ПРАТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог, пастух цюленевых статкаў. Быў стары, меў вял. колькасць дзяцей (пратыдаў), вызначаўся здольнасцю прымаць выгляд розных істот, прароцкім дарам, вял. дасведчанасцю. Лічыўся таксама стараж. царом Егіпта, дзе, паводле некаторых міфаў, у яго ў час Траянскай вайны знаходзілася сапраўдная Алена, у той час як Парыс валодаў толькі яе прывідам.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІТА́НКАВАЕ РУЖЖО́,

наразная агнястрэльная зброя для паражэння браніраваных цэлей на адлегласці да 500 м. З’явіліся ў канцы 1-й сусв. вайны. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну. Існавалі адназараднае П.р. канструкцыі В.​А.​Дзегцярова, магазіннае самазараднае С.​Г.​Сіманава і інш.

Р.​І.​Флярко.

Процітанкавае ружжо. 1 — канструкцыі Дзегцярова; 2 — канструкцыі Сіманава.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХІ́М (Рахімаў) Ібрагім Абдурахімавіч

(н. 15.10.1916, Сайкелдзі, Узбекістан),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1976). У раманах «Сапраўднае каханне», «Вернасць» (абодва 1958), «Лёс» (1963), «Неспакойны горад» (1970), «Самаадданыя» (1973), «Як гартаваўся чалавек» (1978) тэмы Вял. Айч. вайны, жыццё вёскі. Аўтар аповесцей, п’ес, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. Ташкент, 1978—80.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.​Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з ўніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.​Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.

Т.​Б.​Блінова.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТУ́ШКА (Міхась Апанасавіч) (1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),

бел. паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв. т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах. Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел. вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.

С.​І.​Ёрш.

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРГІ́Н (сапр. Ільін) Міхаіл Андрэевіч

(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супраць рус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).

Тв.:

Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.

П.​П.​Вашко.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛАС (Dallas),

горад на Пд ЗША, на р. Трыніты ў штаце Тэхас. 1022 тыс. ж., з г. Форт-Уэрт і прыгарадамі 3,9 млн. ж. (1993). Важны трансп. вузел, гандл.-фін. цэнтр Поўдня ЗША, арганізац. цэнтр нафтагазавай прам-сці раёна. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр машынабудавання (вытв-сць нафтавага, халадзільнага, агульнапрамысл. абсталявання). Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сць паўправаднікоў і сродкаў сувязі), авіяракетная, харч., швейная, паліграф., папяровая, хім. (вытв-сць мыла і сінт. мыйных сродкаў), нафтаперапр., вытв-сць адзення і скургалантарэі. 2 ун-ты. Музеі. Тэатры. Турызм.

Засн. ў 1841 як гандл, факторыя, з 1856 горад. У час грамада. вайны 1861—65 адзін з цэнтраў канфедэратаў. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр гандлю бавоўнай. З 1930-х г. эканоміка горада звязана з эксплуатацыяй выяўленых там радовішчаў нафты. У час 2-й сусв. вайны стаў цэнтрам прам-сці, у т. л. авіябудаўнічай. У 1963 у Д. забіты прэзідэнт ЗША Дж. Ф.Кенэдзі.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ (Gorzów Wielkopolski),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сць сінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).

Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам I як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙДЭНШТЭЙН, Гайдэнштайн (Heidenstein) Рэйнгальд

[1553, в. Сулячына Слупскага ваяв., Польшча — 24.12.1620],

нямецкі і польскі гісторык, дыпламат, юрыст. Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Вітэнберга, Падуі, Парыжа, Арлеана. Сакратар прускага герцага Альбрэхта II Фрыдрыха, з 1582 — вял. князёў ВКЛ і каралёў польскіх Стафана Баторыя і Жыгімонта III Вазы. Выконваў дыпламат. даручэнні, падрыхтаваў рэформу феад. права Прусіі. З 1612 у адстаўцы, займаўся гісторыка-літ. творчасцю. На падставе дакументаў і сведчанняў удзельнікаў у 1584 выдаў на лац. мове «Запіскі аб Маскоўскай вайне» — храналагічнае апісанне апошняга перыяду Лівонскай вайны 1558—83. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі вайны. «Запіскі...» увайшлі ў гал. працу Гейдэнштэйна — «Гісторыю Польшчы ад смерці Жыгімонта Аўгуста» (выдадзена ў 1672 яго сынам Янам), якая ахоплівае падзеі 1572—1603. Гейдэнштэйн выступаў за моцную каралеўскую ўладу, ухваляў дзейнасць Баторыя. Напісаў паліт. трактат «Канцлер» і біяграфію свайго заступніка кароннага канцлера Я.Замойскага.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о Московской войне (1578—1582). СПб., 1889.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)