даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл.гл. таксама ў арт.Галаўныя ўборы.
М.Ф.Раманюк.
Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЕ́ДРЭ ((Niedre) Яніс) (24.5.1909, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 8.12.1987),
латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. культуры Латвіі (1959). Канд.філал.н. (1948). Вучыўся ў Латв. ун-це (1928—30), Рыжскім камерцыйным ін-це (1931—33). Друкаваўся з 1927. Першыя раманы «Вікінгі» (1931), «Віхура над Даўгавай» (1932) аб мінулым лат. народа. У кн. апавяданняў «Ератык у Латгаліі» (1932), «У камерах пяці карпусоў» (1941), «33 апавяданні» (1959), гіст.-біягр. трылогіях «Сяло Пушканы» (1947—61), «Ветэран» (1968—72, Дзярж. прэмія Латвіі 1972), гіст. раманах «Веснавыя воды» (1959), «За акном расце дзядоўнік» (1966), «Я быў, я ёсць, я буду» (1972), «У тую раніцу на золку» (1975), «І вятры гуляюць на папялішчы...», «Не кожнаму давяраюць самае цяжкае» (абодва 1978) і інш. трагічныя і драм. старонкі жыцця і барацьбы лат. народа за незалежнасць, праблемы міру і вайны, узаемасувязь чалавека і прыроды, экалогіі і маралі. Аўтар навук. даследаванняў «Латышскі фальклор» (1948), «Латышская літаратура» (т. 1—2, 1952—53), кн. мемуараў «Дзень за днём» (1965). Быў знаёмы з Я.Купалам, П.Броўкам, М.Лыньковым. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі У. і А.Васілевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл.драм. т-ры. З 1975 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш; у т-ры імя Я.Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.Дударава), Каця («Эшалон» М.Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.Хігінса, Ж.К.Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАРАСІ́ЙСК,
горад-герой у Расіі, у Краснадарскім краі, на беразе Цэмескай (Новарасійскай) бухты Чорнага м. 203,3 тыс.ж. (1996). Буйны порт. Чыг. станцыя. Прам-сць; цэм., маш.-буд. і металаапр., суднарамонтная, буд. матэрыялаў, дрэваапр., харчасмакавая. Марская акадэмія, ф-т Краснадарскага політэхн. ін-та. Гіст.-краязн. музей. У раёне мыса Мысхака («Малая Зямля») мемарыяльны ансамбль.
Засн. ў 1838 як ваен. ўмацаванне на зах. беразе Цэмескай бухты каля руін тур. крэпасці Суджук-Кале (засн. ў 1722, разбурана рус. войскамі ў 1812). У Крымскую вайну 1853—56 пацярпеў ад артыл. абстрэлаў англа-франц. эскадры. З 1866 цэнтр Чарнаморскай акругі Кубанскай вобл., у 1896—1920 — Чарнаморскай губ. З 1896 найбуйнейшы на Паўн. Каўказе порт, цэнтр экспарту збожжа, нафты, нафтапрадуктаў, цэменту. У рэвалюцыю 1905—07 была створана «Новарасійская рэспубліка». У грамадз. вайну паводле загаду У.І.Леніна ў Цэмескай бухце затоплены караблі рас. Чарнаморскага флоту, каб пазбегнуць захопу яго герм. войскамі. У 1918 заняты войскамі Добраахвотніцкай арміі ген. А.І.Дзянікіна, у 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1942—43), амаль поўнасцю разбураны.
