КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,

1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.​Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.​Д.​Д’Арбіньі, Ж.Л.​Р.​Агасіс, А.​Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.​Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.​Ведэкінг, К.​Бойрлен, Э.​Даке).

2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.

Літ.:

Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр. М.; Л., 1937;

Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ. М., 1980;

Крисаченко В.С. Природные катастрофы. Киев, 1989;

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990.

В.​А.​Вадап’янаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫ́НЬ,

лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦК ВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.крас. 1943 у Вял. Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.​Н.​Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал. ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш. сав. лагерах.

Літ.:

Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;

Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;

Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;

Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХАНО́ЎСКІ ((Kochanowski) Ян) (1530, в. Сыцына каля г. Радам, Польшча — 22.8.1584),

польскі паэт эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Кракаўскім, Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Падуанскім ун-тах. У 1559—70 служыў пры дварах магнатаў, у т. л. Мікалая Радзівіла Чорнага. Пісаў на польск. і лац. мовах. У польскамоўных паэмах «Згода» і «Сатыр, або Дзікі муж» (абедзве 1564), паэме-элегіі «Муза» (каля 1567) уздымаў актуальныя сац.-паліт. тэмы і эстэт праблемы. Аўтар паэмы «Сцяг, або Пруская прысяга» (1569), лірычнай трагедыі «Адказ грэчаскім паслам» (1578), перакладу «Псалмы Давіда» (1578, з’явілася ўзорам для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага). Лепшы лірычны цыкл — 19 плачаў-элегій «Трэны» (1580), напісаных на смерць дачкі Уршулі і прасякнутых глыбокім жалем, філас. роздумам пра жыццё чалавека. Жартоўным зместам і трапнасцю грамадскіх і быт. назіранняў вызначаюцца яго эпіграмы-мініяцюры «Фрашкі» (кн. 1—2, 1584). Вяршыня паэт. майстэрства К. — «Песні» (кн. 1—2, 1586), разнастайныя па рытміцы і строфіцы, змесце і танальнасці. Сярод песень «Узяцце Полацка» (1580). Шэраг твораў прысвяціў М.​Радзівілу Чорнаму, яго жонцы Альжбеце, акраверш Крыштофу Радзівілу. Гуманіст. пафас твораў і версіфікатарская культура К. спрыялі станаўленню нац. польск. паэзіі і паўплывалі на творчасць А.​Рымшы, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.​Мархель.

Тв.:

Dzieła wszystkie. T. 1—2, 4. Warszawa, 1982—92;

Dzieła polskie. T. 1—2. 10 wyd. Warszawa, 1980;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1980.

Літ.:

Мархель У.І. Ян Каханоўскі ў Беларусі (XVI—XIX стст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 3;

Korolko M. Jan Kochanowski: Żywot i sprawy. Warszawa, 1985;

Pelc J. Jan Kochanowski poeta renesansu. Warszawa, 1988.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРЧ,

горад на Украіне, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, на беразе Керчанскага праліва. 170 тыс. ж. (1998). Марскі порт. Чыг. станцыя. Злучана чыг. паромнай пераправай са ст. Каўказ (Таманскі п-аў). Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі камбінат). Прам-сць: металургічная, суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая. Тэатр. Гіст.-археал. музей. Мемар. ансамбль героям абароны Аджымушкая (1982), Мелек-Чэсменскі курган (4 ст. да н.э.), склеп Дэметры (1 ст. н.э.), царква Іаана Прадцечы (10—13 ст.).

