скупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Празмерна, да прагнасці ашчадны (пра чалавека). [Прымак:] — Ды і жонка мая скупая. У яе на чарку не выпрасіш. Шамякін. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. / у знач. наз. скупы́, ‑ога, м.; скупа́я, ‑ой, ж. Скупому рубель даражэйшы за душу. З нар.

2. Разм. Які крыху не дасягае пэўнай нормы, памеру і пад., няпоўны. Скупы кілаграм. Скупыя тры метры тканіны. □ Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлявы. Чорны. // перан. Няшчодры, ашчадны (пра прыроду і пад.). Скаціна лагодна, кожная на свой манер, вітае гаспадара простымі аднаскладовымі гукамі, што адпусціла для іх скупая прырода. Колас. Снег сышоў. Скупая паша На мурог і асаку. Маляўка. // Малы па колькасці, бедны, мізэрны. Пасля, поснага і скупога снедання хлопцы накіраваліся.. [на нядзельнік]. Чарнышэвіч. На румку засталося шмат драўніны — яе не паспелі сплавіць. Заработкі адразу сталі скупымі. Лынькоў. Ашчаджаючы скупы запас снарада, .. казакі непрыкметна зняліся з пазіцыі. Брыль.

3. перан. Недастаткова інтэнсіўны ў сваім праяўленні, дзеянні; слабы. У яго [Чарота] кучаравая галава, скупая ўсмешка і нясмелы жэст. Скрыган. Прагучэла кароткая скупая чарга. Мележ. Скупыя рыданні маці — яна ўжо выплакала ўсе вочы — на хвіліну сціхалі. Лынькоў. // Рэдкі (пра слёзы, кроплі дажджу і пад.). Дзве скупыя слязінкі скаціліся з вачэй Вацлава Незвала. Васілевіч. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, па ёй блішчалі скупыя кроплі расы. Кулакоўскі. // Недастаткова яркі (пра святло і пад.). У акно пакоя заглядвала скупое зімовае сонца. Нядзведскі. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах і падала на твар гаспадара. Шамякін.

4. перан. Недастаткова ў якіх‑н. адносінах. І за хмарамі ўначы Не задрэмле месяц ціхі, Лічыць рэбраў абручы На скупых баках ваўчыхі. Маляўка. // Кароткі (пра мову, пісьмо і пад.). Хлапец разумеў, што скупыя словы брыгадзіра і ў сотай долі не перадаюць таго, што тут было. Кулакоўскі. [Бацька] часта пісаў дадому, потым перастаў, а праз нейкі час прыйшло скупое паведамленне: загінуў смерцю адважных. Хадкевіч. З невыказным хваляваннем сачылі людзі за скупымі кінакадрамі. Шыцік.

5. на што і ў чым. Стрыманы ў праяўленні чаго‑н. А бацька.. [Каці], відаць, быў ад роду скупы на пяшчоты, ва ўсялякім выпадку яна амаль не бачыла ад яго ласкі. Гаўрылкін. Я пішу і не плачу, я стала скупою на слёзы. Куляшоў. Ты й мяне прывучыў Быць скупою ў пачуццях услых. Мацяш. [Крапіва] строгі, каменна-маўклівы, скупы на слова, на жэст, па ўсмешку. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тугі́, ‑ая, ‑ое.

1. Моцна, да адказу нацягнуты. Тугая струна. Тугі лук. □ Цяпер конь не паспяваў за .. [Засмужцам]: ішоў на тугім повадзе. Мележ. Да тугіх правадоў гуртам ластаўкі ліпнуць, Каб у родных краях Заказаць сабе гнёзды. Нядзведскі. // Шчыльна сплецены, скручаны, звіты. Тугія косы. □ Густыя .. валасы [Акіліны], сабраныя ў тугую куклу.., зусім не кранула сівізна. Вітка. // Які шчыльна аблягае, моцна сціскае (фігуру, часткі цела). Тугі каўнер. Тугі гарсэт.

