ГУЛД, Гульд (Gould) Глен Херберт (25.9.1932, г. Таронта, Канада — 4.10.1982), канадскі піяніст, арганіст, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Таронта (1952). З 1952 выступаў як піяніст у многіх краінах свету. Вядомы арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, В.А.Моцарта, І.Брамса, а таксама кампазітараў 20 ст. П.Хіндэміта, А.Берга і інш., якія спалучалі інтэлектуалізм і абвостраную экспрэсію. У 2-й пал. 1960-х г. спыніў канцэртную дзейнасць, запісваўся на грампласцінкі, выступаў як дырыжор і кампазітар. Аўтар камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫ́ДЫ,
дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПАЎЛЮКА́»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Запісана фалькларыстам П.П.Дземідовічам у пач. 1890-х г. у Слуцкім пав. і ўпершыню апубл. ім (пад псеўд. Беларус) у газ. «Виленский вестник» (1898. № 173). У аснове твора маналог селяніна Паўлюка, накіраваны супраць царскіх улад і памешчыкаў, якія спойваюць народ. У «Гутарцы...» моцна адчуваюцца дыдактычныя матывы («хто хоча з богам жыць, няхай пакіне гарэлку піць»). У маналог уключаны ўстаўкі, у якіх тлумачыцца, чаму сяляне цягнуцца да гарэлкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р ЧАТЫРО́Х ДЗЯРЖА́Ўаб сумеснай абароне правоў на астраўныя ўладанні і астраўныя тэрыторыі ў раёне Ціхага акіяна.
Падпісаны 13.12.1921 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі. Прадугледжваў гарантыі ціхаакіянскіх астраўных уладанняў бакоў (у т. л. на выпадак ваен. пагрозы), скасаванне англа-японскага саюза і інш. У ходзе ратыфікацыі дагавора ў ЗША прынята папраўка аб забароне ўраду краіны без згоды кангрэса прымаць абавязацельствы па абароне ўладанняў інш. нацый на Ціхім ак., якія знаходзяцца «ў стане мандата». Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КІ (лац. Daci),
група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎМО́НТ (хрысціянскае імя Цімафей; ? — 20.5.1299),
князь нальшчанскі і пскоўскі. У 1263 удзельнічаў у змове жамойцкага кн. Траняты супраць Міндоўга. У 1265 пасля заваявання Нальшчанаў навагрудскім кн.Войшалкам уцёк з дружынай у Пскоў, дзе ў 1266 прыняў праваслаўе і абраны князем Паколькі Войшалк аддаў Нальшчаны Полацку, Д. у 1266—67 арганізаваў 3 паходы на Полацкую зямлю. У 1268, 1269, 1272, 1298, 1299 вёў паспяховую барацьбу з крыжакамі, якія нападалі на Пскоўскую зямлю. Кананізаваны правасл. царквой. Статуя Д. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» (скульпт. М.В.Мікешын) у Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТАТЫ́ЧНАЕ ЎЗВА́ЖВАННЕ,
метад вымярэння шчыльнасці вадкасцей і цвёрдых цел, заснаваны на Архімеда законе.
Для вызначэння шчыльнасці цвёрдага цела яго ўзважваюць двойчы: у паветры (вызначаецца маса цела) і ў вадкасці вядомай шчыльнасці, напр., у дыстыляванай вадзе (аб’ём цела — па рознасці 2 вынікаў). Пры вызначэнні шчыльнасці вадкасці ў ёй узважваюць цела вядомых мас і аб’ёму (напр., шкляны паплавок). У залежнасці ад патрэбнай дакладнасці праводзяць з дапамогай вагаў аналітычных, тэхн. або ўзорных; пры масавых вымярэннях выкарыстоўваюць спец. гідрастатычныя вагі, якія забяспечваюць хуткія вымярэнні, напр., вагі Мора—Вестфаля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],
водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв.гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл.Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
тонкія слаі нязмочвальных вадой рэчываў на паверхні гідрафільных матэрыялаў (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць) для аховы металаў, драўніны, пластмас, скуры, тканых і нятканых матэрыялаў ад разбуральнага ўздзеяння вады або намакання. Гідрафобныя пакрыцці ў выглядзе слаёў таўшчынёй у адну малекулу або плёнак тыпу лакавай атрымліваюць апрацоўкай матэрыялу растворамі, эмульсіямі або парай гідрафабізатараў — рэчываў, якія слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой, але моцна трымаюцца на паверхні. Напр., солі тлустых кіслот і металаў (медзі, алюмінію, цырконію і інш.), і інш.паверхнева-актыўныя рэчывы, крэмній- і фторарганічныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, буд-ве, тэкст. вытв-сці.