3) адзін з участкаў будоўлі, якая ўводзіцца ў строй па частках;
4) група людзей, якія стаяць адзін за адным для атрымання чаго-н.;
5) рад выстралаў з кулямёта, аўтамата.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГІБЕРЭЛІ́НЫ,
роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАДЗЕ́ННЕ МА́ТКІ,
частковы або поўны выхад маткі за палавую шчыліну; заключная ўскладненая стадыя апушчэння сценак похвы і маткі. Бывае пры парушэнні цэласці ці тонусу мышцаў тазавага дна, расслабленні апарата, які звязвае матку і мышцы пярэдняй брушной сценкі, пры павышаным унутрыбрушным ціску. Гэтаму садзейнічаюць частыя роды дзяцей з вял. вагой, цяжкая фіз. праца, гарманальныя і дыстрафічныя парушэнні тканак. Найчасцей хварэюць пажылыя (старэй за 60 гадоў) жанчыны.
Пры няпоўным выпадзенні маткі матка з шыйкай часткова выходзіць за межы палавой шчыліны, пры поўным усё цела маткі знаходзіцца за межамі палавой шчыліны. Спалучаецца з апушчэннем мачавога пузыра і пярэдняй сценкі прамой кішкі. Выпадзенне маткі праяўляецца адчуваннем пабочнага цела ў палавой шчыліне, ацёкам, іншы раз трафічнымі язвамі шыйкі, сценак похвы і маткі, болямі і цяжарам унізе жывата, расстройствамі мочаспускання і рэфекацыі (цяжкасць ці немагчымасць мочаспускання, нетрыманне мачы і газаў). Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл.Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст.царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст.за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦКІ ДАХО́Д,
плата, якую атрымлівае прадпрымальнік за свае арганізатарскія здольнасці па аб’яднанні і выкарыстанні эканам. рэсурсаў (звычайна капіталу), гасп. ініцыятывы (інавацыі), магчымыя рызыкі страт. Утвараецца з часткі прыбытку, што застаецца ў распараджэнні прадпрымальніка пасля выплаты працэнтаў за капітал, узяты ў пазыку. Частку атрыманага прыбытку ён аддае ўласніку капіталу (крэдытору) у выглядзе пазыковага працэнта. У выніку прыбытак ад выкарыстання капіталу распадаецца на 2 часткі: працэнт і П.д. Такі падзел прыбытку спачатку распаўсюджваецца на пазыковы капітал, а з развіццём рыначных адносін — і на ўласны капітал. У эканам. тэорыі П.д. падзяляюць на нармальны і эканам. прыбытак. Да нармальнага адносяць т.зв. гарантаваны даход прадпрымальніка (заработную плату), да эканам. прыбытку — плату за рызыку, інавацыі, манапольную ўладу. Велічыня П.д. вагаецца часцей за кошт эканам. прыбытку. У рыначных умовах, калі пераважае акцыянерная форма ўласнасці, асн. формай П.д. можа быць дывідэнд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),
сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙКЕР (Baker) Майкл Ален (н. 27.10.1953, г. Мемфіс, ЗША),
касманаўт ЗША. Капітан ВМФ ЗША. Скончыў Тэхаскі ун-т (1975), школу пілотаў-выпрабавальнікаў ВМФ ЗША (1982), дзе выкладаў з 1983. З 1986 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 2—11.8.1991 на КК «Атлантыс» і 22.10—1.11.1992 на КК «Калумбія» (як пілот), 30.9—11.10.1994 на КК «Індэвар» і 12—22.11.1997 на КК «Атлантыс» (як камандзір). У космасе правёў 40,2 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі», «За выключныя заслугі», «За выдатнае кіраўніцтва», «За касмічны палёт» (4). З 1997 у Касм. цэнтры імя Л.Джонсана (у 1997—2001 нам. дырэктара па праграме пілатуемых касм. палётаў НАСА ў Расіі); адначасова ў 1998—2001 першы афіц. прадстаўнік НАСА пры Расійскім авіяцыйна-касмічным агенцтве і інш.касм. арг-цыях Расіі.