2. Напоўнены, моцна напханы чым‑н. Тугі мяшок. □ З лавак падымаюцца салдаты. Абвешаныя тугімі ранцамі з парашутамі, рукзакамі і зброяй, яны падобны да казачных жыхароў невядомай планеты з фантастычнай кнігі. Жычка. // Наліты, пруткі, ядраны. Тугі колас. Тугі качан. □ А калі лісты з тугіх пупышак Вырваліся ў свет сям’ёй густой, — Ён [лось] зусім пакінуў наш зацішак, Перастаў хадзіць на вадапой. Бялевіч. [Дзяўчына] ўсміхнулася, і на тугіх маладых шчоках з’явіліся дзве прывабныя ямінкі. Ваданосаў. Заганяе [Алёша] ў капу па самы чаранок вілы, напружваецца ўсім сваім тугім, налітым сілай целам і — цэлую гару сена валіць на драбіны. Вышынскі. // Не рыхлы, крамяны. Скажы: хвала і слава тым, Хто слова даў, палі араў. Начэй нямала недаспаў, Раллі тугія камякі Зрабіў рукой мякчэй мукі. Панчанка. // Круты (пра цеста).

3. Які цяжка сціскаецца або расцягваецца, нацягваецца; пругкі. Тугая гума. Тугая спружына. // Які вызначаецца вялікай сілай; напружаны. У шыбах зашумеў, засвістаў тугі сустрэчны вецер, і нейкі час чуваць былі толькі гэты шум і свіст, толькі песня вялікай хуткасці. Палтаран. Калючая, тугая вада страляе з крана. Вялюгін. Над прыціхлай зямлёй павіс тугі гул танкавых матораў, з-за лесу паказаліся лабатыя, з вуглаватымі вежамі машыны. «ЛіМ».

4. перан. Непадатлівы або скупы на што‑н., у якіх‑н. адносінах (пра чалавека). [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое гета, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. [Афіцэр:] — Ціха! Глядзіце, каб вам не захацелася плакаць. — На плач мы тугія... — сказаў нехта з кутка. Пестрак. // Які марудна, з вялікімі цяжкасцямі ўспрымае, засвойвае што‑н. (пра разумовыя здольнасці чалавека). Нягледзячы на ўзрост — яму ўжо ішоў трэці год — хлапчук быў вельмі тугі на мову. Васілевіч.

5. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «камяк», «камок»). Які сціскае моцна горла (пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.). Горкі тугі камяк вырас у грудзях, падступіў пад горла. Навуменка. У Паўла то падкочваўся к горлу тугі камок, то яму рабілася смешна. Грахоўскі.

•••

Тугі кашалёк гл. кашалёк.

Тугі (тугаваты) на вуха — які дрэнна чуе, недачувае, глухаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Колер, які атрымліваецца пры змяшэнні чорнага і белага; колер попелу. — А хіба наш Барсік не «вучоны»? — хітравата спытала маці і паклікала з кутка пушыстага шэрага ката. Шыловіч. На фоне шэрага неба Званчэй залаціцца восень, І крык жураўліны нема Для неба сінечы просіць. Тармола. Па цёмным балоце, Дзе шэры лішайнік, .. след у чароце Забыў парушальнік. Куляшоў. // Бледны, як попел (пра твар чалавека, пра чалавека з такім тварам). Твар шэры, скулы завастрыліся, шчокі запалі, пад вачыма мяшэчкі. Хомчанка. Пятро выпусціў лейцы і ўраз абмяк, згорбіўся, твар яго зрабіўся шэрым, як запылены попелам. Шамякін. // у знач. наз. шэ́ры, ‑ага, м.; шэ́рая, ‑ай, ж. Пра жывёлу такога колеру. З-за Урала Пад Ушачы Шэрага [ваўка] Вязуць з пашанай. Барадулін.

