БУЛГАРО́ЎСКІ Станіслаў (1.5.1872—24.10.1935),

юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.

В.​А.​Гапоненка.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРШ Яша (сапр. Анісяровіч Янка; н. 12.11.1929, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і мастак. Жыве ў Польшчы. Скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтва (1957). Дэбютаваў вершамі ў беластоцкім зб. «Рунь» (1959). Аўтар паэт. кнігі «Прамень думкі» (Беласток, 1964). Друкаваўся ў альманаху «Белавежа» (1965, 1971) і інш. Вершы Бурша пра складаны духоўны свет сучаснага чалавека, выбар ім шляхоў у грамадстве, інтымныя пачуцці. Шмат месца займае пейзажная лірыка. Паэтычная мова Бурша ўскладненая, разлічана на вобразна-асацыятыўнае мысленне чытача. Адзін з арганізатараў бел. літ.-маст. руху на Беласточчыне. Жывапісныя творы Б. выстаўляліся ў Польшчы і за мяжой.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Валерый Фёдаравіч (н. 2.8.1934, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1963, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1963). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1955), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 14—19.6.1963 здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-5» адначасова з палётам В.У.Церашковай на касм. караблі «Усход-6», 15—23.9.1976 з У.В.Аксёнавым — на касм. караблі «Саюз-22», 26.8—3.9.1978 з З.​Енам (касманаўт б. ГДР) — на караблі «Саюз-31» і арбітальным комплексе «Салют-6» — «Саюз-29». У космасе правёў 20,7 сут.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ Гафар Рустамавіч (н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),

таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.​Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.​Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.​Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.​Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСА́К Сяргей Адамавіч (2.4.1930, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1969),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1966). Брат А.А.Гусака і М.А.Гусака. Скончыўшы БДУ (1955), настаўнічаў. З 1960 у НДІ педагогікі, у 1962 у Мін-ве асветы БССР, з 1965 у БДУ. У 1968—69 рэктар Брэсцкага пед. ін-та. Друкаваўся з 1959. Даследаваў праблемы сучаснай бел. прозы (апавяданні В.​Адамчыка, Я.​Брыля, М.​Даніленкі, М.​Капыловіча, І.​Навуменкі, Б.​Сачанкі і інш., раманы І.​Шамякіна, М.​Лобана і інш.).

Тв.:

Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;

Пафас праўды. Мн., 1973.

т. 5, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДВУХ СУСЕ́ДАЎ»,

цыкл ананімных твораў бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Выдаваўся асобнымі выпускамі Б.​Шварцэ, А.​Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. У 1861—62 выйшлі 4 нумары. Напісана ў форме вершаванага дыялогу двух сялян — бывалага, спрактыкаванага Матэвуша і праставатага, наіўнага Юзафа. Зместам і ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда», некат. палажэннямі набліжаецца да публіцыстыкі «Мужыцкай праўды». Была каля вытокаў бел. дэмакр. прэсы. Выказвалася думка, што яе аўтары — У.​Сыракомля і В.​Каратынскі.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 21—24.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБУЛЯ́ВІЧУС (Dobulavičus) Андрус (19.7.1896, б. маёнтак Паравеяй, Біржайскі р-н, Літва — 20.6.1938),

літоўскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Маскве ў Камуніст. ін-це нац. меншасцей Захаду (1922—25), Акадэміі камуніст. выхавання (1929—31), потым у Ін-це чырв. прафесуры. З 1927 жыў і працаваў у Беларусі. З 1935 у Мінску. У 1935 арыштаваны і беспадстаўна прыгавораны да 5 гадоў зняволення, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Аўтар зб. вершаў «Мая радзіма» (1936, Мінск, на літ. мове). Лірыцы Дабулявічуса ўласцівы песеннасць, пошукі новых выяўл. сродкаў. У нарысах узнімаў бел. тэматыку.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЭ́Н (Dassin) Джо (5.11.1938, Нью-Йорк — 21.8.1980),

французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.​Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.​Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎБЭ Вальдэмар Пятровіч (28.2.1895, хутар Міле Валміерскага р-на, Латвія — 12.10.1950),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. З 1911 працаваў на Віцебшчыне. З 1918 ваен. камісар Віцебскай губ., чл. Віцебскага губкома РКП(б) і губвыканкома, камісар Смаленскай дывізіі (у Віцебску), камісар зводнага Віцебскага атрада, з якім праводзіў ліквідацыю мяцяжоў эсэраў у Оршы і Сянно. 3 вер. 1918 камісар 1-й Магілёўскай, 24-й «Жалезнай» дывізій. З 1919 на Усх., Туркестанскім франтах. У 1922—24 нач. Віцебскага губ. аддзела АДПУ. Пазней да 1945 на кіруючых пасадах у органах АДПУ, НКУС, НКДБ. Канд. у чл. ЦВК СССР у 1924—25.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШЫ́ЕЎ Дугаржап Цырэнавіч (н. 15.5.1939, с. Улзар, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1969). З 1969 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Атэла, Дон Карлас, Альфрэд, Радамэс («Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Баір («Цудоўны скарб» Б.​Ямпілава), Энхэ («Энхэ—Булат-батар» М.​Фралова). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (Масква, 1968). Дзярж. прэмія Бураціі 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)