ТА́ЛЬКА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Талька, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Мар’іна Горка; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 83 км ад Мінска. 443 ж., 213 двароў (2002). Аграфірма «Верасень», лясніцтва. цэх па перапрацоўцы драўніны, санаторый-прафілакторый «Талька». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Т. партызаны правялі Талькаўскую аперацыю 1942.

т. 15, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎЛА́Й Галіна Валянцінаўна (н. 22.9.1946, Мінск),

бел. этнамузыколаг. Дачка В.П.Таўлая. Канд. мастацтвазнаўства (1983). Скончыла Бел. кансерваторыю (1970). У 1965—73 выкладала ў муз. школах Мінска. З 1985 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Бел. АН. З 1996 у Рас. ін-це гісторыі мастацтваў. Даследуе праблемы функцыянавання, стылістыкі, этнагр. кантэксту, муз. тыпалогіі, мелагеаграфіі бел. песеннага фальклору. Аўтар манаграфіі «Беларускае купалле. Абрад, песні» (1986), муз. раздзелаў у тамах серыі «Беларуская народная творчасць»: «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Радзіны: Абрад, песні» (1998).

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 15, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПАСФЕ́РНАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

далёкая радыёсувязь, якая грунтуецца на пасіўным адбіцці радыёхваль неаднастайнасцямі трапасферы. Ажыццяўляецца ў дыяпазонах дэцыметровых і сантыметровых хваль.

Перавыпрамяненне эл.-магн. энергіі ў трапасферы, абумоўленае неаднастайнасцю яе дыэлектрычнай пранікальнасці, адбываецца ў вобласці перасячэння дыяграм накіраванасці перадавальнай і прыёмнай антэн. Для забеспячэння ўстойлівасці Т.р. адлегласці паміж пунктамі перадачы і прыёму абмяжоўваюць 500 км і выкарыстоўваюць перадатчыкі з вял. выхадной магутнасцю (да 10 кВт і больш), высокаадчувальныя прыёмнікі, антэны вял. памераў, а таксама спец. метады для змяншэння ўплыву заміранняў сігналаў. З развіццём спадарожнікавай радыёсувязі Т.р. страчвае сваё значэнне.

Э.​Б.​Ліпковіч.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭА́ТР ВСПУЛЧЭ́СНЫ», Сучасны тэатр. Засн. ў 1946 у г. Лодзь (Польшча) як «Тэатр Камеральны», з 1949 дзейнічае ў Варшаве пад сучаснай назвай. У 1954—57 аб’яднаны з «Тэатрам Нарадовым». У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр Э.Аксер. У рэпертуары пераважна творы сучаснай польскай (Л.​Кручкоўскі, Е.​Шаняўскі, С.​Мрожак і інш.) і сусв. (С.​Бекет, Т.​Уайлдэр, Б.​Брэхт, М.​Фрыш, Э.​Іанеска, Э.​Олбі і інш.) драматургіі. Ставяцца і класічныя п’есы (У.​Шэкспір, І.​В.​Гётэ, А.​Чэхаў, А.​Фрэдра, А.​Міцкевіч і інш.).

т. 16, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭА́ТР ДРАМАТЫ́ЧНЫ» ў Варшаве.

Створаны ў 1955 у выніку рэфармавання «Т-ра Дому Войска Польскага», з 1957 сучасная назва. У розны час т-р узначальвалі М.​Мелер, Я.​Свідэрскі, Я.​Касінскі, Г.​Галоўбек, З.​Запасевіч, М.​Прус і інш. У рэпертуары пераважае сучасная польская (С.​І.​Віткевіч, С.​Мрожак, Т.​Ружэвіч, В.​Гамбровіч), замежная (Б.​Брэхт, Э.​Іанеска, Ж.​Ануй, Ф.​Дзюрэнмат, Ж.​П.​Сартр, А.​Мілер, М.​Фрыш) і класічная драматургія. У 1965—81 і з 1987 у т-ры адбываюцца агульнапольскія Варшаўскія тэатр. сустрэчы (паказы лепшых спектакляў мінулага сезона).

