НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.

У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав. ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.​Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВО́ДКА,

параўнальна кароткачасовае і неперыядычнае рэзкае падняцце ўзроўняў і сцёку ракі ад вял. дажджоў, раставання снегу і ледавікоў. У адрозненне ад разводдзя П. можа быць у кожную пару года і не звязана з сезонам. Вял. П. выклікаюць навадненні, менш значныя таксама прычыняюць шкоду сельскай гаспадарцы. На рэках Беларусі найб. вышыню і працягласць маюць П. ў канцы лета і восенню, калі ідуць зацяжныя дажджы. У асобныя гады на некаторых рэках узроўні П. часам перавышаюць веснавое разводдзе на 1—1,5 м. Працягласць летне-асенніх П. звычайна 20—30 сутак. Яны здараюцца 1—2 разы за лета і восень, у бас. р. Нёман да 5—6 разоў. Найбольшыя дажджавыя П. былі ў 1962, катастрафічныя, якія здараюцца прыблізна раз у 100 гадоў, — увосень 1974 у бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць. Зімовыя П. часцей бываюць на З і ПдЗ Беларусі. За зімовы перыяд адбываюцца 1—2 падняцці ўзроўняў, у асобныя гады — 3.

т. 11, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,

помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗО́ЎСКІ (Арый Майсеевіч) (2.2.1887, г. Перм, Расія —6.1.1953),

расійскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, клас Л.Аўэра). З 1905 дырыжор у Мінску, пазней у розных оперных т-рах, у т. л. Оперным тэатры Зіміна ў Маскве (1908—10), у петраградскім Нар. доме (1916—18). У 1923—28 (з перапынкам) дырыжор, у 1943—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве, у 1936—43 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. Яго інтэрпрэтацыі рус. класічных опер адметныя тонкім густам і філіграннай апрацоўкай дэталей. Сярод пастановак у Ленінградскім т-ры; «Казка пра цара Салтана» М.​Рымскага-Корсакава (1937), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1938), «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1939), «Чарадзейка» П.​Чайкоўскага (1941), «Емяльян Пугачоў» М.​Каваля (1942), «Ноч перад Калядамі» Рымскага-Корсакава (1943); у Вял. т-ры — «Фауст» Ш.​Гуно (1924), «Валькірыя» Р.​Вагнера (1925), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1927), «Іван Сусанін» (1945). Аўтар кн. «Запіскі дырыжора» (2-е выд., 1968). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЗО́ЎСКІ (Канстанцін Антонавіч) (1.10.1919, в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1938), авіяц. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну лётчык, удзельнік вызвалення Паўн. Каўказа, Крыма, Прыбалтыкі. Зрабіў 106 баявых вылетаў, знішчыў 16 самалётаў, 11 танкаў, 139 аўтамабіляў, 26 зенітных установак, 2 склады з боепрыпасамі. Загінуў у Прыбалтыцы. У г.п. Бешанковічы яму пастаўлены помнік.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННІК (Любоў Якаўлеўна) (29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),

дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.​Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.​Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.​Ралана і інш.).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІНСГА́ЎЗЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды. Пл. 487 тыс. км². Найб. глыб. 4115 м. Вял. а-вы: Пятра I і Зямля Аляксандра I. Т-ра вады на Пн каля 0 °C, на Пд ніжэй за -1 °C. Салёнасць 33,5 ​o/00. На працягу ўсяго года б.ч. паверхні занята плывучымі льдамі і айсбергамі. Названа ў гонар Ф.Ф.Белінсгаўзена.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

кліматабальнеалагічны курорт на Беларусі. За 25 км ад г. Рэчыца, на беразе Дняпра. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой. Крыніца мінер. водаў з вял. колькасцю ёду. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (у т. л. дубровамі), частку займае маляўнічая пойма ў лукавіне Дняпра. Умовы спрыяльныя для псіхал. разгрузкі, лячэння агульнасаматычных хвароб. Базы для каротка- і доўгатэрміновага адпачынку.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗНЯКІ́,

гарадзішча дзякоўскай культуры 3—5 ст. каля в. Беразнякі Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл. Расіі. З’яўлялася паселішчам радавой абшчыны. Было ўмацавана земляным валам з драўлянай агароджай на ім і ровам. Раскопкамі выяўлены рэшткі 6 драўляных жытлаў асобных сем’яў, вял. абшчыннага дома, пабудовы для прадзення і ткацтва, загону для жывёлы, невял. пахавальнага збудавання, дзе хавалі рэшткі спаленых нябожчыкаў.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)