ТЭХНІ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, асобныя часткі якіх выкарыстоўваюць як сыравіну для прам-сці. Крухмаланосныя культуры маюць крухмал у клубнях (бульба, батат, ямс і інш.), цукраносныя культуры — цукар у сцёблах (цукр. трыснёг, цукр. клён), караняплодах (цукр. буракі), суквеццях (цукр. і вінная пальмы). У алейных культур расл. алеі назапашваюцца ў насенні і пладах (сланечнік, арахіс, соя, клешчавіна, рапс, кунжут, гарчыца, лён алейны, какосавая і алейная пальмы, масліна, тунг), у эфіраалейных культур эфірныя алеі — у надземных частках (мята, герань, базілік), кветках (ружа эфірнаалейная, лаванда, тубероза, бэз), пладах (каляндра, аніс, фенхель), каранях і карэнішчах (ветыверыя, касач). Прадзільныя культуры маюць тэкст. валокны ў сцёблах (лён-даўгунец, джут, кенаф, каноплі), лісці (новазеландскі лён), насенні (бавоўнік), пладах (сейба). Вылучаюць таксама дубільныя расліны (скумпія, бадан, елка, лістоўніца, некат. віды дуба), каўчуканосныя расліны (гевея, гваюла), фарбавальныя расліны (марэна, вайда, сафора японская, шафран), лекавыя расліны (валяр’ян, наперстаўка, беладонна, хіннае дрэва, жэньшэнь), наркатычныя расліны (тытунь, махорка, індыйскія каноплі, мак опійны), гутаперчаносныя (эўкомія, палаквіум, паена, брызгліна), карканосныя (коркавы дуб), інш. Як Т.к. выкарыстоўваюць хмель, варсянку і інш.

т. 16, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВЯДЗЕ́НСКІ Аляксандр Іванавіч (31.3.1856, г. Тамбоў, Расія —7.3.1925),

расійскі філосаф, псіхолаг, логік, прадстаўнік неакантыянства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881), працаваў у ім у 1881—84, 1887—1922 (з 1890 праф.). У сваёй філас. канцэпцыі — «лагіцызме» — развіваў і паглыбляў асн. палажэнні І.​Канта. На думку У., усялякае душэўнае жыццё падпарадкоўваецца ўздзеянню закону адсутнасці аб’ектыўных адзнак адушаўлення («псіхафізічны закон У.»), таму чужую душу нельга аднесці да пазнавальных з’яў. Прызнанне самога факта духоўнасці ў інш. людзях лічыў выяўленнем маральнага пачуцця чалавека, звязанага з маральным абавязкам, свабодай волі («Пра межы і адзнакі адушаўлення», 1892). Навук. псіхалогію лічыў дысцыплінай, што абмяжоўваецца апісаннем душэўных станаў з дапамогай метаду інтраспекцыі (саманазірання); крытычна ставіўся да эксперым. псіхалогіі і яе эмпірычных магчымасцей («Псіхалогія без усялякай метафізікі», 1914). Логіку разглядаў як частку гнасеалогіі, а яе гал. функцыяй лічыў праверку дакладнасці працэсу пазнання («Логіка як частка тэорыі пазнання», 1909). Выступаў супраць атэізму, які, на яго думку, з’яўляецца вынікам нізкай культуры грамадства, засілля матэрыялізму, пазітывізму і марксізму («Лёс веры ў бога ў барацьбе з атэізмам», 1922).

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́РД (Ward) Лестэр Франк (18.6.1841, г. Джоліет, штат Ілінойс, ЗША — 18.4.1913),

