ФАТАГРАФІ́ЧНЫ ПАВЕЛІЧА́ЛЬНІК, фотапавелічальнік,

аптычная прылада для атрымання павялічаных| фотаадбіткаў з негатыва на фотапаперы. Асн. вузлы: праекцыйная галоўка з асвятляльнікам, негатыватрымальнікам і вузлом перамяшчэння праекцыйнага аб’ектыва; аб’ектыў; верт. стойка (штанга) з кранштэйнам і экран (стол). Найб. пашыраны верт. Ф.п. з 8—15-кратным павелічэннем. Ф.п. аснашчаны прыстасаваннем для аўтам. факусіроўкі аб’ектыва пры змене маштабу павелічэння, маюць латак для карэкціруючых святлафільтраў (для фотадруку каляровых відарысаў).

Фатаграфічны павелічальнік: а — схема павелічальніка (1 — крыніца святла; 2 — кандэнсар; 3 — негатыватрымальнік; 4 — праекцыйны аб’ектыў; 5 — неактынічны святлафільтр; 6 — фотапапера); б — павелічальнік «Крокус».

т. 16, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМА (франц. ferme ад лац. firmus моцны, трывалы) у будаўніцтве, стрыжнёвая нясучая канструкцыя пакрыцця будынка, пралётнай будовы моста, гідратэхн. і інш. збудаванняў. Бываюць метал., жалезабетонныя, драўляныя і з некалькіх матэрыялаў. Асн. састаўныя часткі Ф. — прамалінейныя і поліганальныя паясы, рашотка. Элементы Ф. злучаюць зваркай, заклёпкамі, урубкамі, маналітнай адліўкай і інш.

Тыпы ферм (паводле рашотак); а, б, в — бэлечныя (раскосная, з трохвугольнай рашоткай, двухрашотчатая); г — бэлечна-кансольная (з трохвугольнай рашоткай і дадатковымі стойкамі); д, е — кансольныя (паўраскосная і двухраскосная); 1 — верхні і ніжні пояс; 2 — раскос; 3 — стойка.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁРСТЭР (Foerster) Іосеф Багуслаў (30.12.1859, Прага — 29.5.1951),

чэшскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Чэхаславакіі (1945). Скончыў Арганную школу ў Празе (1882). З 1903 праф. Новай кансерваторыі ў Вене, з 1919 — Пражскай кансерваторыі. У 1931—39 прэзідэнт Чэш. акадэміі навук і мастацтваў. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Ева» (паст. 1899), меладрамы; 5 сімфоній (1888—1929); 2 араторыі; 4 кантаты (1889—1946), у т. л. «1945» (1945); камерна-інстр. ансамблі; рамансы, у т. л. на вершы М.​Лермантава, А.​Пушкіна і інш. Аўтар кніг пра Э.​Грыга, Б.​Сметану, успамінаў.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІМО́НАЎ Віктар Мікалаевіч (13.10.1938, с. Сушкі Разанскай вобл., Расія — 23.4.1998),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1963). Працаваў у галіне паліт. плаката, маст. афармлення музеяў, прыкладной і кніжнай графікі. Аўтар плакатаў «З высокай узнагародай вас, дарагія мінчане» (1970), «Квітней, родная Беларусь» (1978), «Боль зямлі маёй» (1980), «Спыніцеся!» (1985). Распрацаваў праекты маст. афармлення залаў Літ. музея Я.​Коласа ў Мінску (1967), Гісторыка-этнагр. музея ў г. Клецк Мінскай вобл. (1979), Музея сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.

Б.​А.​Крэпак.

т. 16, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУГАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К (ад ням. Fuge стык, шво; fugen фугаваць),

дрэваапрацоўчы станок для прамалінейнага стругання (фрэзеравання) або стругання пад вуглом (фугавання) брускоў ці шчытоў па плоскасцях або кантах. Бываюць аднабаковыя (рэжучы інструмент — гарыз. нажавы вал з 2—4 нажамі) і двухбаковыя (маюць другі рабочы орган — верт. нажавую галоўку; апрацоўваюць адначасова 2 сумежныя паверхні загатоўкі пад прамым вуглом). Звычайна маюць здымны або стацыянарны механізм падачы матэрыялу ў зону рэзання.

Схема работы фугавальнага станка: а, б, в — стадыі фарміравання базавай паверхні загатоўкі; 1 — нажавы вал; 2 — задні стол; 3 — загатоўка; 4 — пярэдні стол.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛОРАМІ́НЫ,

хлорвытворныя аміяку і амінаў, у малекулах якіх атам хлору звязаны з азотам.

Вадкія ці цвёрдыя рэчывы з рэзкім пахам. Моцныя акісляльнікі і хларавальныя агенты. Пры дзеянні вільгаці раскладаюцца да амінаў і хларнавацістай к-ты. Растворы Х. ў арган. растваральніках (бензоле, дыэтылавым эфіры) устойлівыя пры захоўванні ў цемнаце. Неарган. Х. атрымліваюць узаемадзеяннем хлору ці гіпахларытаў з аміякам у водным растворы; арган. Х. — дзеяннем хлору ці хларнавацістай к-ты на аміны і іх солі. Выкарыстоўваюць Х. (хлорамін Б, дыхлорамін ХБ, пантацыд) як сродак адбельвання, хларавання, дэзінфекцыі і дэгазацыі.

т. 17, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),

удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.​Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТКО́Ў Іван Піліпавіч (27.8.1912, с. Слабада Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 23.7.1982),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Новасібірскі буд. ін-т (1939), Вышэйшую парт. школу пры ЦК ВКП(б) (1950), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1953). З 1941 на фронце. У чэрв. 1942 накіраваны ў варожы тыл. У кастр. 1942 — чэрв. 1944 камандзір партыз. брыгады «Жалязняк» Мінскай вобл. У 1945—72 на парт. і гасп. рабоце. Аўтар кн. «Брыгада «Жалязняк» (2-е выд. 1982).

І.П.Ціткоў.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫЛІ́НДР (ад грэч. kylindros валік, каток),

1) геаметрычнае цела, абмежаванае замкнёнай цыліндрычнай паверхняй і дзвюма паралельнымі сякучымі яе плоскасцямі. Часткі плоскасцей, што абмяжоўваюць Ц., — асновы, адлегласць паміж імі — вышыня. Прамым наз. Ц., калі яго ўтваральная перпендыкулярная да асновы, кругавым — калі асновы кругі. Аб’ём прамога кругавога Ц.: V = 2πR​2h, плошча бакавой паверхні: S = 2πRh, дзе R — радыус асновы, h — вышыня Ц.

2) Полая дэталь з цыліндрычнай унутр. паверхняй, у якой рухаецца поршань у поршневых машынах.

3) Высокі, цвёрды мужчынскі капялюш з невял. палямі.

Цыліндр: а — прамы кругавы; б — ссечаны.

т. 17, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯСА́К,

сякучая і колючая халодная зброя з кароткім (64—72 см) шырокім (прамым або скрыўленым) двухбаковавострым або адналязовым клінком і эфесам (рукаяткай з крыжавінай або дужкай). Насілі яго ў ножнах на плечавым рамяні. У войску ВКЛ быў на ўзбраенні ў жаўнераў пяхоты і артылерыі да канца 18 ст. У рас. арміі з 2-й пал. 18 ст. да сярэдзіны 19 ст. быў на ўзбраенні пяхоты, артылерыі і інж. войск. У некат. сучасных арміях ёсць штыкі ў выглядзе Ц.

Цесакі: а — сапёрны ўзору 1824; б — артылерыйскі ўзору 1834.

т. 17, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)