А́ТАМНЫ ФЛОТ (ваен.),

сукупная назва караблёў і суднаў рознага класа з ядзернымі энергет. ўстаноўкамі. Уключаюць атамныя падводныя лодкі і надводныя караблі. Развіваецца з 1950-х г. (першая атамная падводная лодка ў ЗША здадзена ў эксплуатацыю ў 1954). Атамныя падводныя лодкі ёсць у ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, КНР. Надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры і інш.) уваходзяць у склад ВМС ЗША і ВМФ Расіі. Атамны флот валодае значна большым энергетычным і баявым патэнцыялам у параўнанні з караблямі такога класа са звычайнымі энергет. ўстаноўкамі.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЛАЎ ((Barlow) Петэр) (13.10.1776, Норвіч, графства Норфалк, Вялікабрытанія — 5.3.1862),

англійскі матэматык і фізік. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1823), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Адукацыю атрымаў самастойна. З 1801 выкладаў у Каралеўскай ваен. акадэміі ў Вулвічы. Навук. работы па матэматыцы, эл.-магнетызме і оптыцы. Распрацаваў ахраматычныя лінзы, сканструяваў першую мадэль эл. рухавіка, склаў «Барлаў табліцы» (1814), якія рэгулярна перавыдаваліся да 1947.

Тв.:

Таблицы квадратов, кубов, квадратных корней, кубических корней и обратных величин всех целых чисел до 15 000. М., 1975.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́К-ВАЛЫ́НСКІ (Дзмітрый Міхайлавіч) (да 1356 — каля 1389),

князь, адзін з бліжэйшых баяр вял. кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога, быў жанаты з яго сястрой Ганнай. Сын літоўскага кн. Карыята Міхала Гедзімінавіча. Выехаў з Валыні ў Маскву (верагодна, паміж 1366—68). Удзельнічаў у паходах на Разань (1371), супраць волжскіх булгар (1376) і ВКЛ (1379). У Кулікоўскай бітве 1380 разам з кн. Уладзімірам Андрэевічам Храбрым камандаваў засадным палком, які дзякуючы вытрымцы і ваен. майстэрству Баброва-Валынскага своечасовым ударам змяніў ход бітвы на карысць рус. войска.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМЕ́ЙДА МЕДЫ́НА ((Almeida Medina) Кладаміра) (н. 11.2.1923, г. Сант’яга),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т. У 1952—53 міністр працы, У 1953—56 міністр гарнаруднай прам-сці, у 1970—73 міністр замежных спраў, нац. абароны ва ўрадзе С.Альендэ Госенса. Арыштаваны ў час ваен. перавароту (1973). У 1975 вызвалены і высланы з краіны. У 1978—89 нам. ген. сакратара, ген. сакратар Сацыяліст. партыі Чылі, старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі Чылі, з 1988 старшыня Каардынацыйнага к-та сацыяліст. партый краін Лац. Амерыкі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЛЕРФЕЛЬТ ((Adlerfelt) Густаў) (1671—9.7.1709),

шведскі прыдворны. Вучыўся ва ун-тах Упсалы (Швецыя), Гале (Германія), падарожнічаў па краінах Еўропы. З 1700 гофюнкер, з 1701 пры двары Карла XII, суправаджаў яго ў паходах. Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. Загінуў у баі пад Палтавай. Вёў дзённік ваен. падзей, у т. л. на Беларусі, дапаўняў яго афіц. дакументамі, інш. крыніцамі. Часткова надрукаваны (ананімна) у 1707 у Гамбургу, дапрацаваны сынам, выдадзены на франц., англ. і ням. мовах (1740—42); у арыгінале выдадзены ў 1919.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АБ’ЯДНА́НЫЯ ІРЛА́НДЦЫ»

(United Irishmen),

ірландская паліт. арг-цыя ў 1791—98. Створана ў г. Белфаст Т.У.Тонам, Э.Фіцджэралдам, Т.​Раселам і інш. з мэтай дасягнення свабоды каталіцкага веравызнання, правядзення (разам з пратэстантамі) парламенцкай рэформы. З 1794 ператварылася ў падп. рух за незалежнасць Ірландыі. Вяла перамовы з рэв. Францыяй аб ваен. дапамозе. Напярэдадні запланаванага на 1798 паўстання лідэры «Аб’яднаных ірландцаў» былі арыштаваны, што пазбавіла паўстанцаў цэнтралізаванага кіраўніцтва. Толькі ў графстве Уэксфард яны захапілі частку тэр., але не ўтрымалі яе. Паўстанне пацярпела крах.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС ((Gómez) Хуан Вісентэ) (24.7.1857, г. Сан-Антоніо, штат Тачыра, Венесуэла — 17.12.1935),

ваенны і дзярж. дзеяч Венесуэлы. У 1899 удзельнічаў у путчы С.Кастра, быў губернатарам федэральнай акр. Каракаса. У 1901—08 віцэ-прэзідэнт і галоўнакамандуючы. У выніку здзейсненага ім пры падтрымцы войск ЗША перавароту прэзідэнт краіны (1909—35), устанавіў ваен. дыктатуру (неаднаразова зменена канстытуцыя, забаронены паліт. партыі, прафсаюзы і інш.). У час яго праўлення значна павялічыўся ўплыў у Венесуэле замежнага (пераважна амерыканскага) капіталу, што садзейнічала развіццю здабычы нафты (эканам. ўздым).

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.

І.П.Гаманкоў.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМСАХУ́РДЫЯ (Звіяд Канстанцінавіч) (1939—1.1.1994),

грузінскі дзярж. і паліт. дзеяч, паэт, белетрыст. Сын К.Гамсахурдыя. Скончыў Тбіліскі ун-т. Канд. філал. н. З 1950-х г. уключыўся ў грамадска-паліт. дзейнасць, праследаваўся ўладамі, у 1977—79 рэпрэсіраваны. Працаваў у Ін-це груз. л-ры імя Ш.​Руставелі. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета Грузіі, у крас. 1991 — студз. 1992 прэзідэнт Рэспублікі Грузія; адхілены ад улады паводле рашэння Ваен. савета Рэспублікі Грузія і пакінуў краіну. Аўтар навук. прац, перакладаў зборнікаў вершаў, баек і інш.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДАВІКО́Ў (Басан Бадзьмінавіч) (15.11.1910, хутар Мокрая Яльмута Пралетарскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 17.8.1983),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938), камандна-штурманскага саставу ВПС (1941), Генштаба (1955). З ліп. 1941 на Зах., Крымскім, 2-м Прыбалт., 3-м Бел., 1-м Далёкаўсх. франтах. Стралк. дывізія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Віцебска, Вільні, Каўнаса, у час прарыву абароны праціўніка ва Усх. Прусіі. Да 1961 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)