Засн. стараж. грэкамі пад назвай Пантыкапей у 1-й пал. 6 ст. да н.э. У пач. 5—4 ст. да н.э. сталіца Баспорскай дзяржавы. У 10—12 ст., магчыма, уваходзіла ў Тмутараканскае княства (пад 1068 згадваецца як Корчаў). У 13 ст. захоплена мангола-татарамі (наз. Чэркіо). З 1318 консульства (адм. адзінка), падпарадкаваная Генуі. Пасля 1475 апорны пункт Турцыі для абароны Крыма ад казакоў. У рус.-тур. вайну 1768—74 занята рас. войскамі (1771). Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адышла да Расіі, з 1775 горад Азоўскай губ. З 1821 рэйдавы порт, цэнтр Керч-Енікальскага граданачальства. У 1825 засн. Музей старажытнасцей. У Крымскую вайну 1853—56 захоплена англ. дэсантам, моцна пацярпела ад пажару (выгарала трэцяя ч. горада). У канцы 19 — пач. 20 ст. адзін з буйных партоў Расіі. У 1900 К. злучана чыгункай з Джанкоем. У грамадз. вайну ў крас. 1918 акупіравана аўстра-германскімі, у канцы 1918 — англа-франц. войскамі, пазней белагвардзейцамі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. У Вял. Айч. вайну месца значных баёў. З 1944 у складзе Крымскай вобл. РСФСР, з 1954 — Украіны.

Літ.:

Акулов М.Р. Керчь — город-герой. М. 1980.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕ́ТЫКА ХІМІ́ЧНАЯ,

вучэнне аб скарасцях і механізмах хім. рэакцый; раздзел фізічнай хіміі.

К.х. вызначае часавыя заканамернасці працякання рэакцый хімічных, эмпірычную сувязь паміж скорасцю рэакцый і ўмовамі іх правядзення (канцэнтрацыяй рэагентаў, т-рай, ціскам, фазавым станам і інш.), выяўляе фактары, што ўплываюць на скорасць і напрамак рэакцыі (каталізатары, ініцыятары, інгібітары і інш.). К.х. вывучае таксама механізмы складаных хім. працэсаў: высвятляе, з якіх простых хім. рэакцый (элементарных стадый) складаецца хім. працэс, як гэтыя рэакцыі звязаны адна з адной, якія прамежкавыя прадукты ўтвараюцца і ўдзельнічаюць у хім. працэсе, устанаўлівае ролю лабільных прамежкавых часціц (атамаў, свабодных радыкалаў, іонаў, актыўных комплексаў і інш.) у элементарных рэакцыях. Для рашэння гэтых задач у К.х. выкарыстоўваюць хім. і фіз.-хім. метады аналізу зыходных рэчываў і прадуктаў пераўтварэнняў, матэм. метады для тэарэт. абагульненняў, а таксама дасягненні хім. тэрмадынамікі, атамнай і малекулярнай фізікі, аналіт. хіміі, квантавай механікі.

Першыя даследаванні скорасці хім. рэакцый у 1870-я г. праведзены М.А.Мяншуткіным. У 1930-я г. фізікахімікі амер. Г.​Эйрынг і англ. М.​Паляні на базе квантавай механікі і статыст. фізікі стварылі тэорыю абс. скарасцей рэакцый, М.М.Сямёнаў і С.Н.Хіншэлвуд — тэорыю ланцуговых працэсаў. Значны ўклад у развіццё кінетыкі ланцуговых рэакцый зрабілі сав. фізікахімікі В.​М.​Кандрацьеў, М.М.Эмануэль. Тэарэт. канцэпцыі і кінетычныя даныя К.х. выкарыстоўваюць пры стварэнні схем складаных хім. працэсаў, аналізе пытанняў будовы хім. злучэнняў і іх рэакцыйнай здольнасці, для вырашэння тэхнал. і тэхн. задач.

Літ.:

Эйринг Г., Лин С.Г., Лин С.М. Основы химической кинетики.: Пер. с англ. М., 1983;

Денисов Е.Т. Кинетика гомогенных химических реакций. 2 изд. М., 1988;

Химическая кинетика и цепные реакции. М., 1966.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРМА́Ш,

перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс. руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.

Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.
Да арт. Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́Д (лац. Oxygenium),

O, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 8, ат. м. 15,9994. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў: ​16O (99,759% па масе), ​17O (0,037%) і ​18O (0,204%). Найб. пашыраны на Зямлі элемент. У паветры 23,1% па масе свабоднага К., у вадзе 85,82%, у зямной кары 47% звязанага. Уваходзіць у састаў усіх рэчываў, з якіх пабудаваны жывыя арганізмы (у арганізме чалавека каля 65%К.). У чыстым выглядзе атрыманы швед. вучоным К.​Шэеле ў 1771 і незалежна англ. хімікам Дж.​Прыстлі ў 1774.