Літ.:
Михайлов К.М. Город-герой Новороссийск. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧУ́Й-ЛЯВІ́ЦКІ (сапр.Лявіцкі) Іван Сямёнавіч
(25.11.1838, г.п. Сцяблёў Чаркаскай вобл., Украіна — 15.4.1918),
украінскі пісьменнік; пачынальнік жанру сац. аповесці і рамана ва ўкр. л-ры. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865). Друкаваўся з 1868. Лёс і праблемы сялянства, рабочых прыгоннай і паслярэформеннай Украіны адлюстраваў у сац.-бытавых аповесцях «Мікола Джэра» (1878), «Сям’я Кайдаша» (1879), «Бурлачка» (1880), ідэйныя пошукі інтэлігенцыі — у вострасац. раманах і аповесцях «Хмары» (1874), «Над Чорным морам» (1890), «Неаднолькавымі сцежкамі» (1910), «На гастролях у Мікіцянах» (1911) і інш. Многія яго творы маюць ярка выражаную сатыр. афарбоўку: камедыі «На Кажумяках» (1875), «Галоднаму і апенькі — мяса» (1887), аповесці і апавяданні «Старасвецкія бацюшкі і матушкі» (1884—85), «Афонскі прайдзісвет» (1890), «Сярод ворагаў» (1893), «Старыя гулякі» (1897), «Тэлеграма Грыцу Бындзе» (1911), «Вясковая старшына балюе» (1912). Аўтар гіст. п’ес «Маруся Багуслаўка» (1875), «У дыме і полымі» (1910) і рамана «Князь Ерамія Вішнявецкі» (апубл. 1932). У творах нац. самабытныя характары, каларытныя пейзажныя замалёўкі. Выступаў як літ. крытык, пісаў навук.-папулярныя працы па гісторыі, лінгвістыцы, этнаграфіі, фалькларыстыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр.н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖНЫ (Аляксандр Іосіфавіч) (н. 16.8.1935, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец.
Акад. Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989). Д-рфілал.н. (1982), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1959). З 1962 у Ін-це мовазнаўства (з 1969 заг. аддзела, з 1983 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар), адначасова з 1997 акад.-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. фанетыку і фаналогію, сучасную лексікаграфію, правапіс, культуру мовы. Аўтар прац «Фаналагічная сістэма беларускай літаратурнай мовы» (1969), «Нарыс акустычнай фанетыкі беларускай мовы» (1977), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), сааўт. кн. «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Падручнік беларускай мовы. Для самаадукацыі» (1994), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990), зб. «Пытанні культуры пісьмовай мовы» (1991), вучэбнага дапаможніка «Фанетыка беларускай мовы» (1984), сааўтар і навук. рэдактар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985) і інш.Гал. рэдактар штогодніка «Беларуская лінгвістыка» (з 1989) і час. «Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук» (з 1997).
Тв.:
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987 (у сааўт.);
Практыкум па фанетыцы беларускай мовы. Мн., 1989 (разам з А.А.Крывіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЗЕ́Р’Е, Паўазер’е,
возера ва Ушацкім р-не на мяжы з Бешанковіцкім р-нам Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 28 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 8 км², даўж. 4,8 км, найб.шыр. 1,9 км, найб.глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 17,9 км. Пл. вадазбору 30,9 км². Катлавіна складаецца з паўн. глыбакаводнага (17 м) і паўд. мелкаводнага (да 9 м) плёсаў. Схілы выш. 2—8 м, часткова разараныя, на Пн і ПнЗ — 20—25 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, участкамі зліваюцца са схіламі. Шматлікія залівы. На З і У пойма шыр. да 100—150 м. Дно роўнае, у паўн. плёсе лейкападобнай формы, да глыб. 1 м пясчанае, да 2—3 м укрыта апясчаненымі адкладамі, глыбей сапрапелістае, на макс. глыбінях ілістае. 2 невял. астравы. Мінералізацыя вады 140—150 мг/л, празрыстасць 2,6 м. Эўтрофнае. Расліннасць да глыб. 3—4 м: рдзесты, харавыя водарасці, рагаліснік. Возера зарыблялася сазанам, карпам. Упадаюць ручаі з азёр Любжынскае, Калесіна і возера без назвы, выцякае ручай у воз. Крывое, злучана канавай з воз. Мугірына.