зве́сці, звяду, звядзеш, звядзе; звядзём, зведзяце; пр. звёў, звяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дапамагчы каму‑н. або прымусіць каго‑н. сысці ўніз. Звесці каня з гары. Звесці старога з лесвіцы.

2. Перавесці, адвесці на другое месца. Мужык выпраг каня, звёў убок, а воз пакінуў на дарозе. Якімовіч. // перан. Перавесці (размову, думкі) з адной тэмы на другую. Звесці сур’ёзную размову на жарт. □ [Наталля] старалася звесці.. думкі на другое. Чорны.

3. Дапамагчы каму‑н. сустрэцца, убачыцца, пазнаёміцца з кім‑н. — Трэба звесці яго з Якавам, няхай пазнаёміцца. Чарнышэвіч. Гэты паход у лес мы прыдумалі не толькі для таго, каб нарваць лапак і ўпрыгожыць сваю школу, мы хацелі як-небудзь звесці Славу з Веранікай. Навуменка.

4. Наблізіць адно да другога; ссунуць. Паненка строга звяла бровы, і я адразу адчуў, што неўзабаве атрымаю пад бок. Бажко. [Няміра:] У пана — во [зямлі]! (развёў як мог шырока рукі з выстаўленымі далонямі), а ў мужыка — во! (звёў цесна далоні і апусціў галаву). Чорны.

5. Зрабіць нерухомым, анямелым; сцягнуць, сагнуць. Сутарга звяла ногі. / у безас. ужыв. Ад нязручнага сядзення звяло спіну.

6. Сабраць у адно месца. Звесці дзяцей у зал. □ Як звалі гэтых гнедак ды сівак у адну канюшню — стала многа аднолькавых. Брыль.

7. Саставіць адзінае цэлае з асобных частак, адзінак і пад. Звесці палкі ў дывізію.

8. Нацкаваць адзін на другога, прымусіць пабіцца, пакусацца (пра жывёл, птушак). Звесці сабак. Звесці пеўняў. // перан. Падбухторыць да сваркі, спрэчкі, бойкі. Наперадзе стаяла некалькі чалавек, якія борзда ўмелі звесці Сымона з Міколам. Колас.

9. Прывесці да якога‑н. агульнага выніку; абагуліць. Большасць слоў нашай мовы мнагазначна. Але колькі б значэнняў слова ні мела, заўсёды іх можна звесці да аднаго агульнага значэння, якое звязвае ў адно семантычнае цэлае ўсе астатнія. Юргелевіч.

10. Знішчыць, перавесці. — Дык .. раней, пры тваім старшынстве, мы ледзь і канюшыну не звялі. Пянкрат. — Каб нам не звесці агню, — трывожыўся Мірон. — Можа, па чарзе пільнаваць. Маўр. // Зрасходаваць, страціць (звычайна без карысці). А дзе ж той банк? — карціць пытанне, Так правандруеш да змяркання, А сам туды не пападзеш І толькі дзень дарма звядзеш. Колас. У злаваўся наш тата. — Ну іх, — кажа, — з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Брыль. // Забіць. [Чыжык] нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг. Лупсякоў.

11. Збіць з правільнага жыццёвага шляху; схіліць да дрэнных учынкаў. Нялюдская кампанія і добрага звядзе. З нар. // Не выканаць абяцанага; падвесці, падмануць. Некаторыя старэйшыя нават упікалі Грамабоя, што ён звёў [Жагулу], казалі, што сорам так рабіць. Крапіва.

12. Абмежаваць, скараціць; давесці да чаго‑н. нязначнага, малога і пад. Звесці да мінімуму. Звесці шахматную партыю ўнічыю.

•••

Вачэй не звесці — а) не адвесці позірку ад чаго‑н. Мікола наш ідзе за сеялкай. Хлопец вачэй не звядзе — пазірае, як роўненька, як дружна сыплюцца зярняты. Брыль; б) зусім не заснуць. За ўсю ноч і вачэй не звёў.

Звесці вочы — заснуць, задрамаць.

Звесці з п’едэстала — пазбавіць каго‑н. улады.

Звесці канцы з канцамі — а) з цяжкасцю задаволіць жыццёвыя патрэбы, ледзь укласціся ў суму заработку, даходу і пад.; б) справіцца з цяжкасцямі ў рабоце, узгадняючы розныя часткі, злучаючы іх у адно.

