«ФІ́ЛІПС»
(англ. «Royal Philips Electronics», галанд. «Koninklijke Philips Electronics N.V.»),
найбуйнейшая нідэрландская кампанія ў галіне электронікі. Займае 1-е месца ў свеце па вырабе святлатэхнікі, 3-е — у галіне быт. электроннай тэхнікі і лідзіруючыя пазіцыі ў вытв-сці манітораў, інтэгральных мікрасхем, каляровых кінескопаў, эл. брытваў, мед. дыягнастычнага і кантрольнага абсталявання. Засн. ў 1891. Сучасная назва з 1998. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам. Мае прадпрыемствы больш чым у 35 краінах, н.-д. лабараторыі ў 10 краінах. Колькасць занятых у вытв-сці — 192 тыс. чал. (2002). На Беларусі прадстаўніцтва кампаніі з 1993.
М.Б.Жукава.
т. 16, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІРА́ГА Браніслаў Іосіфавіч (н. 9.7.1935, в. Мсціж Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне электрапрывода і сілавой электронікі. Д-р тэхн. н. (1985), праф. (1986). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1961). З 1963 у Бел. нац. тэхн. ун-це (у 1977—97 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі электрапрывода, частотным кіраванні асінхронных электрарухавікоў, пераўтваральнай тэхніцы.
Тв.:
Тиристорные циклоконверторы. Мн., 1973 (разам з Б.С.Гатоўскім, З.А.Лісам);
Непосредственные преобразователи частоты в электроприводе. Мн., 1990;
Ремонт и обслуживание электрооборудования: Спецтехнология. Мн., 2001 (разам з С.М.Паўловічам).
М.П.Савік.
т. 16, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАМІ́НІЙ Гай (Gaius Flaminius; ? — 23.6.217 да н.э.),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Стараж. Рыма. Нар. трыбун 232, цэнзар 220, консул 223 і 218 да н.э. Адстойваў інтарэсы плебеяў і коннікаў. Правёў законы аб надзяленні плебеяў зямлёю (232), аб далучэнні вольнаадпушчанікаў да 4 гар. трыбаў (220), што спрыяла дэмакратызацыі рым. грамадства. Садзейнічаў будаўніцтву (цырк Ф. на Марсавым полі і Фламініева дарога з Рыма ў Арымін). Паспяхова ваяваў з інсубрамі ў Галіі (223). Загінуў у час 2-й Пунічнай вайны ў бітве каля Тразіменскага воз. разам з б. часткай арміі, якую ён узначальваў.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДА́ЦЫЯ ІМЯ́ П.КРАЧЭ́ЎСКАГА,
бел. грамадская дабрачынная арг-цыя ў замежжы. Створана ў 1958 у Нью-Йорку, каб «утрымліваць у Злучаных Штатах Амерыкі беларускі культурны цэнтр, у якім будуць сабраны і захаваны гісторыя і традыцыя Беларусі». Старшыні: М.Гарошка, В.Тумаш, Ф.Бартуль (з 1982). У 1963 фундацыя набыла жылыя дамы ў Нью-Йорку, фін. прыбытак ад здачы ў арэнду якіх выкарыстоўваецца на падтрымку бел. культуры, устаноў, у т. л. Беларускага інстытута навукі і мастацтва, асобных даследчыкаў. Мае б-ку, захоўвае архівы вядомых бел. дзеячаў. Праводзіць навук. і літ. вечарыны, грамадскія сходы, сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі.
А.С.Ляднёва.
т. 16, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАСТЫ́ РАДО́К,
незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы; няцотны радок напаўбелага верша, напісанага 4-радкоўямі. Х.р. можа ўжывацца і ў інш. строфах, напр.:
Ці на небе не мільён зорак льсніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі ж месца там не стала
Для адной, што мне б міргала...
Мусіць трэба было!
(Я.Купала. «Мусіць трэба было»)
Рэгулярныя Х.р. — уласцівасць некат. усх. відаў строф: газелі, рубаі і інш. Асаблівы эфект узнікае пры непрадбачаным з’яўленні Х.р. на фоне зарыфмаваных — парушаецца інерцыя рыфмаванага чакання, таму на Х.р. і найперш на яго апошняе слова звяртаецца найб. ўвага.
В.П.Рагойша.
