ПАЛУБО́ТАК (Павел Лявонцьевіч) (каля 1660—29.12.1723),

украінскі дзярж. дзеяч. Чарнігаўскі палкоўнік у 1706—22. У Паўночную вайну 1700—21 П. і 3 інш. палкоўнікі адмовіліся перайсці разам з гетманам І.Мазепам на бок шведаў (1708) і захавалі вернасць Расіі. У 1722—23 наказны (часовы) гетман Левабярэжнай Украіны, дзе быў буйнейшым землеўласнікам. Узначаліў групоўку ўкр. старшыны, якая выступала за аднаўленне гетманства і ліквідацыю Маларасійскай калегіі. За гэта быў выкліканы ў Пецярбург, арыштаваны і пасля допытаў у Тайнай канцылярыі памёр.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення памяшканняў сухой насычанай парай, якая падаецца па параправодах ад паравога катла ў ацяпляльныя прылады. Адрозніваюць вакуум-паравыя (ціск пары ніжэйшы за атмасферны), нізкага (ціск да 0,17 МПа) і высокага (больш за 0,17 МПа) ціску сістэмы П.а., якія бываюць 1- і 2-трубныя. П.а. забяспечвае хуткае награванне памяшканняў, але па сан.-гігіенічных якасцях саступае вадзяному. Асн. недахоп — высокая т-ра пары (100 °C і вышэй). Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, камунальна-быт. і прамысл. памяшканнях.

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РКЕР ((Parker) Роберт) (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛЯКА́, Пяляка,

рака, левы прыток р. Струна (бас. Віліі) у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. і Літве. Даўж. 25 км, у межах Беларусі -22 км. Пл. вадазбору 82 км². Пачынаецца ў Літве, за 1 км на З ад в. Казнадзеюшкі Пастаўскага р-на перасякае мяжу, упадае ў Струну за 2,2 км на ПдУ ад в. Масцяны Астравецкага р-на. Цячэ пераважна па лесе. Пойма месцамі забалочаная. Рэчышча на працягу 1,8 км ад вусця каналізаванае.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),

франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА»

(ад імя стараж.-егіп. бога сонца),

лодка, пабудаваная з папірусу паводле ўзору стараж.-егіп. суднаў нарв. этнографам і падарожнікам Т.Хеердалам. Даўж. 12 м, шыр. 5 м. На «Ра» Хеердал з інтэрнац. экіпажам з 7 чал. распачаў экспедыцыі з мэтай даказаць магчымасць плавання стараж. егіпцян цераз Атл. ак. у Амерыку. 1-я экспедыцыя (1969) скончылася няўдачай з-за дэфектаў канструкцыі судна. У 1970 «Ра-2», якая выйшла з порта Сафі (Марока), за 57 дзён дасягнула в-ва Барбадас.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),

шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.​Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.​Купалы «Час!»:

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

Ёю карыстаўся Я.​Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖА́ЎКА,

рака ў Рагачоўскім і Жлобінскі.м р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 396 км². Пачынаецца за 2,5 км на Пн ад в. Рыскоў Рагачоўскага р-на, вусце за 2 км на У ад г. Жлобін. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вялікім працягу трапецападобная (пераважна шыр. 1—2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча на працягу 35 км (ад вытоку да в. Асінаўка Жлобінскага р-на) каналізаванае.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,

палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыя нац. фронту супраць яп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац. рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс. чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)