М.Віннікава і «Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка (усе 1957), «Тайфун» Цао Юй (1958), «Трэцяе жаданне» Б.Блажака (1961), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962) і інш. З 1962 у Маскве, вядомы як рэжысёр тэлеспектакляў дэтэктыўнага жанру.
т. 3, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСІЛО́ЎСКІ Яўген Рыгоравіч (12.11.1905, г. Растоў-на-Доне — 1981),
казахскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў прафес. жанраў у каз. муз. мастацтве. Нар. арт. Казахстана (1936). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931). З 1944 выкладаў у Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1955 праф.). Аўтар першых каз. опер («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Ер-Таргын», 1937; «Гвардыя, уперад!», 1942; «Дударай», 1953), сімфоній (у т. л. 6-й «Курмангазы», 1965), кантаты, вак.-сімф., камерных, інстр. твораў. У ліку яго вучняў К.Кужам’яраў, Е.Рахмадыеў, М.Тулебаеў. Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Казахстана (1939—53). Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Казахстана 1967.
Літ.:
Ерзакович Б. Аксакал казахской музыки // Композиторы Казахстана: Сб. очерков. Алма-Ата, 1982. Вып. 2.
т. 3, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛЕР Сямён Яфімавіч (Хаймавіч; 15.6.1909, г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 21.5.1983),
фізікахімік і біяфізік. Праф. (1846). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1930), працаваў у ім і адначасова ў розных НДІ АН СССР. Навук. даследаванні па біяарган. хіміі і малекулярнай біялогіі. Распрацаваў статыстычную тэорыю ланцуговых малекул з абмежаванай гнуткасцю (разам з Я.І.Фрэнкелем; 1939), тэорыю глабулярнай будовы бялку (разам з Д.Л.Талмудам; 1945), тэорыю храматаграфіі многавалентных іонаў на палімерных сарбентах (1950—55). Аўтар кніг «Радыеактыўныя элементы» (1949), «Фізіка і хімія макрамалекул» (1965, разам з Б.Л.Ерусалімскім).
Тв.:
Введение в молекулярную биологию. 2 изд. М.; Л., 1966;
Молекулярная биология. Л., 1973.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЫЯ́Н (Burian) Эміль Францішак (11.6.1904, г. Пльзень, Чэхія — 9.8.1959),
чэшскі рэжысёр, драматург. Нар. арт. Чэхаславакіі (1954). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1927). Аўтар 8 опер і 4 балетаў, сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да спектакляў, кінафільмаў. З 1929 выступаў як рэжысёр драм. т-ра. Заснаваў у Празе т-р «Д-34», дзе ставіў вострапаліт. спектаклі. Яго пастаноўкі адметныя разнастайнасцю жанраў, пошукамі новых выразных сродкаў, спалучэннем слова, музыкі і пластыкі. Аўтар і пастаноўшчык п’ес «Вайна» (1935), «Народная сюіта» (1938), заснаваных на нар. фальклоры. У 1941—45 у канцлагеры. Пасля вызвалення паставіў спектаклі «Швейк» паводле Я.Гашака, «Опера жабракоў» Б.Брэхта, «На дне» М.Горкага і інш.
т. 3, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 16—18 ст. Заснавана узб. ханам Мухамедам Шэйбані на месцы б. дзяржавы Цімурыдаў. Названа Бухарскім ханствам у канцы 16 ст., калі сталіцу з Самарканда перанеслі ў Бухару. Значна ўзмацнілася пры Абдуле-хане II, заваявала Ташкент, Фергану, Харэзм, Герат і інш., наладзіла гандл. і дыпламат. адносіны з Рус. дзяржавай. У час праўлення дынастыі Аштарханідаў (1599—1753) прыйшло ў заняпад, выкліканы сепаратысцкімі імкненнямі феадалаў і войнамі з Іранам, Хівінскім ханствам і інш. У 1740 Б.х. заваяваў іранскі шах Надзір. Пасля яго смерці (1747) у выніку міжусобных войнаў да ўлады прыйшлі прадстаўнікі дынастыі Мангыт. З таго часу Бухарскае ханства наз. Бухарскі эмірат.
т. 3, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ Раланд Анатолевіч (н. 12.11.1929, Масква),
рускі акцёр, кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1951). З 1960 на кінастудыі «Масфільм». З 1955 здымаецца ў кіно: «Педагагічная паэма», «Я крочу па Маскве», «Айбаліт-66» (і рэжысёр), «Служылі два сябры», «Андрэй Рублёў», «Выклікаем агонь на сябе» і «Нос» (тэлевізійныя), «Звоняць, адчыніце дзверы», «Мёртвы сезон», «Лісты мёртвага чалавека» (Дзярж. прэмія Расіі 1987) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ: «Увага, чарапаха!» (1970), «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса» (1975), «Чучала» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1986). З 1992 прэзідэнт Міжнар. фонду развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава»).
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ Іаан (царк. Іаіль; 1707, Мінскае ваяв. — жн. 1798),
бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.І.Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).
Літ.:
Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯКЕ́ТАЎ Аляксей Мікалаевіч (3.3.1862, г. Харкаў, Украіна — 23.11.1941),
украінскі архітэктар, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1941). Сын М.М.Бякетава. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885), яе акадэмік з 1894. Выкладаў у Харкаўскім буд. ін-це (з 1898 праф.). Працаваў у традыцыях рус. класіцыстычнай архітэктуры. Пабудаваў у Харкаве больш за 30 будынкаў, у т. л. забудова пл. Цевялёва (1898—1907), будынкі Зямельнага (1898) і Маскоўскага (1900) банкаў, юрыд. (1892) і с.-г. (1907—12) ін-таў, б-кі імя У.Г.Караленкі (1898), уласны дом (цяпер Дом вучоных, 1910). У 1930-я г. стварыў тыпавыя праекты жылых дамоў, школ і дамоў адпачынку для гарнякоў Данбаса.
т. 3, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)