т. 16, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Аляксандр Ільіч (н. 10.6.1954, г. Смалявічы Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Канд. фіз.-матэм. н. (1985), дац. (1988). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ, з 1986 у БДУ (з 1989 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні біясенсараў, спектраскапіі біяструктур, праводнасці двухслойных ліпідных мембран, мембраннай біяфізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.
Тв.:
Одиночные ионные каналы и макроскопическая проводимость бислойных липидных мембран (у сааўт.) // Биофизика. 1989. Т. 34, № 1;
Биофизические механизмы функционального отклика клеток (у сааўт.) // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7. Біялогія. Геаграфія.
А.Б.Самаль.
т. 17, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХО́НДА МО́ТАР»,
буйная японская кампанія, якая выпускае легкавыя аўтамабілі, матацыклы, спец. тэхніку і рухавікі, а таксама распрацоўвае тэхн. навіны ў аэранаўтыцы і навігацыйных сістэмах. Засн. ў 1946 інжынерам Суіціра Хонда як Ін-т тэхн. даследаванняў, пераўтвораны ў 1948 у кампанію. Штаб-кватэра ў Токіо. Кампанія займае 1-е месца ў свеце па вытв-сці рухавікоў і матацыклаў. Мае 437 падраздзяленняў і даччыных кампаній у свеце, 109 вытв. прадпрыемстваў у 29 краінах. На асн. вытв. прадпрыемствах занята больш за 61 тыс. чалавек. Размеркаваннем, размяшчэннем і продажам прадукцыі «Х.М.» на Беларусі займаецца кампанія «Парытэт сэрвіс».
М.Б.Жукава.
т. 17, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІМАШЭ́НКА Аляксандр Вікенцьевіч (н. 5.12.1958, в. Побалава Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1998). Скончыў БДУ (1980), дзе і працаваў. З 1999 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. З 2001 у Канадзе. Навук. працы па вывучэнні біял. ролі монааксіду азоту, лекцінаў расл. і жывёльнага паходжання, працэсаў трансмембраннай перадачы сігналаў у нармальных і пухлінных клетках, малекулярных механізмаў міжклетачных узаемадзеянняў. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.
Тв.:
Применение эндогенных лектинов в клинической диагностике // Мед. новости. 1997. № 4;
Биофизика живых систем: от молекулы к организму. Мн., 2002 (у сааўт.).
А.Б.Самаль.
т. 17, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́КЛЬТЭР (Zelter) Карл Фрыдрых (11.12.1758, Берлін — 15.5.1832),
нямецкі кампазітар, хормайстар, педагог, дырыжор. Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў у Берліне (1806, з 1809 праф.). З 1800 кіраўнік Пеўчай акадэміі ў Берліне. Заснаваў першае ў Германіі аматарскае мужчынскае хар. т-ва (т.зв. лідэртафель, 1809), ін-ты царк. і школьнай музыкі ў Кёнігсбергу (1814), Брэславе (1815), кіраўнік Каралеўскага ін-та царк. музыкі (з 1822), заг. муз. аддзела Берлінскай каралеўскай б-кі. Аўтар больш як 200 песень, у т. л. 75 на тэксты І.В.Гётэ, хароў, кантат, тэатр. музыкі і інш. Сярод вучняў Я.Л.Ф.Мендэльсон, Дж.Меербер, К.О.Э.Нікалаі.
т. 17, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯПЛІ́НСКІ Марцін [1810?, б. фальварак Крупава (паводле інш. звестак, Цяшэйкава), Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.8.1847], бел. паэт, фалькларыст. Пісаў на польскай мове. У 1831—33 у ссылцы на Каўказе, потым жыў на радзіме. Друкаваўся з 1837. У віленскім альманаху «Biruta» («Бірута»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wizerunki і roztrząsania naukowe» («Навуковыя агляды і развагі») змяшчаў рамант. вершаваныя творы, пераклады. Збіраў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці бел. паданні, песні, прымаўкі, прыказкі (апавяданне «Штосьці тут сабакам смярдзіць»), Падрыхтаваныя да друку 3 тамы «Паэзіі» засталіся ў рукапісе (не выяўлены). Меркаваў арганізаваць выданне альманаха «Наднёманскі снапок».
У.І.Мархель.
т. 17, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)