1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.
2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).
Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст.н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.
У развіцці практычнай бел.Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш.бел. кніжнікаў 16—17 ст.Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.Я.Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.
Літ.:
Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;
Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),
рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.Пугачова, погляды Г.Лейбніца, І.Гердэра, К.Гельвецыя, Д.Дзідро, І.Канта, Ж.Ж.Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.
Тв.:
Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;
Стихотворения. Л., 1975;
Избр. Куйбышев, 1982.
Літ.:
Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;
Кулакова Л.И., Западов В.А. А.Н.Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;
Коммент. Л., 1974;
А.Н.Радищев и литература его времени: Сб. ст.Л., 1977;
Шкуринов П.С. А.Н.Радищев: Философия человека. М., 1988;
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ляны́, ля́ный, ле́ны, лены́ ’лянівы’ (ТСБМ, Нас., Мікуц., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Пятк., Маш., КЭС, лаг., ТС; Сл. ПЗБ), слуц.ле́ны дуб ’адзінокі дуб на лузе, у полі’ (БНТ, Лег. і пад.); зах.-рус.ленный, ленной ’гультаяваты’, ст.-рус.лѣный ’павольны’, ’гультаяваты’, польск.leny, в.-луж.lěni, lěny, lijeni ’тс’, чэш.líný ’слабы, самлелы’, ст.-чэш.léni, léný, славен.lẹ̑n, серб.-харв.lȉjen, чак.ле́нӣ, усх.-серб.ле̂њ, ст.-слав.лѣнъ. Прасл.lěnъ ’гультаяваты, павольны, марудны’ (Слаўскі, 4, 157–159). Да і.-е.lē‑ (Шустар-Шэўц, 826). Генетычна яму адпавядаюць: літ.lė́nas ’спакойны, ціхі’, ’слабы’, лат.lḕns ’тс’, літ.lė̃tas ’павольны, ціхі’, lėtùs ’тс’, лац.lēnis ’мяккі, пяшчотны’ (Фасмер, 2, 482–483). Аткупшчыкоў (Из истории, 246) звязвае гэту лексему з коранем leg‑/log‑ > *leg‑s‑nis > лѣнь (пры ізасемантычным радзе ’ляжаць’ — ’гультай’: leg‑e‑nis > лежень), параўн. таксама паралельнае развіццё раду вытворных асновы лѣн — у рускіх гаворках са значэннем ’ляжаць’, напр. лѣнуха, лѣнивка ’лава ля печы’. Сюды ж лень‑дуб ’від дуба, які позна распускаецца’ (ТС), ляні́вы (ст.-бел.ленивый, лѣнивый) ’непрацалюбівы, марудны ў працы, у рухах, вялы’, ляні́цца, лыны́тысь ’ленавацца’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, ТСБМ, Яруш.; Панюціч, 101). Гл. таксама лень1, лень2, ляна́.
Ля́ны2 ’ільняны’ (Сцяшк., маладз.Жыв. сл.). Ля́ны выхад ’рабочы дзень на ўборцы льну’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён, ільняны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус.чарнаморск.ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат.maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур.mayna ’апускай ветразі!’ < італ.(am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.
Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр.манна ’тс’, рус.манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).
Майна́1 ’трызненне’, майна́чыць ’трызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц.майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ.mainaĩ ’абмен, мена’, лат.maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ.mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).
Майна́2 ’водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).
Мяня́ць2 ’гаварыць абы-што, недарэчнае; малоць языком’ (свісл., Сл. ПЗБ), ст.-бел.мѣнити ’называць, казаць, гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп’ (Літ. статут 1529 г.). Укр.поміни́ти ’абяцаць’, польск.nad‑mienić ’згадаць’, палаб.menăm, н.-луж.měniś, в.-луж.měnić ’думаць, меркаваць’, чэш.míniti, славац.mieniť, славен.meníti/méniti ’тс’, серб.-харв.кайк.meniti se, чак.miniti, шток.намијѐнити ’паправіцца’, доме́нути се ’дамовяцца’, макед., балг. у кампозітах, ст.-слав.мѣнити. Прасл.měniti ’помніць’. Паводле вакалізму з’яўляецца роднасным да ст.-в.-ням.meina ’сэнс, думка, меркаванне’, meinem ’думаць, меркаваць’, новав.-ням.meinen, ст.-ірл.māin ’жаданне’, ірл.moin ’погляд, адносіны’, уэльск.mwyn ’густ’. Да і.-е.*men‑ (Мее, MSL, 13, 364; Фрэнкель, 455; Покарны, 726; Бязлай, 2, 177; Махэк₂, 363).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв.осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ.žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск.obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск.obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел.абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш.obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус.обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьza ∼ літ.ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).