Кандзюй, дзяржава, якая існавала каля 2 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. на тэр. сучасных Казахстана і Узбекістана. Засн. качэўнікамі, што насялялі тэрыторыю, прылеглую да р. Сырдар’я (адна з назваў Канга). Уключала цяперашні Ташкенцкі аазіс, частку міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і. У 1 ст. да н.э. падпарадкавала Харэзм, або Кангу, і інш. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, у гарадах — рамёствамі і гандлем. К. ваяваў з Кітаем (армія налічвала да 120 тыс.чал.). У 1—3 ст.н.э. Харэзм і Ташкенцкі аазіс трапілі пад уладу Кушанскай дзяржавы, у сферы ўплыву К. засталіся раёны Паўн. Прыаралля, Ніжняга Паволжа, Перадкаўказзя, Паўд. Прыуралля. Пасля 4 ст. ў крыніцах не згадваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ Пётр Васілевіч (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЦА́РА (Cannizzaro) Станіслао (13.7.1826, г. Палерма, Італія — 10.5.1910),
італьянскі хімік, адзін з заснавальнікаў атамна-малекулярнай тэорыі. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1889). Атрымаў адукацыю ва ун-тах Палерма і Пізы (1841—48). З 1851 праф.Нац. каледжа ў Александрыі, ун-таў Генуі (з 1856), Палерма (з 1861) і Рыма (з 1871). Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў акісляльна-аднаўленчае дыспрапарцыянаванне араматычных альдэгідаў пад уздзеяннем шчолачы з утварэннем першасных спіртоў і карбонавых кіслот (1853, рэакцыя К.), бензілавы спірт. На аснове закону Авагадра размежаваў паняцці «атам», «эквівалент», «малекула» (1858).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАР,
двухпазіцыйны камутацыйны апарат з самазваротам для частых пераключэнняў у эл. ланцугах нізкага напружання; разнавіднасць выключальніка. Бываюць пастаяннага і пераменнага (прамысл. і высокай частаты) токаў.
Дапускаюць да 1500 уключэнняў-выключэнняў за гадзіну, камутуюць токі да 1 кА Маюць пераважна эл. прывод, часам пнеўматычны ці гідраўлічны. К. пастаяннага току (1- і 2-полюсныя) прызначаны пераважна для кіравання эл. рухавікамі пастаяннага току (у трамваях, тралейбусах, электравозах і інш.), а К. пераменнага току (3- і шматполюсныя) — для кіравання асінхроннымі эл. машынамі (прыводы станкоў, ліфтаў, кранаў). Выкарыстоўваюцца таксама ў аўтаматызаваных вытв. устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́СІЯ (ад лац. concessio дазвол, уступка),
1) дагавор (пагадненне) на перадачу дзяржавай або мясц. органамі ўлады ў эксплуатацыю прыватным прадпрымальнікам, замежным фірмам або інш.юрыд. асобам прамысл. прадпрыемстваў, участкаў зямлі з правам здабычы карысных выкапняў, буд-ва розных аб’ектаў з мэтай развіцця або аднаўлення нац. эканомікі ці асваення прыродных багаццяў; само прадпрыемства, арганізаванае на аснове такога дагавору. У К. прадугледжваецца памер і парадак налічэння арэнднай платы, абавязацельствы канцэсіянера (фіз. або юрыд. асобы, якія атрымалі К.) па ахове і аднаўленні навакольнага асяроддзя, парадак найму работнікаў і інш. 2) Узнагарода, якую атрымліваюць банкі за арганізацыю продажу нанава выпушчаных каштоўных папер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),
род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).
Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).
Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, танок,
масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст.Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз.маст. калектывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЁЎ Павел Міхайлавіч (29.7.1915, в. Крыцкія Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1.3.1998),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу ў Ленінградзе (1947). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял.Айч. вайну з жн. 1941 на Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Вызначыўся ў баях на рубяжы р. Одэр: з 27.1 да 4.2.1945 батарэя пад камандаваннем капітана К. ў раёне г. Алава (Польшча) адбіла 11 контратак пяхоты і танкаў праціўніка; 5 лютага, знаходзячыся ў акружэнні ворага, у крытычны момант бою К. выклікаў агонь сваёй артыл. на сябе, адбіў 14 контратак і ўтрымаў плацдарм. Да 1957 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)], катаробіі,
арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТАЛЯ́Н (ад лац. castellum замак),
пасада ў Польшчы і ВКЛ. У Польшчы ў 12—13 ст.К. — намеснік князя або караля на пэўнай тэрыторыі з цэнтрам у замку. Ажыццяўляў адм.-вайсковую і суд. ўладу над залежным насельніцтвам. Пасля з’яўлення ў пач. 14 ст. старостаў страціў рэальную ўладу, але меў гарантаванае месца ў каралеўскай радзе, пасля ў Сенаце. Існавалі да 1831. У ВКЛ уведзены ў 1413 у Вільні і Троках, у 1566 — у інш. ваяводскіх гарадах. Уваходзілі ў Раду ВКЛ, з 1569 у Сенат Рэчы Паспалітай. К. не меў акрэсленых функцый, у службовай іерархіі займаў месца пасля ваяводы.