2. Хмурны, не сонечны (пра надвор’е). Шэры, непрыветлівы дзень наганяў маркоту. Асіпенка. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Раніца выдалася шэрая, мароз паслабеў, паўднёвы вецер нёс пах блізкай адлігі. Хадкевіч. Грыша толькі цяпер заўважыў, што шэры асенні дзень пасвятлеў і ў суцэльнай пялёнцы туману сям-там віднеліся прагаліны. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. — Той сакавік усім даўно абрыд, Вятры яму хаўтурнае свісталі, І на душы быў шэры краявід З малой надзеяй вельмі на світанне. Лужанін.

3. перан. Бясколерны, бедны зместам, які не ўражвае. Нярэдка з’яўляліся малавыразныя, шэрыя творы. «Полымя». Даўні сябра галоўнага рэдактара прынёс апавяданне. Шэрае, доўгае, нецікавае. Бяспалы. Вершу б не быць неабчэсаным, шэрым І не ляжаць у пісьмовым стале, Калі б не пісалі яго на паперы, А высякалі яго — на скале. Смагаровіч. У яго [Пысіна] няма нудных і шэрых замалёвак, няма траскучых, напыш[лів]ых радкоў, няма доўгіх вершаў-вяровак. Бялевіч. // Аднастайны, будзённы, не напоўнены яркімі падзеямі. І пацягнуліся адзін за адным шэрыя, поўныя трывожнага чакання дні. Бяганская. Мінулася дзяцінства і юнацтва. А было яно шэрае, не сагрэтае ні мацярынскімі клопатамі, ні ласкай. Гаўрылкін. // Змрочны, нярадасны. Эх, агульная кватэра, І далася ты мне ў знак!.. Светлы дзень здаецца шэрым, Як мне быць, скажыце, як? Кляўко.

4. Непрыкметны знешне і ўнутрана, нецікавы. Мужчын-настаўнікаў — трое.. Астатнія — немаладыя жанчыны, шэрыя і нецікавыя. Навуменка. Нікому ніколі тут гэтая шэрая асоба не кідалася ў вочы. Чорны. // Раней — які не адносіўся да прывілеяваных класаў; просты. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец.

5. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шэры папугай. Шэрая качка.

•••

Шэрая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трубі́ць, трублю, трубіш, трубіць; незак.

1. Дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць. Трубіў пастух... З палосак Дахаты жнеі йшлі, Іх песень адгалоскі Журботаю плылі... Панчанка. Ты [партыя], як маці, схілялася, родная, Над маёю калыскай тады, Калі ў трубы трубіла паходныя, Падымаючы сілы народныя, Царскі лад руйнаваць назаўжды. Непачаловіч. // Гучаць (пра трубу). Трубы трубяць. □ Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выязджае пан на ловы. Гарэцкі. // Падаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы. Недзе на пуцях трубілі паравозы. Лынькоў. Вакол густы туман, параход увесь час трубіць. Мележ. // Ствараць нізкія, моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Дзіка трубяць ваўкі. Куляшоў. Я слухаў, Як гусі трубілі, Грымела вясны гамана, І думаў аб юнай рабіне. Калачынскі.

2. што. Гукамі трубы падаваць сігнал да чаго‑н.; выконваць на трубе што‑н. Трубіць атаку. Трубіць зару. Трубіць трывогу. □ Эй, гарніст, трубі паход! Колас.

3. што і без дап. Разм. Шмат есці. Густаў, дурніца гэты, прыносіць толькі па дванаццаць марак кожнай пятніцы — што застаецца ад аліментаў яго прыгажуні, — а хлеба трубіць шмат, і з сабой жа бярэ таксама. Брыль.