Звесці на нішто (да нуля) — пазбавіць усякага сэнсу, значэння.

Звесці рахункі (разлікі) з кім — а) узаемна разлічыцца грашамі; б) адпомсціць каму‑н. за абразу, знявагу.

Звесці са свету каго — загубіць, знішчыць.

Звесці ў магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — тое, што і загнаць у магілу (гл. загнаць).

Звесці ў рожкі — пасварыць каго‑н. з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,

зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЯЕ ПАЛЕ́ССЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Палескай нізіны ў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях. На У мяжуе з Падняпроўем (на правабярэжжы Дняпра і ніжняй Бярэзіне), на Пн — з Цэнтральнай Беларуссю (па лініі Парычы — Любань — Старобін — Чудзін), на З — з Заходнім Палессем (гл. Дадатак) (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўн. мяжа рэгіёна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення водараздзельнага тыпу, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтр. Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў. Межы гэтых рэгіёнаў адлюстроўваюць арэалы мясц. этнонімаў — палешукоў на Пд і палян (ці палевікоў) на Пн.

У жалезным веку У.П. з’яўлялася асн. тэрыторыяй рассялення мілаградскай культуры (3—7 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры (3 ст. да н.э.—5 ст. н.э.). У 8—9 ст. У.П. засялялі дрыгавічы, якія мелі сваё паліт. аб’яднанне «княжанне». У 9 ст. яны дайшлі на Пн да верхняга бас. Бярэзіны, на З дасягнулі левабярэжжа Нёмана, дзе сустрэліся з яцвягамі, паклаўшы пачатак славянізацыі апошніх. У 12—13 ст. асн. тэрыторыя У.П. ўваходзіла ў склад Тураўскага (Турава-Пінскага) княства, Мазырскае Палессе — Кіеўскага княства. У перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай землі У.П. ўваходзілі ў склад Мінскага, Навагрудскага і Брэсцкага ваяводстваў. Разам з тым па этнагр. рысах у той час Палессе вылучалася ў асобную гіст. правінцыю, што знайшло адлюстраванне на геагр. картах (карты Т.​Макоўскага 1613; Г. дэ Баплана 1651 і інш.).

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) У.П. ўвайшло ў склад Мінскай губ.

У рэльефе У.П. кампактныя ўзвышшы чаргуюцца з балоцістымі нізінамі Прыпяцкага Палесся. Да нядаўняга часу вял. плошчы займалі адкрытыя балоты (галы). Шырокія веснавыя разлівы, забалочаныя землі і няўдобіцы накладвалі адбітак на характар рассялення, становішча шляхоў зносін і трансп. сродкі, гасп. заняткі і паўсядзённы побыт. У земляробчай практыцы побач з трохполлем захаваліся лясныя пералогі і лядная (падсечна-агнявая) сістэма. Зямлю апрацоўвалі валамі з дапамогай палескай сахі. На чаўнах сяляне перапраўляліся з аднаго вострава на другі, ставілі буданы-курані, што служылі ім часовым жыллём, і паслядоўна апрацоўвалі адзін участак за другім. Такім жа спосабам збіралі ўраджай з палёў, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокіх адонках, а пасля вывозілі на чаўнах або санях. Мясц. жыхары трымалі буйную рагатую жывёлу і свіней, якіх выганялі на выпас у лес ці адвозілі ў чаўнах на суседнія астравы, дзе яны знаходзіліся ў натуральных умовах без нагляду. Статкі рагатай жывёлы пасвілі ўдалечыні ад вёсак, заганяючы на ноч у спец. загарадку з куранём і лёгкай будынінай тыпу хлява (кашара). У традыц. гаспадарцы побач з земляробствам і жывёлагадоўляй былі пашыраны рыбалоўства, збіральніцтва, пчалярства, хатнія промыслы. Сельскія пасяленні нераўнамерна размяркоўваліся на тэрыторыі рэгіёна. Найб. густа населенымі здаўна былі Хойніцка-Брагінскае і Юравіцкае ўзвышшы, Мазырская града, на З — Тураўская лёсавая раўніна. Побач з мнагадворнымі сустракаліся невял. пасяленні (5—10 хат), засценкі і хутары-выселкі. Будоўлі звычайна размяшчаліся ў сістэме сядзібы: хата + сенцы + істопка + павець + хлявы + адрына. Найб. распаўсюджаныя тыпы жылля: хата + сенцы + істопка, хата + сенцы. На поймавых і балоцістых месцах хаты мелі драўляную падлогу і ставіліся на па́лі. Стрэхі рабілі на самцах («закотам»), крылі дошкамі, чаротам, саломай. Па вечарах хаты асвятлялі стацыянарным лучніком (светачам). У нар. адзенні У.П. захаваліся традыц. рысы, што выяўляюць агульнаслав. аснову. У жаночым адзенні найб. пашыранай была панёва-плахта, якую насілі з шарсцяным фартухом (запаскай). У больш ранні перыяд насілі 2 запаскі — спераду і ззаду. Кашуля мела ўзорны (часцей вышываны) дэкор на каўняры, рукавах, грудзях, унізе на падоле. Ва ўзоры дамінавалі буйныя расл. формы, якія ў познім сярэдневякоўі выцеснілі геаметрызаваны дробнараслінны арнамент. Жаночыя гарсэты ўпрыгожвалі аплікацыяй. У Прыпяцкім Палессі яны больш доўгія, прыталеныя, з шарсцяной тканіны, у Мазырскім — кароткія, з даматканага палатна ці фабрычнай тканіны (гл. Калінкавіцкі строй, Брагінскі строй, Турава-мазырскі строй, Давыд-гарадоцка-тураўскі строй). У керамічнай вытворчасці вядомы цэнтры па вырабе задымленага і паліванага посуду ў Парычах, Юравічах, Лоеве. Мясц. мазырскія гаворкі складаюць асобную групу паўд.-зах. дыялекту. Рэгіянальныя асаблівасці мае песенны фальклор: для вясельных напеваў У.П. ўласцівы святочна-прыўзнятыя лірычныя матывы.