т. 16, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЭА́ТР ПО́ЛЬСКІ» ў Варшаве.

Адкрыты ў 1913 па ініцыятыве А.​Шыфмана (дырэктар у 1913—57 з перапынкам). У 1918—39 меў яшчэ адну сцэн. пляцоўку — «Малы т-р»; з 1949 «Камерны т-р». Пасля 2-й сусв. вайны т-р узначальвалі Л.​Шылер, Е.​Крэчмар, А.​Кавальчык, К.​Дэймек, А.​Лапіцкі, Я.​Кілян і інш. У рэпертуары пераважаюць творы польскай (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, З.​Красінскі, С.​Выспянскі, А.​Фрэдра) і сусв. (У.​Шэкспір, Мальер, Б.​Шоу) класічнай драматургіі, а таксама сучасныя п’есы (С.​Мрожак, М.​Гласка).

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР ЦЕ́НЯЎ,

від тэатр. відовішча, у якім сюжэт раскрываецца пры дапамозе дынамічных кадраў-карцін, спраецыраваных на экране плоскімі фігуркамі (з кардону, скуры або каляровых плёнак), якімі кіруюць артысты з дапамогай палачак ці нітак. Лялькі асвятляюцца ззаду, контражурам — на экране з’яўляецца чорна-белая ці каляровая выява. Т.ц. пашыраны ў народаў Азіі і Б.​Усходу; характэрны зварот да эпасу, фальклору, традыц. захаванне сюжэтаў. Адзін са старэйшых Т.ц. — інданезійскі. Прадстаўленне вядзе адзін чалавек (даланг), які ў суправаджэнні аркестра распавядае пра падзеі, што разгортваюцца на экране. У 1937 створаны Маскоўскі Т.ц.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЎЛІ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец—Кобрын; чыг. ст. на лініі Брэст—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад г. Кобрын, 52 км ад Брэста. 691 ж., 246 двароў (2002). Пач. школа-сад, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі рас. салдат, якія загінулі ў 1 -ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Свята-Успенская царква (1874), Свята-Дзмітрыеўская капліца (18 ст.).

т. 16, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́Н (Fontanne) Лін (6.12.1887—1983),

амерыканская актрыса. З 1905 у т-рах Англіі. З 1916 у ЗША, з 1924 вядучая актрыса т-ра «Гілд», з 1928 у т-рах Брадвея. Сярод роляў: Райна, Эліза («Зброя і чалавек», «Пігмаліён» Б.​Шоу), Катарына («Утаймаванне свавольнай» У.​Шэкспіра), Ніна Лідс («Дзіўная інтэрлюдыя» Ю.​О’Ніла), Грушанька («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), Клэр Цаханасян («Візіт старой дамы» Ф.​Дзюрэнмата). У 1958 т-р «Глобус» у Нью-Йорку перайменаваны ў Т-р А.​Ланта (акцёр і муж Ф.) — Л.​Фантан.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРБАПУ́ЛЬТ,

пераносны апарат для нанясення на паверхні сцен, столі нявязкіх фарбавальных саставаў пры аддзелачных работах. Уяўляе сабой помпу з ручным або эл. прыводам для ўсмоктвання фарбавальнага саставу і падачы яго па шлангу ў доўгую трубку з распыляльнай фарсункай на канцы. Найб. пашыраны Ф. ручнога дзеяння з плунжэрнымі, поршневымі і дыяфрагменнымі помпамі.

Літ.:

Технология строительного производства: Справ. М., 1991.

Фарбапульт: а — схема ручнога фарбапульта (1 — фарбараспыляльнік, 2 — кран, 3 — шланг, 4 — ручная помпа, 5 — усмоктвальны шланг з фільтрам); б — фарбараспыляльнікі з верхнім і ніжнім фарбаналіўным бачком.

т. 16, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)