4. перан. Разм. Пісаць, весці размовы аб кім‑, чым‑н., распаўсюджваць чуткі. [Веля:] — Жыві! Але мяне не прымушай жыць так, як табе хочацца! [Яўген:] — Пэўна ж! Аб тваім жыцці цяпер увесь пасёлак трубіць! Савіцкі. // Назойліва напамінаць, гаварыць аб чым‑н. А Марыя Цітаўна, перакрыкваючы радыёлу, што грымела на ўсю хату, трубіла: «Я ж вас, дзеткі мае, усіх люблю». Гаўрылкін.

•••

Трубіць на ўвесь свет — тое, што і трубіць (у 4 знач.).

Трубіць у фанфары — паднімаць урачысты шум вакол чаго‑н., урачыста абвяшчаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улаві́ць, улаўлю, уловіш, уловіць; зак.

1. каго-што. Разм. Схапіць, злавіць каго‑, што‑н. [Хлапчук] выйшаў, улавіў за лейцы каня і накіраваў зноў на палоску. Мурашка. Улавілі [казакі] і Максіма Цёмнай ночкай у бары. І павіслі на асіне Нашы хлопцы-бунтары. Машара.

2. перан.; што. Успрыняць органамі пачуццяў тое, што слаба праяўляецца, хутка знікае. Улавіць шолах лесу. Улавіць пах кветак. □ — Ручаюся! — прамовіў я, саромеючыся, і ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі, якая, стоячы збоку, прыслухоўвалася да размовы. Карпюк. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома. Пташнікаў. Вавулін прыгледзеўся і ледзь улавіў цёмны цень фурманкі, што марудна рухалася насустрач. Лупсякоў. // Заўважыць, прыкмеціць, адчуць што‑н. У .. позірку [дзяўчыны] .. [Іван] улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Быкаў. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачыма, а адразу ўсёй істотай. Навуменка. // Зразумець, выявіць сутнасць, характэрныя рысы чаго‑н. Насця гаварыла, не павышаючы голасу, і Заранік напружваў слых, каб улавіць сэнс яе слоў. Хадкевіч. Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. // Запомніць, пераняць мелодыю, матыў і пад. Песня была новая, слоў .. [Жыгалка] не ведаў, але хутка ўлавіў матыў і цягнуў яе з натхненнем. Дуброўскі.

3. што. Сумець своечасова скарыстаць, выкарыстаць зручны час. Улавіўшы момант, калі сход можна было пачынаць, Карэцкі ўстаў з-за стала. Шахавец.

4. што. Выявіць і прыняць, зарэгістраваць якімі‑н. прыборамі. Улавіць радыёхвалю. Улавіць слабыя токі. □ Аўтаматы сейсмастанцыі ўлавілі ваганні планеты і ўключылі прыборы і асвятленне. Шыцік.

•••

Улавіць вухам — пачуць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж. ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.​І.​Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,

1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.

На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас. Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.

2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).

Літ.:

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

Н.​К.​Кліцунова.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш. Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт. працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАІО́ЗАЎ БЕЛАРУ́СІ (ФПБ),

