пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27′ і робяць поўны абарот за 26 тыс. гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.
Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРАМАВА́НАЕ НАВУЧА́ННЕ,
від навучання, які ажыццяўляецца паводле абучальнай праграмы. Пры П.н. вучэбны матэрыял і дзеянні навучэнца падзяляюцца адпаведна на асобныя порцыі (дозы) і крокі (этапы навучання), выкананне кожнага з якіх кантралюецца. Пераход да наступнага этапу залежыць ад якасці засваення папярэдняга. Сродкамі рэалізацыі П.н. служаць праграмаваныя падручнікі (акрамя вучэбнага матэрыялу маюць указанні і рэкамендацыі па навучанні і праверцы ступені засваення матэрыялу) і абучальныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́МПУР, Пумпурс (Pumpurs) Андрэйс (22.9.1841, Ліелюмправа, Латвія — 6.7.1902), латышскі паэт. Скончыў Адэскае юнкерскае вучылішча (1878). Друкаваўся з 1869. Асн. яго твор — гераічны эпас. «Лачплесіс», які напісаны на аснове нар. паданняў. Аўтар сатыр. твора «Краіна п’янчуг» (1870), зб. паэзіі «На радзіме і на чужыне» (1890), дарожных нататкаў «Ад Даўгавы да Дуная» (1895).
Тв.:
Рус.пер. — Лачплесис: Латыш. нар. герой. Рига, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЖЫ́Т СІНГХ (13.11.1780, Будрукхан, або 2.11.1780, г. Гуджранвала, Пакістан — 27.6.1839),
правіцель аб’яднанай дзяржавы сікхаў у Пенджабе ў 1799—1839. У 1799 захапіў г. Лахор, які зрабіў сваёй сталіцай. Да 1810—11 падпарадкаваў б.ч. сікхскіх княстваў і стварыў моцную цэнтралізаваную дзяржаву. Правёў шэраг унутр. рэформ, пры дапамозе франц. саветнікаў сфарміраваў моцную армію на еўрап. ўзор. Ажыццяўляў актыўную экспансіянісцкую палітыку, заваяваў Кашмір і Пешавар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КФЕЛЕР ПЛАТО́ (Rockefeller Plateau),
ледавіковае плато ў зах.ч. Зямлі Мэры Бэрд (Зах. Антарктыда). Паверхня Р.п. пазбаўлена выхадаў карэнных парод, плаўна паніжаецца ад 1500 м на У да 200—400 м на З (на мяжы з шэльфавым ледавіком Роса). Тоўшча ледавіковага покрыва 500—2000 м. Адкрыта ў 1934 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам Р.Бэрда. Названа імем Дж.Рокфелера, які фінансаваў экспедыцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕРО́ЙД (ад лац. ruber чырвоны + грэч. eidos выгляд),
рулонны дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял. Робіцца з дахавага кардону, які насычаецца мяккімі нафтавымі бітумамі і пакрываецца цяжкаплаўкімі бітумамі з напаўняльнікамі. З аднаго боку Р. пакрываюць дробнай ці пылападобнай мінер. пасыпкай, з другога — буйназярністай ці лускаватай. Мае высокую эластычнасць, трываласць, воданепранікальнасць. Мацуецца на даху гарачымі ці халоднымі масцікамі. На Беларусі Р. вырабляе Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЖАў архітэктуры,
круглы аконны праём у раманскіх і (пераважна) гатычных збудаваннях, які мае каменны пераплёт у выглядзе радыяльных прамянёў з цэнтра круга. Звычайна размяшчалася над уваходным парталам. Р. наз. і аналагічнага выгляду дэкар. матыў, што вянчае стральчатыя аконныя праёмы гатычных будынкаў. Вядомы таксама ў збудаваннях стылю несапраўднай готыкі.
Да арт.Ружа ў архітэктуры. Акно-ружа сабора Парыжскай Божай Маці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМБ (англ. rhumb, ад грэч. rhombos юла, кругавы рух, ромб),
напрамак да пунктаў бачнага гарызонту адносна кірункаў свету або вугал паміж двума такімі напрамкамі. У геадэзіі — вугал паміж мерыдыянам і дадзеным напрамкам, які адлічваецца ад мерыдыяна ў 2 бакі ад 0 да 90°. У марской навігацыі — мера вугла акружнасці гарызонту, падзеленага на 32 Р. (у метэаралогіі — на 16).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАМЕТРЫ́Я (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...метрыя),
раздзел сейсмалогіі, які распрацоўвае метады і прыборы рэгістрацыі ваганняў грунтоў, збудаванняў і інш. аб’ектаў пры ўздзеянні на іх сейсмічных хваль, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Запіс сейсмічных ваганняў робіцца з дапамогай сейсмографаў у выглядзе сейсмаграмы. Рэгістрацыя сейсмічных хваль, што ўзнікаюць пры землетрасеннях, ядзерных выбухах і інш. вядзецца на сейсмічных станцыях.