Літ.:

Сержпутовский А. Очерки Белоруссии. СПб., 1907;

Сербов И.А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. Вильна, 1914;

Лексіка Палесся ў прасторы і часе. Мн., 1971;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся, XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Тито в В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX ст. Мн., 1983;

Яго ж. Народная спадчына: Матэрыял. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці’. Мн., 1994.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДСКІ ЭКАЛАГІЧНЫ РУХ.

Першай афіцыйнай арганізацыяй грамадскага прыродаахоўнага руху на Беларусі з’яўляецца Беларускае таварыства аховы прыроды, засн. ў 1962. З яго ўдзелам вырашаліся многія наспелыя прыродаахоўныя праблемы: абследаванне і аднаўленне старадаўніх паркаў, добраўпарадкаванне і азеляненне гарадоў і інш. населеных пунктаў, аднаўленне і добраўпарадкаванне крыніц, вылучэнне водаахоўных зон рэк і вадаёмаў, захаванне полеахоўных палос, ахова жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу, фарміраванне ў насельніцтва экалагічнага светаўспрымання, беражлівых адносін да прыроды.

На 1.1.2004 у Беларусі зарэгістравана 55 рэспубліканскіх і міжнар. грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на прапаганду ідэй аховы навакольнага асяроддзя, гуманных адносін да жывёл, садзейнічанне фарміраванню свядомасці і экалагічна правільных паводзін людзей.

Актыўна працуюць і маюць рэальныя вынікі ў вырашэнні шэрагу прыродаахоўных праблем рэспубліканскія грамадскія арганізацыі.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праводзіць работу па прыцягненні ўвагі маладых людзей да пытанняў экалагічнай асветы, прапагандзе экалагічных каштоўнасцей і прыродаахоўнай дзейнасці. Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь» (аб’яднанне моладзі) вырашае шырокі спектр экалагічных праблем, вядзе асветную дзейнасць, выдае часопіс «Зялёныя навіны», які асвятляе прыродаахоўныя пытанні. Маладзёжная арганізацыя «Ахова птушак Беларусі» праводзіць работу па ахове арнітафауны, арганізуе штогадовыя экалагічныя кампаніі «Птушка года», што дае добрыя вынікі ў справе аховы прыроды і прапаганды экалагічных каштоўнасцей. Працуюць таксама: «Экаправа» — экалагічная арганізацыя па пытаннях прававых форм удзелу грамадскасці ў вырашэнні прыродаахоўных праблем; «Экадом» — экалагічная арганізацыя па пытаннях асветы ў інтарэсах устойлівага развіцця грамадства; «Экасфера» — арганізацыя па пытаннях утылізацыі назапашаных, але непрыдатных для выкарыстання пестыцыдаў і інш. ядахімікатаў; «Беларускі зялёны крыж» — арганізацыя па правядзенні міжнар. экалагічных фестываляў школьнікаў «Дзень Зямлі», «Беларусь» і інш.