К. — газ без колеру і паху, шчыльн. 1,42897 кг/м³ (0 °C), tпл-218,35 °C, tкіп-182,97 °C. Існуюць 2 алатропныя мадыфікацыі К.: «звычайны» К., малекулы якога двухатамныя O2, і азон O3. Пры т-ры каля 1500 °C малекулы О2 распадаюцца на атамы. Непасрэдна ўзаемадзейнічае амаль з усімі элементамі, утварае аксіды. У рэакцыях з простымі рэчывамі (акрамя фтору) з’яўляецца акісляльнікам. Пры нізкіх т-рах акісленне ідзе павольна, пры павышэнні т-ры яго скорасць узрастае і акісленне можа суправаджацца гарэннем. Узаемадзеянне К. з металамі ў прысутнасці вільгаці выклікае атм. карозію металаў. Змяншэнне К. ў атмасферы ў выніку працэсаў акіслення, у т. л. акіслення біялагічнага, кампенсуецца выдзяленнем яго раслінамі пры фотасінтэзе. У прам-сці К. атрымліваюць звадкаваннем і рэктыфікацыяй паветра. Газападобны К. выкарыстоўваюць у тэхніцы для атрымання высокіх т-р, інтэнсіфікацыі металург. працэсаў, у медыцыне; вадкі — як акісляльнік для ракетнага паліва, холадагент, а таксама ў вырабе выбуховых рэчываў (аксіліквітаў).

Літ.:

Глизманенко Д.Л. Получение кислорода. 5 изд. М., 1972;

Разумовский С.Д. Кислород — элементарные формы и свойства. М., 1979.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).

Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт. літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).

А.​М.​Гардзей.

Да арт. Кітайскае пісьмо.

т. 8, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШЧАНКА (Аляксандр Міхайлавіч) (13.5.1933, в. Белы Калодзеж Багучарскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 11.11.1997),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1991). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1960). У 1963—70 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у манум. і станковым жывапісе, дэкар.-прыкладным мастацтве. Адыграў вял. ролю ў адраджэнні мастацтва габелена на Беларусі, заснаваў у ім манум.-дэкар. кірунак: «Чалавек пазнае свет» у холе гасцініцы «Турыст» (1970, з А.​Бельцюковай, Г.​Гаркуновым), «Раніца. Абуджэнне» (1972, з Бельцюковай), «Ленінізм» (1977) і «СССР. Этапы барацьбы і перамог» (1979, з М.​Савіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1980) для канферэнц-залы ў будынку СМ Беларусі, габелен-заслона і 6 габеленаў («Беларусь», «Музыка», «Космас», «Рэвалюцыя», «Песняры», «Скарына») для фае Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (1978—85), «Чарнобыль» для будынка ААН у Нью-Йорку, «Габелен стагоддзя» (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Творчасці ўласцівы метафарычная сімволіка, філас. роздум над праблемамі жыцця і часу, жанравая і тэматычная разнастайнасць. Сярод манум.-дэкар. работ: размалёўка «Эстафета пакаленняў» (1973, з Савіцкім) у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Крым); мазаічныя кампазіцыі «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973), 4 пано («Горад-воін», «Горад навукі», «Горад культуры», «Горад-будаўнік») на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход 1 (1978, усе ў Мінску) і інш.; станковыя творы: «Дзяўчына са сланечнікам» (1968), «Старшыня. 1943» (1970), «Габеленшчыцы» (1975), «Уваскрэсенне» (1979), «Вольга» (1982), «На балконе» (1990), «Сляпы прарок» (1996) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Беларусь.

Літ.:

Крепак Б.А. А.​Кищенко: Человек. Земля. Вселенная: [Альбом]. М., 1988.

Б.​В.​Шаранговіч.

А.М.Кішчанка.
А.Кішчанка. Габелен «Раніца. Абуджэнне». 1972 (з А.​Бельцюковай).

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)