МАГІЛЁЎСКАЙ ГАРАДСКО́Й УПРА́ВЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст. ў гіст. цэнтры горада, спалучае рысы стыляў позняга класіцызму і псеўдарускага. Мураваны будынак складаецца са злучаных 2 прамавугольных у плане аб’ёмаў: 3- і 2-павярховага. Гал. тарцовы фасад карнізнымі паясамі (цягамі) падзелены на 3 ярусы: 1-ы ярус масіўны, з 4 руставанымі пілонамі, мае невял. спараныя арачныя аконныя праёмы абапал параднага ўвахода; 2-і ярус вылучае група парадных памяшканняў, вырашаны ён больш багата: паміж падвойнымі пілонамі высокія арачныя спараныя вокны-біфорыумы, аздобленыя архівольтамі, калонамі, сандрыкамі; 3-і ярус рытмічна расчлянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі, згрупаванымі па 3. Сцены завершаны высокім складаным па форме прафіляваным карнізам.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай гарадской управы будынак.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ СПЕЦЫЯЛІ́СТАЎ.

Існаваў у 1934—41 у Мінску (арх. Н.​Макляцова). Сіметрычны са складанай канфігурацыяй плана секцыйны будынак заснаваны на спалучэнні розных па вышыні аб’ёмаў: цэнтр. 6-павярховага, адсунутага ў глыбіню за чырвоную лінію забудовы, і 4-павярховых бакавых крылаў, якія ўтваралі курданёр. Па восі будынка на выш. 1—2-га паверхаў знаходзіўся скразны парадны праём у двор. Выразнасць фасадаў дасягалася верт. зашкленнем лесвічных клетак на вышыню будынка, рытмічнай групоўкай квадратных аконных праёмаў, балконаў. Дом складаўся з вуглавых і радавых секцый, створаных паводле індывід. праекта: на лесвічную пляцоўку выходзілі 2 кватэры, у якіх пакоі звязаны паміж сабой шырокім калідорам і мелі ўбудаванае абсталяванне. На 1-м паверсе размяшчаліся магазін, дзіцячы садок.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі жылы дом спецыялістаў. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,

органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз. генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,

прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.

Паралельныя прамыя.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦАВАСЛАБО́ДСКІ БОЙ 1944,

бой партызанскіх 277-га палка і 278-га атрада па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў ноч на 23.3.1944 у Вял. Айч. вайну. Партыз. разведка ўстанавіла, што ў гарнізон Пацава Слабада прыбыў на адпачынак ням. зенітны батальён 4-й танк. арміі, таму па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ВАГ І.​З.​Ізоха і нач. штаба М.​А.​Баранава быў падрыхтаваны план бою. Арганізаваўшы засаду на выпадак падыходу варожых падмацаванняў, партызаны амаль адначасова атакавалі фаш. гарнізоны ў абедзвюх вёсках, у ходзе бою спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі і жывой сілы праціўніка, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, вял. колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Партызаны страцілі 4 чал.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна

(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),

рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».

Літ.:

Назаревский Н.А. З.​М.​Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.

Л.​Л.​Збралевіч.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКА (ад англ. push штурхаць),

тып гарматы для стральбы па наземных, надводных і паветраных цэлях. П. перасягаюць усе інш. тыпы артыл. гармат (гаўбіцы, марціры, мінамёты) па далёкасці стральбы (звычайна насцільнай).

Вядома з 14—15 ст. П. наз. таксама інш. гарматы, якія паводле характарыстык з’яўляліся марцірамі, напр., «Цар-пушка» (1586; рус. майстар А.​Чохаў). Бываюць агульнага і спец. прызначэння (зенітныя, процітанкавыя і інш.). Маюць доўгі ствол (40—80 калібраў), пач. скорасць снарада да 1,5 км/с, далёкасць стральбы больш за 40 км. Для павелічэння далёкасці стральбы выкарыстоўваюць актыўна-рэактыўныя снарады. Паводле спосабу перамяшчэння адрозніваюць буксіравальныя, самарухальныя, самаходныя; могуць размяшчацца на танку, самалёце, караблі. Уваходзяць у склад танк., авіяцыйнай, карабельнай і берагавой артылерыі. Іл. гл. да арт. Артылерыя.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАХО́ЎСКАЯ Валянціна Міхайлаўна (н. 19.1.1938, Мінск),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). З 1961 выкладала ў Мінскай гар. маст. школе, у 1970—95 у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве. Працуе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Творчасці ўласцівы дакладнасць прапрацоўкі элементаў, ураўнаважанасць кампазіцыі, гармонія колеравых спалучэнняў. Сярод лепшых работ: «Снеданне» (1968), «Яблыкі» (1973), «На радзіме А.​Пашкевіч (Цёткі)» (1976), «Памяці Галі Вішнеўскай» (1978), «Свята Перамогі» (1982), «Сынам Радзімы» (1984), «Вясельны нацюрморт» (1988), дыпціх «Ушанаванне паэта» і «Сум па паэце», прысвечаны М.​Багдановічу (1991), «Лілеі маім бацькам» (1992), «Кветкі і яблыкі» (1996), «Беларускі пейзаж» (1997); габелены «Шляхі паэта» (1980), «Дарогамі асветніка Ф.​Скарыны» (1990). Аформіла кнігі Цёткі, Л.​Геніюш.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Свентахоўская. Свята Перамогі. 1982.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬМАШО́НАК Іван Майсеевіч (30.4.1902, в. Хімное, Мінская вобл. — 12.1.1976),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Канд. мед. н. (1937), дацэнт (1938). Засл. ўрач Беларусі (1948). Скончыў БДУ (1927) і працаваў у Мінску. З 1944 у Мінскім мед. ін-це (у 1950—68 заг. кафедры, у 1951—61 дырэктар), адначасова ў 1944—51 дырэктар НДІ гематалогіі і пералівання крыві. Навук. працы па пытаннях пералівання крыві, брушной хірургіі, гісторыі хірургіі. Распрацаваў спосабы аперацый па стварэнні штучнага стрававода, рэзекцыі страўніка пры пухлінах. Укараніў у практыку астэасінтэзу пры адкрытых і закрытых пераломах трубчастых касцей касцяны шпянёк.

Тв.:

Прободная язва желудка и ее лечение. Мн., 1949;

Оперативное лечение закрытых и открытых переломов. Мн., 1952;

Оперативное лечение рубцовых сужений пищевода и желудка. Мн., 1970.

т. 15, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПІ́РЫ, тапіравыя (Tapiridae),

сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. 5 вымерлых і 1 сучасны род, 4 віды: Т. горны (Tapirus pinchaque), Т. цэнтральнаамерыканскі (T. bairdi), чапрачны, або індыйскі (T. indicus), — занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП, і Т. раўнінны (T. terrestris). Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у забалочаных лясах, хмызняковых зарасніках.

Даўж. да 2 м, выш. ў карку да 1.2 м; маса да 300 кг. Тулава масіўнае. Морда заканчваецца невял. хабатком. Вочы маленькія. Ногі кароткія, тоўстыя, на пярэдніх па 4, на задніх па 3 пальцы. Скура тоўстая, з кароткімі цёмна-бурымі валасамі. Расліннаедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцянят у сярэднім раз за 15 мес. Лёгка прыручаюцца.

Э.​Р.​Самусенка.

Тапіры: 1 — цэнтральнаамерыканскі (асобна — падэшва пярэдняй нагі); 2 — чапрачны.

т. 15, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)