амерыканскі сацыёлаг і палеантолаг. Прэзідэнт Амер. сацыялагічнай асацыяцыі (1906—08). Навук. дзейнасць пачынаў як геолаг і палеантолаг; адзін з заснавальнікаў палеабатанікі. Яго сацыялагічныя погляды фарміраваліся пад уплывам эвалюцыянісцкіх ідэй А.Конта і Г.Спенсера. Выступаў супраць біялагізму і жорсткага дэтэрмінізму ў сацыялогіі; лічыў, што ў аснову сац. навукі павінны быць пакладзены прынцыпы псіхалогіі, што сац. працэсы адрозніваюцца ад прыродных мэтанакіраваным і творчым характарам. У якасці першаснай сац. сілы разглядаў жаданні, на аснове якіх фарміруюцца інтэлектуальныя, маральныя і эстэт. патрэбнасці. Паводле У., рэалізацыя патрэбнасцей у творчай дзейнасці чалавека забяспечвае развіццё грамадства. Абсалютызаваў ролю чалавечага інтэлекту як гал. фактару гіст. развіцця; лічыў, што навука павінна забяспечваць тэарэт. фундамент сац. прагрэсу. Выступаў з ідэямі пабудовы ідэальнага грамадства, у якім кантроль над сац. сіламі будзе ажыццяўляцца пры дапамозе «калект. розуму». Аўтар прац «Дынамічная сацыялогія, ці Прыкладная сацыяльная навука, заснаваная на статыстычнай сацыялогіі і менш складаных навуках» (1883), «Чыстая сацыялогія» (1903) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Психические факторы цивилизации. СПб. и др., 2001.

т. 16, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні фосфару з больш электрададатнымі элементамі, пераважна металамі.

Паводле тыпу хім. сувязі Ф. падзяляюць на іонныя, кавалентныя і металападобныя. Іонныя (Ф. шчолачных і шчолачназямельных металаў) — солепадобныя рэчывы, якія лёгка гідралізуюцца вадой, добра раствараюцца ў к-тах з вылучэннем гідрыду фосфару (фасфіну) PH3. Кавалентныя (Ф. элементаў IIIA і IVA падгруп перыяд. сістэмы хім. элементаў, акрамя талію) — тугаплаўкія рэчывы (напр., Ф. бору BP мае tпл 2250 °C), пераважна тыповыя паўправаднікі (напр., Ф. галію GaP і індыю InP з шырынёй забароненай зоны 2,25 эВ і 1,28 эВ адпаведна). Металападобныя — Ф. пераходных металаў, састаў якіх звычайна не адпавядае валентнасці элементаў (напр., Ф. хрому Cr3P, кобальту Co2Р), тугаплаўкія рэчывы, устойлівыя да ўздзеяння вады і кіслот. Асн. метад атрымання Ф. — сінтэз з простых рэчываў у вакууме, інертнай атмасферы або пад ціскам пары фосфару. Выкарыстоўваюць пераважна GaP і InP як паўправадніковыя і оптаэлектронныя матэрыялы, а таксама Ф. цынку Zn3P2 як заацыд (для барацьбы з грызунамі). Ф. таксічныя з прычыны вылучэння PH3 (ядавіты бясколерны газ з пахам гнілой рыбы, ГДК 0,1 мг/м³).

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЗЕАЛАГІ́ЧНАЯ АДЗІ́НКА.

фразеалагізм, устойлівая, узнаўляльная адзінка мовы з цэласным значэннем і эмацыянальна-экспрэсіўнай выразнасцю. Складаецца не менш як з двух слоў, з якіх прынамсі адно семантычна пераасэнсаванае.

У моўным працэсе Ф.а. выступаюць як члены сказа або далучаюцца да кантэксту, не ўтвараючы самі па сабе тэксту. Найб. пашыраная ў сучаснай бел. фразеалогіі класіфікацыя Ф.а. — семантычная, якая падзяляе Ф.а. ў залежнасці ад ступені семантычнай злітнасці кампанентаў на 4 групы: фразеалагічныя зрашчэнні, або ідыёмы («душу адвесці»); фразеалагічныя адзінствы, семантыка якіх матывавана асобнымі значэннямі слоў, што іх складаюць («жывога месца не пакінуць»); фразеалагічныя злучэнні, дзе ёсць словы са свабоднымі звязаным ужываннем («разявіць рот»); фразеалагічныя выразы, семантычна члянёныя са свабодным значэннем, але са сталым складам і значэннем у спалучэнні слоў («асадзі назад»). Ужываюцца ў розных стылях мовы, найб. характэрны для гутарковай мовы. Ф.а. адлюстроўваюць нац. спецыфіку мовы. яе самабытнасць; характарызуюцца ацэначнасцю, належаць да яркіх выяўл. сродкаў мовы.

