адысці́ся, адыдуся, адыдзешся, адыдзецца; пр. адышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. адыдзіся; зак.

Ідучы, аддаліцца ад якога‑н. месца. Лявонка пачаў збіраць ягады і не заўважыў, як адышоўся ў бок ад статка. Шуцько. Стары паказаў мне месца, дзе сесці, а сам адышоўся крокаў за дваццаць і таксама сеў. Ляўданскі. // Перамясціцца, аддаліцца (аб падзеях, з’явах прыроды і пад.). За дзень вайна адышлася далёка наперад. Чорны. // перан. Прайсці новы этап, падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. [Лабановічу] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́каціцца, ‑качуся, ‑кацішся, ‑каціцца; зак.

1. Коцячыся, выйсці, выпасці адкуль‑н. Мячык выкаціўся на дарогу. Яблык выкаціўся з кошыка. □ У старога паволі выкаціліся з вачэй дзве слязінкі. Чорны. // З’явіцца на небе (пра сонца, месяц, зоры). З-за лесу выкацілася сонца, іскрыстае, цёплае. Сачанка. // Выехаць адкуль‑н., куды‑н. З-за рогу борзда і крута выкаціўся з задзірлівым лапатаннем трактар. Шынклер. Брук скончыўся, і воз выкаціўся на дарогу мяккую, з пясочкам. Арочка.

2. Разм. Хутка выйсці, выбегчы адкуль‑н. Андрушка пабег да свайго сябрука Паўліка, свіснуў каля хаты. Паўлік выкаціўся мігам. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зака́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.

закапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.

2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здабы́ча, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здабываць — здабыць. Здабыча золата. □ Вельмі ж непрадумана рабілася падсочка. Стараліся план па здабычы жывіцы выканаць, а што сосны могуць засохнуць — гэта не вельмі турбавала. Даніленка.

2. Тое, што здабыта, атрымана, дасягнута шляхам якіх‑н. намаганняў. Ваенная здабыча. □ Калісьці тут грабежнікі-піраты дзяліліся здабычаю багатай. А. Вольскі.

3. Тое, што здабыта на паляванні, лоўлі і пад.; прадмет палявання, лоўлі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Хлапцы пачапілі сазаноў папружкай пад жабры, закінулі сваю.. здабычу за плечы і пайшлі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зірну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Кінуць позірк; глянуць, паглядзець. Старыя зірнулі адзін на аднаго, паківалі галовамі. Новікаў. Куды ні зірнеш — усюды іскрыстая бель, аж слепіць вочы. Машара. // Заглянуць куды‑н. Зірнуць за вугал. □ Бондар падышоў да акна, зірнуў на двор. Навуменка. // Глянуць, каб даведацца пра што‑н. [Сашка] яшчэ не ведаў, што гэта за шум такі на вуліцы, і выбег зірнуць. Чорны.

2. перан. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. якім‑н. чынам, ацаніць як-небудзь. Другая падзея прымусіла.. [Максіма] яшчэ больш сур’ёзна зірнуць на самога сябе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знадво́рку, прысл.

1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.

2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Угледзець, убачыць. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. Колас. // Упільнаваць каго‑н., дагледзець за кім‑н. Дзяцей многа, за ўсімі не згледзіш. // Заўважыць што‑н. [Андрыян Цітавіч] і не згледзеў, як мінула яшчэ пяць год. Марціновіч. Яшчэ лепш раскласці агеньчык дзе-небудзь у зацішку, засыпаць у прысак бульбу — і не згледзіш, як дзень пройдзе. С. Александровіч.

•••

Вокам не згледзець — а) цяжка ўбачыць, не разабраць; б) хутка, імгненна.

Як вокам згледзець — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзеся́так, ‑тка, м.

1. Адзінка падліку, роўная дзесяці (пра аднолькавыя прадметы). Дзесятак яец. □ Пад Рагачовам у іх палку засталося не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Мележ. // Дзесяць год узросту. Яму пайшоў шосты дзесятак.

2. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Назва другой ад канца лічбы мнагазначнага ліку. Клас адзінак, дзесяткаў, соцень.

3. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Пра вялікую колькасць чаго‑н. Таццяна заўважыла, што з кожнага двара праз шчыліны за .. [Лясніцкім] сочаць дзесяткі пар вачэй. Шамякін. — Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей. Колас.

•••

Не з баязлівага (пужлівага) дзесятка — пра смелага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капту́р 1, ‑а, м.

1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар ​2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.

2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.

3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.

капту́р 2,

гл. коптур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.

1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.

2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)