нацыянальны прафсаюзны цэнтр; рэспубліканскае добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафесійных саюзаў, іх галіновых і рэгіянальных аб’яднанняў і асацыіраваных членаў. Створана 5—6.10.1990 на XVII з’ездзе прафсаюзаў Беларусі, які абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут. З’яўляецца правапераемніцай Бел. рэсп. савета прафсаюзаў. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган паміж з’ездамі — савет ФПБ, у перыяд паміж пленумамі савета ФПБ — яго прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абл. аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур. Асн. прынцып фарміравання кіруючых органаў ФПБ — прамое абранне на з’ездзе. На 1.1.2002 ФПБ аб’ядноўвала 32 рэсп. галіновыя прафес. саюзы, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў і 2 прафсаюзы буйных прадпрыемстваў; агульная колькасць — больш за 4 млн. членаў. Гал. задачы ФПБ — удасканаленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, абарона працоўных і сац.-эканам. правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, распрацоўка стратэгіі і тактыкі, праграмных дакументаў прафс. руху рэспублікі. Для выканання статутных мэт ФПБ выпрацоўвае ўзгодненую пазіцыю членскіх арг-цый па прац. і сац.-эканам. пытаннях, якія закранаюць правы членаў прафсаюзаў; зыходзячы з прынцыпаў сац. партнёрства ўдзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі Ген. пагаднення з урадам Рэспублікі Беларусь, аб’яднаннямі наймальнікаў па пытаннях працы, занятасці, мед. абслугоўвання і сац. страхавання, інш. пытаннях узроўню і якасці жыцця працоўных, навучэнцаў і пенсіянераў; ажыццяўляе грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, ахове працы; прадстаўляе інтарэсы прафсаюзных арг-цый у прымірэнча-арбітражных, суд. органах пры вырашэнні калект. прац. спрэчак (канфліктаў); ажыццяўляе інфарм., арганізац. і прававое забеспячэнне дзейнасці членскіх арг-цый, міжнар. супрацоўніцтва з прафсаюзамі і іх аб’яднаннямі. Адзін з гал. кірункаў дзейнасці ФПБ — абарона канстытуцыйных і прац. правоў членаў прафсаюзаў. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны многія законы, кодэксы законаў, нарматыўныя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш. сац. праграм; ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства.

У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ і галіновых прафсаюзаў значна знізіўся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве, па сутнасці спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не здолела ажыццяўляць эфектыўнае ўзаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку функцый, якія раней выконвалі, знік шэраг пярвічных прафс. арг-цый, частка арг-цый выйшла з галіновых прафсаюзаў, некат. з апошніх — з ФПБ і г.д. Пазачарговы IV з’езд прафсаюзаў (18—19.9.2002) спыніў гэтыя працэсы, абвясціў пра аднаўленне сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і ўрадам, даў пачатак абнаўленню і ўмацаванню прафсаюзнага руху ў Рэспубліцы Беларусь пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ. На з’ездзе абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. ФПБ садзейнічае стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. ФПБ з’яўляецца членам Усеагульнай канфедэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі працы, супрацоўнічае з многімі прафс. цэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі. Па яе ініцыятыве неаднаразова праводзіліся міжнар. акцыі салідарнасці з працоўнымі краін блізкага і далёкага замежжа, у абарону эканам. і сац. правоў працоўных Беларусі. Пры ФПБ утвораны унітарныя прадпрыемствы «Белпрафбуд», «Белпрафсаюзкурорт» і «Беларустурыст», Бел. спарт. клуб прафсаюзаў, вышэйшая навуч. ўстанова — Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін. ФПБ выдае газ. «Беларускі час». Старшыні нац. прафцэнтра У.​І.​Ганчарык (1986—2001), Ф.​П.​Вітко (2001-02), Л.​П.​Козік (з 2002).

т. 16, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА НЕРАЗБУРАЛЬНАГА КАНТРОЛЮ

Сістэматычныя даследаванні ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам акад. М.​С.​Акулава. Яго працы па ферамагнетызме сталі навук. асновай узаемасувязі паміж магн. і трываласнымі характарыстыкамі металаў, асновай магн. метаду неразбуральнага кантролю. Асн. задачамі галіны з’яўляюцца адкрыццё, даследаванне і выкарыстанне новых фіз. з’яў і магчымасцей для выяўлення паверхневых і ўнутр. дэфектаў, кантролю таўшчыні і адгезіі пакрыццяў, структуры і фіз.-мех. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў без іх разбурэння. У 1963 створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, які ў 1980 рэфармаваны ў Ін-т прыкладной фізікі АН Беларусі.