Літ.:

Аксамітаў А.С. Беларуская фразеалогія. Мн., 1978;

Янкоўскі Ф.М. Беларуская фразеалогія. Мн., 1981;

Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. Мн., 1984.

А.​С.​Аксамітаў.

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЕ І НАФТАХІМІ́ЧНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна агульнага машынабудавання, прадпрыемствы якога вырабляюць разнастайнае тэхнал. абсталяванне, а таксама камплекты тэхнал. ліній і ўстановак для хім. і нафтахім., нафтавай і газавай прам-сці. Як самаст. галіна машынабудавання ўзнікла ў канцы 19 ст. На Беларусі пачала стварацца пасля 2-й сусв. вайны. У рэспубліцы няма буйных спецыялізаваных прадпрыемстваў гэтай галіны, але больш як на 20 з-дах наладжаны выпуск разнастайнай яе прадукцыі. Так, Мінскі электратэхнічны завод імя В.​І.​Казлова вырабляе нафтапрамысл. абсталяванне, Гродзенскі мех. з-д — хім. абсталяванне і запасныя часткі да яго, «Мінскстроммаш» — абсталяванне для хім. прам-сці, з-д «Сейсматэхніка» ў Гомелі — абсталяванне для абследавання і рамонту свідравін, Магілёўскі рамонтна-мех. з-д — запчасткі для хім. абсталявання, «Тэрма-Брэст» (сумеснае бел.-венгерска-аўстрыйскае прадпрыемства) — фільтры газавыя і клапаны электрамагнітныя газавыя, Навагрудскі завод газавай апаратуры — лічыльнікі расходу газу, «Колерніт» (прадпрыемства ў г. Дзяржынск) — краны газавыя, рэгулятары ціску газу і інш. З замежных краін машынабудаванне гэтай прам-сці найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРАСІ́МА, Хіросіма,

горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хірасіма. 1109 тыс. ж. (1995). Порт у дэльце р. Ота. Важны трансп., прамысл. і культ. цэнтр. Аэрапорт. Прам-сць: судна- і станкабудаванне, аўтамаб., ваен., гумава-тэхнічная, дрэваапр., папяровая, тэкст., харч., паліграфічная. Ун-т. Парк Міру (1951—52) — арх.-паркавы сімвалічны ансамбль са шматлікімі скульптурамі, кенатафам, Вечным агнём, Фантанам малітвы, мемарыяльным музеем Міру. Каркас Прамысл. выставачнай залы (адзіны будынак, ацалелы ў час бамбардзіроўкі; вядомы як Атамны Дом). Фестываль Міру (6 жніўня).

Засн. ў 1580—1610 як прызамкавы горад і порт. Зручнае размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю, рамяства, прам-сці. У 2-ю сусв. вайну падвергнуты атамнай бамбардзіроўцы (6.8.1945) амер. авіяцыяй. Ад выбуху загінула больш за 200 тыс. чал., разбурана каля 75 тыс. будынкаў; многія жыхары памерлі пасля вайны ад хвароб, звязаных з радыяцыяй. Адбудавана, на месцы выбуху атамнай бомбы ў Х. ўзведзены мемарыяльны комплекс Міру. З 1959 у Х. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.

Літ.:

Искендеров А.А. Феодальный город Японии XVI столетия. М., 1961;

Брукнер К. Садако хочет жить!: Пер. с нем. М., 1964.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЗІЙ (лац. Caesium),

Cs, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 55, ат. м. 132,905; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны Ц. — стабільны нуклід ​133Cs. У зямной кары 3,7∙10​−4% па масе, асн. мінерал — палуцыт. Адкрыты ў 1860 Р.В.Бунзенам і Р.Р.Кірхгофам, назва ад лац. caesium — блакітны (па ярка-сініх лініях у спектры).

