«ЗНА́МЯ Ю́НОСТИ»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 10.4.1938 у Мінску 5 разоў на тыдзень на рус. мове. Да чэрв. 1956 (№ 120) наз. «Сталинская молодежь» (у час Вял. Айч. вайны не выдавалася). Асвятляе жыццё моладзі на Беларусі і за яе межамі. Расказвае пра вучобу і адпачынак студэнтаў, жыццё бел. арміі, сучасныя маладзёжныя рухі і аб’яднанні. Змяшчае матэрыялы для жанчын, вернікаў. Закранае праблемы экалогіі, аховы здароўя, сям’і. Друкуе навіны папулярнай музыкі, спорту і інш.
Т.А.Меляшкевіч.
т. 7, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ВІЧ Грынь, беларускі друкар і гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў мяст. Заблудаў Гродзенскага пав. Быў вучнем кнігадрукара І.Фёдарава ў Заблудаўскай друкарні. Пазней вучыўся ў майстра Лаўрэнція Філіповіча (1577—79). Пасля навучання рабіў шрыфты і аздобы для выданняў Фёдарава ў Львове і Астрогу. У 1582 зрабіў шрыфт для друкарні Мамонічаў у Вільні. У 1583 вярнуўся ў Львоў, дзе заключыў дагавор з Фёдаравым на выраб новых шрыфтоў. Пасля смерці Фёдарава (1583) звесткі пра І. адсутнічаюць.
т. 7, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЫРЫ́ (сапр. Кадыраў) Абдула
(ліпень 1894, Ташкет — 26.8.1940),
узбекскі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў узб. маст. прозы. Дэбютаваў апавяданнем «Распуснік» і п’есай «Няшчасны жаніх» (абодва 1915), якія адметны дэталізацыяй узб. побыту. У творчасці 1910-х г. — уплыў ідэй джадзідызму. Аўтар гіст. раманаў «Мінулыя дні» (1925), «Скарпіён з алтара» (1929, пра жыццё узб. народа ў 19 ст.), сатыр. апавяданняў, фельетонаў, скіраваных супраць адмоўных з’яў у побыце і свядомасці суайчыннікаў. Аповесць «Абід-Кетмень» (1935) прысвечана калектывізацыі ў краіне.
т. 7, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІ́С, Камбіз,
Камбуджыя (?—522 да н.э.),
старажытнаперсідскі цар [530—522 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Кіра II, у 537 быў яго намеснікам у Вавілоніі. У 525 заваяваў Егіпет, захапіў у палон фараона Псаметыха III і заснаваў новую (XXVII) дынастыю фараонаў. У 524 уварваўся ў краіну Куш, але пацярпеў паражэнне. У канцы 524 ці пач. 523 вярнуўся ў Егіпет. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне Гаўматы (сак. 522 да н.э.), адправіўся ў Персію, па дарозе памёр.
т. 7, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́НДРА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.
т. 8, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧ (Фёдар Трафімавіч) (1.3.1902, в. Боркі Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне лясной і сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г, н. (1966), праф. (1967). Скончыў БСГА (1928). У 1967—81 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па пытаннях эканомікі лясной і сельскай гаспадаркі, размяшчэння дрэвавых парод, пра ролю лесу і асаблівасці шматгадовых насаджэнняў у сістэме земляробства, ахоўныя лесанасаджэнні.
Тв.:
Вопросы экономики и планирования сельскохозяйственного производства. Мн., 1960.
т. 8, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІКІ́МАРА,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. усх.-слав. народаў. Паводле павер’яў на Беларусі К. ўвасаблялі заўчасна загінуўшых маленькіх дзяўчынак, якія нябачна жылі ў хаце, назіралі за гульнямі жывых дзяцей, часта самі гарэзавалі (тады ў хаце быццам чуўся піск), але заціхалі і ўздыхалі, калі маці лашчыла сваіх дзяцей. К. таксама былі ўвасабленнем дрэнна зробленых жаночых работ. Павер’і пра К. былі пашыраны пераважна на Пн Беларусі і захоўваліся да пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛА»,
«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.
Ю.М.Чурко.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ДЛІХ ((KudUch) Ганс) (25.10.1823, в. Лобенштайн каля г. Крноў, Чэхія — 11.11.1917),
аўстрыйскі паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т (1848). У рэвалюцыю 1848—49 удзельнік паўстанняў у Вене і Пфальцы (гл. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849), дэп. аўстр. рэйхстага (1848), ініцыіраваў прыняцце закону (7.9.1848) пра скасаванне асабістай залежнасці і павіннасцей сялян. Завочна прыгавораны аўстр. судом да пакарання смерцю; эмігрыраваў у Швейцарыю (1849), потым ЗША (1853), дзе і памёр. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1873).
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)