У мэтах забеспячэння ўзаемадзеяння прыродаахоўных органаў і грамадскасці пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дзейнічае Грамадскі каардынацыйны савет, у які ўваходзяць прадстаўнікі 17 грамадскіх арганізацый: «Ахова птушак Беларусі», «Бел. асацыяцыя дзяцей і моладзі», «Бел. грамадская арг-цыя «Інваліды Чарнобыля», «Бел. сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», «БТАП», «Бел. экалагічная партыя зялёных».

«Зялёны край», «Міжнар. грамадскае аб’яднанне «Бурэнка», «Наасфера», «Некст Стоп-Нью Лайф», «Цэнтр інфарм. падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў», «Экадом», «Экалагічная ініцыятыва «Белая Русь», «Экалагічны менеджмент», «Экалайн», «Экаправа», «Эка-Інфо». Гэта дае ім магчымасць удзельнічаць у працэсе прыняцця важных рашэнняў экалагічнай палітыкі дзяржавы (нац. планаў дзеянняў, праектаў законаў, нарматыўных прававых актаў і інш.).

Н.​Ю.​Фёдарава.

т. 18, кн. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫ́ЧНАЯ СТРАФА́,

від 10-радковай страфы. Ужывалася ў паэзіі 16—17 ст. у Францыі, потым у Германіі і Расіі, дзе ў 18 ст. была традыцыйнай для ўрачыстых одаў. Адычная страфа аб’ядноўвала 4- і 6-радкоўе па схеме АбАбВВгДДг, пісалася 4-стопным ямбам з пэўным чаргаваннем рыфмаў.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАГІ́ПСЫ (ад гідра... + іза... + грэч. hypsos вышыня),

лініі на карце, якія злучаюць пункты з аднолькавай вышынёй паверхні грунтавых вод над умоўнай нулявой паверхняй. Выкарыстоўваюцца на гідрагеалагічных картах. Дазваляюць вызначыць напрамак руху падземнага патоку, які адбываецца ў бок найб. нахілу паверхні падземных вод (па нармалі, перпендыкулярна гідрагіпсам).

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУК Абрам Якаўлевіч (15.2.1867—1942),

бел. афтальмолаг. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1892). У 1899 адкрыў на дабрачынныя сродкі і ўзначаліў вочную лячэбніцу ў Гомелі (з 1934 трахаматозна-вочны ін-т, дырэктарам якога быў да 1941). Навук. працы па вывучэнні трахомы садзейнічалі ліквідацыі хваробы на Беларусі.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭГВА́ДЗЕ Нані Георгіеўна (н. 21.7.1938, Тбілісі),

грузінская эстрадная спявачка. Нар. арт. Грузіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю па класе фп. (1961). З 1959 артыстка Груз. філармоніі. Яе індывідуальнасці найб. блізкія творы лірычнага плана. У рэпертуары песні груз. кампазітараў, старадаўнія рус. рамансы і інш.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНАРО́ЎСКІ Андрэй (?—1740),

украінскі казацкі старшына, удзельнік змовы Мазепы. Пляменнік Мазепы. Пасля разгрому шведаў у Палтаўскай бітве 1709 разам з Мазепам уцёк за мяжу. Арыштаваны ў Гамбургу па патрабаванні рус. ўрада. Сасланы ў Якуцк, дзе і памёр. Вобраз Вайнароўскага створаны ў аднайм. паэме К.​Ф.​Рылеева.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),

горад на Пн Венесуэлы. Адм. ц. штата Карабоба. Засн. ў 1555. 903,1 тыс. ж., з прыгарадамі 1,3 млн. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Нафтахім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр буйнога с.-г. раёна па адкорме жывёлы. Ун-т. Арх. помнікі 19 ст.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)