МАБІЛЬЁН, Мабіён (Mabillon) Жан (26.12.1632, г. Сен-П’ермон, Францыя — 27.12.1707), французскі гісторык, заснавальнік дыпламатыкі і палеаграфіі. Чл. кангрэгацыі маўрыстаў. З 1664 працаваў у бібліятэцы манастыра Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (Парыж). З 1701 чл. акадэміі надпісаў. Здзейсніў шматтомную публікацыю крыніц па гісторыі бенедыкцінцаў з каментарыямі і заўвагамі (13 тамоў, 2 апошнія скончаны інш. маўрыстамі). Распрацаваў методыку вызначэння сапраўднасці дакумента, устанавіў адзнакі датавання і лакалізацыі рукапісу, стварыў тэорыю «нац. тыпаў» лац. пісьма.
т. 9, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КІНТАШ ((Mackintosh) Чарлз Рэні) (7.6.1868, г. Глазга, Шатландыя — 10.12.1928),
шатландскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Школе мастацтва ў Глазга (1885—92). Працаваў у Глазга і Лондане. Для работ характэрны пластычная выразнасць геаметрызаваных аб’ёмаў, фактурныя эфекты (будынак Школы мастацтва ў Глазга, 1898—1909), функцыян. мэтазгоднасць кампазіцыі і дэкору. Афармляў інтэр’еры, канструяваў мэблю. Творчасць М. істотна паўплывала на развіццё нац.-рамант. плыней і фарміраванне функцыяналізму ў архітэктуры Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстрыі.
т. 9, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛАН ((Mellon) Эндру Уільям) (24.3.1855, г. Пітсбург, ЗША — 26.8.1937),
амерыканскі дзярж. дзеяч, прадпрымальнік, банкір. Узначальваў заснаваны ў 1869 яго бацькам прыватны «Мелан нэшанал банк», лічыўся вядучым банкірам ЗША. У 1921—32 міністр фінансаў ЗША, удзельнічаў у распрацоўцы Даўэса плана і Юнга плана для Германіі. У 1932—33 пасол у Вялікабрытаніі. Яго карцінная галерэя ўвайшла ў Нац. галерэю мастацтва ў Вашынгтоне. Адыграў найб. значную ролю ў стварэнні багацця сям’і Меланаў.
т. 10, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫФІ́ЛД ((Merrifield) Роберт Брус) (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),
амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.
т. 10, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ НЯЎРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
міжнародныя аб’яднанні нац. груп, саюзаў і прыватных асоб няўрадавага характару, створаныя імі з мэтай спрыяння міжнар. супрацоўніцтву ў паліт., эканам., навук.-тэхн., культурнай, гуманітарнай і інш. галінах чалавечай дзейнасці. Такія аб’яднанні павінны адпавядаць наст. крытэрыям: ажыццяўляць сваю дзейнасць у больш чым 2 дзяржавах, быць міжнароднымі паводле сваіх мэт, складу членаў, структуры і фін. падтрымцы. У наш час у свеце існуе больш за 3 тыс. М.н.а.
т. 10, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НГУЕ́Н ВАН Х’ЕЎ (Nguyễn Vãn Hieû; н. 21.6.1938, Ханой),
в’етнамскі фізік-тэарэтык. Замежны чл. АН СССР (1982). Скончыў Ханойскі пед. ін-т (1956). З 1960 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна), з 1970 дырэктар Ін-та фізікі ў Ханоі, з 1983 старшыня Нац. цэнтра навук. даследаванняў В’етнама. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц (класіфікацыя і структура элементарных часціц) і фізіцы нейтрына. Ленінская прэмія 1986.
т. 11, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),
дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФЁРАЎ (Вадзім Паўлавіч) (н. 16.9.1934, г. Дзмітраў Маскоўскай вобл.),
расійскі і бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1959). З 1990 у Брэсцкім аддзяленні Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па аўтаматызацыі схематэхн. праектавання, сістэмах лагічнага мадэліравання, апісанні алгарытмаў тэнзарнымі ўраўненнямі.
Тв.:
Проектирование и применение систем математического обеспечения. М., 1983.
М.П.Савік.
т. 12, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,
права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМА (Saimaa),
сістэма азёр на ПдУ Фінляндыі ў паніжэннях стараж.-ледавіковага рэльефу. Пл. каля 4,4 тыс. км² (найб. воз. Сайма — каля 1,8 тыс. км²), глыб. да 82 м. Берагі моцна парэзаныя, часта скалістыя. Шмат астравоў. Ледастаў са снежня па май. Сцёк у Ладажскае воз. па р. Вуокса. Сайменскім каналам злучана з Фінскім зал. Балт. мора. На астравах воз. Хаўківесі — нац. парк Лінансаары. Транспарціроўка лесу, суднаходства, рыбалоўства. Парты: Лапеэнранта, Саванліна, Мікелі, Іоэнсу.
т. 14, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)