Вельмі мяккі, легкаплаўкі (tпл 28,44 °C) серабрыста-белы метал, шчыльн. 1904 кг/м³ (20 °C). Хімічна найб. актыўны шчолачны метал. На паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід CsO2 з прымессю пераксіду CS2O3). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Захоўваюць у ампулах са шкла пірэкс у атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць метал. Ц. як кампанент матэрыялаў катодаў для фотаэлементаў і фотаэлектронных памнажальнікаў, змазачных матэрыялаў для касм. тэхнікі, у вакуумных электронных прыборах; па́ру — як рабочае цела ў магнітагідрадынамічных генератарах, газавых лазерах, іонных ракетных рухавіках. Прадукты ядз. рэакцыі дзялення маюць значную колькасць розных радыенуклідаў Ц., найб. небяспечны з іх ​137Cs (перыяд паўраспаду 30 гадоў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРЭ́ЗЕМАН (Stresemann) Густаў (10.5.1878, Берлін — 3.10.1929),

нямецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат. Д-р філасофіі і права (1902). Вучыўся ў Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1903 — 18 нам. старшыні Саюза герм. прамысловасці. З 1907 неаднаразова выбіраўся дэпутатам рэйхстага. У 1-ю сусв. вайну прыхільнік анексій. З 1918 і да канца жыцця лідэр нямецкай нар. партыі. У жн.—ліст. 1923 рэйхсканцлер, узначаліў урад т.зв. вял. кааліцыі. Як прыхільнік моцнай улады, перапыняў нападкі на існуючы лад з боку і левых і правых экстрэмісцкіх сіл (падавіў камуніст. паўстанні ў Саксоніі і Цюрынгіі, «піўны путч» 1923 у Мюнхене). У 1923—29 міністр замежных спраў. Устанавіў цесныя кантакты з большасцю зах. краін, паслядоўна выконваючы ўсе ўмовы Версальскага дагавора 1919. У 1924 прыняў план Даўэса па рэпарацыях, падпісаў Лакарнскія дагаворы 1925, у 1926 прывёў Германію ў Лігу Нацый і падтрымаў план О.​Юнга па рэпарацыях, падпісаў пакт Брыяна—Келага 1928, які абвясціў адмову ад вайны як зброі нац. палітыкі. Выступаў за развіццё адносін з СССР (Берлінскі дагавор аб нейтралітэце 1926). Нобелеўская прэмія міру 1926 (з А.​Брыянам).

Н.​К.​Мазоўка.

Г.Штрэземан.

т. 17, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́КСПАРТ (англ. export ад лац. exportare вывозіць),

вываз тавараў і капіталаў за мяжу для рэалізацыі на знешніх рынках; вываз за мяжу тавараў айч. вытв-сці і рээкспарт тавараў замежнага паходжання. Адрозніваюць Э. тавараў, вырабаў, інш. матэрыяльных і рэчавых даброт; Э. як кампенсацыю прадастаўленых замежнаму партнёру паслуг вытв. характару і спажывецкага прызначэння; Э. капіталу — размяшчэнне яго за мяжой у грашовай або таварнай форме праз сферу паслуг (у т. л. ў форме патэнтаў, ліцэнзій, ноў-хаў), што вядзе да стварэння замежнай уласнасці або інш. формы абавязацельстваў, якія даюць права на сістэматычнае атрыманне прыбыткаў. Вылучаюць таксама нябачны Э., што фарміруецца за кошт платы ад рэалізацыі трансп. паслуг айч. транспартам па перавозцы пасажыраў і грузаў інш. краін, даходаў ад замежнага турызму і інш. Ва ўмовах рыначных адносін Э. — асн. форма міжнар. эканам. супрацоўніцтва і падзелу працы, служыць матэрыяльнай перадумовай імпарту як асн. крыніцы яго аплаты і разлікаў па знешнім доўгу. Экспартныя і імпартныя адносіны ўзаемазвязаны і разам даюць магчымасць ацаніць эфектыўнасць знешняга гандлю. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі.

В.​Р.​Залатагораў.

т. 18, кн. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)