У наш час Ін-т прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі — галаўная навук. арг-цыя па выкананні дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў па фізіцы неразбуральнага кантролю «Дыягностыка». Выканаўцамі праграмы з’яўляюцца Ін-т механікі і надзейнасці машын, Ін-т механікі металапалімерных сістэм, Н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-т зваркі і ахоўных пакрыццяў Бел. навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі Нац. АН Беларусі, а таксама Бел. нац. тэхн. ун-т, БДУ, Бел.-рас. ун-т (г. Магілёў), Бел. ун-т транспарту і шэраг інш. ВНУ.

Атрыманы фундаментальныя навук. вынікі ў галіне фізікі магн., эл.-магн., радыёхвалевых, акустычных, капілярных і інш. метадаў неразбуральнага кантролю. Ва ўсім свеце прызнаны бел. навук. школы: па інфарм. тэхналогіях кантролю дынамічных аб’ектаў (В.​М.​Арцём’еў); па тэорыі капілярнай дэфектаскапіі (М.​П.​Мігун, П.​П.​Прахарэнка); па магн. структураскапіі і магн. вымярэннях (У.​Ф.​Мацюк, М.​А.​Мяльгуй); па стварэнні магн. палёў з зададзеным прасторавым размеркаваннем (А.​А.​Лухвіч); па магн. і эл.-магн. метадах неразбуральнага кантролю (М.​М.​Зацэпін); па неразбуральным кантролі фіз.-мех. уласцівасцей металаў і палімераў метадам дынамічнага індэнтыфікавання (В.​А.​Рудніцкі); па радыёхвалевай структураскапіі дыэлектрычных асяроддзяў (В.​А.​Міхнеў); па кантролі ўласцівасцей магнітамяккіх матэрыялаў (І.​І.​Бранавіцкі); па тамаграфічнай візуалізацыі ўнутр. будовы матэрыялаў і вырабаў (В.​Л.​Венгрыновіч); па магнітаграфічным кантролі (У.​А.​Новікаў, А.​М.​Шарова); па цеплавых метадах кантролю (У.​А.​Драгун); па стандартызацыі ў неразбуральным кантролі (У.​А.​Саламаха).

Распрацаваныя ў Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі імпульсныя магн. аналізатары мех. характарыстык укаранёны на буйнейшых металург. прадпрыемствах Расіі і Украіны (напр., «Поўначсталь», Магнітагорскі, Наваліпецкі, Марыупальскі металург. камбінаты), шэрагу прадпрыемстваў ФРГ.

Шырока выкарыстоўваюцца фіз. метады кантролю ў заводскіх лабараторыях буйнейшых прамысл. прадпрыемстваў краіны: мінскіх аўтамаб. (П.​С.​Гурчанка), трактарнага, маторнага, падшыпнікавага, станкабуд. з-даў, ВА «Гарызонт» і «Атлант», Бел. металург. з-да, гродзенскага ВА «Азот», наваполацкага ВА «Палімір» і інш. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі па фізіцы неразбуральнага кантролю вядзецца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі, Бел.-рас. ун-це, Бел. нац. тэхн. ун-це, дзе існуюць аспірантура, дактарантура і спецыялізаваныя саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Падрыхтоўка інж. кадраў вядзецца ў Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це, Бел. ун-це транспарту і інш. ВНУ.

Літ.:

Прохоренко П.П. Достижения физики неразрушающего контроля. Мн., 2003.

П.​П.​Прахарэнка.

У лабараторыі магнітных метадаў кантролю Інстытута прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. Загадчык лабараторыі У.​Ф.​Мацюк (злева) і заслужаны вынаходнік Беларусі М.​А.​Мяльгуй.
Распрацоўкі Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай АН Беларусі: 1 — Нацыянальны эталон адзінкі магнітнай індукцыі Рэспублікі Беларусь; 2 — аўтаматызаваная ўстаноўка для кантролю поршняў дызельных рухавікоў; 3 — тэрмаэлектрычная прылада ПІТ; 4 — імпульсны магнітны аналізатар ІМА-4М; 5 — магнітны таўшчынямер тыпу МТЦ.

т. 18, кн. 2, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)