МІ́НСКАЕ МУЖЧЫ́НСКАЕ КАМЕРЦЫ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1901—17. Падпарадкоўвалася вучэбнаму аддзелу Мін-ва фінансаў. Утрымлівалася за кошт гар. думы, збораў за навучанне, прыватных ахвяраванняў. Мела падрыхтоўчы, 5 агульных і 2 спец. класы. Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў з пач. адукацыяй. Выпускнікі атрымлівалі званне ганаровага грамадзяніна, лепшыя — дыпломы кандыдата камерцыі. У 1912—451 навучэнец. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, камерцыя, бухгалтэрыя, палітэканомія, гісторыя гандлю, таваразнаўства і інш. Мела б-ку, фіз. кабінет, хім. лабараторыю, музей. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЙ ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЙ АБСЕРВАТО́РЫІ БУДЫ́НАК.

Пабудаваны ў 1934 (арх. І.​Валадзько) на праспекце Ф.​Скарыны ў Мінску. Мае рысы стылю канструктывізму. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак на высокім цокальным паверсе, арыентаваны фасадамі па баках свету. У кампазіцыі вылучаны аб’ёмы 2 лесвічных клетак (выступаюць у плане і ўзвышаюцца над дахам), верхнія пляцоўкі выкарыстоўваюцца для правядзення натурных гідраметэаралагічных вымярэнняў і маюць спец. абсталяванне. Фасады вырашаны ў строгіх лаканічных формах. Паўд. фасад мае балконы на ўсю даўжыню будынка на ўзроўні 2-га і 3-га паверхаў. Іл. гл. да арт. Канструктывізм.

В.​Б.​Ангелаў.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ,

агітацыйна-прапагандысцкі т-р мініяцюр у Мінску. Існаваў у 1921—22. Арганізатары Е.​Міровіч і У.​Базілеўскі. Ставіліся агітацыйныя п’есы на вытв. тэмы, мініяцюры, аднаактоўкі на тэмы маралі, прыпеўкі на надзённыя тэмы. Для паказаў выкарыстоўвалася форма спектакляў-судоў, спектакляў-дыспутаў. Папулярным быў і танцавальна-пантамімічны жанр. Міровіч для тэатра напісаў мініяцюры «Ордэр жыладдзела», «Агідныя тыпы». Пастаўлены сатыр. мініяцюры «Полька», «Разруха», «Цвічок», «Лялькі», «Святая тройца», «Рэпка», «Мужычок». У іх высмейваліся спекулянты, сабатажнікі, гультаі і інш. Паказы адбываліся ў Чырвонай зале.

К.​Б.​Кузняцова.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРУ́К Віктар Фёдаравіч (21.6.1941, в. Глівін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне ваенных навук. Акад. Акадэміі ваен. навук Расіі (1997). Д-р ваен. навук (1994), праф. (1995). Ген.-палкоўнік (1991). У Сав. Арміі з 1960. Скончыў Яраслаўскае ваен.-тэхн. вучылішча войск ППА (1962), Ваен. камандную акадэмію проціпаветр. абароны імя Г.​К.​Жукава (1975), Ваен. акадэмію Генштаба (1987). Праходзіў службу на розных камандных пасадах. З 1991 — нам. галоўнакамандуючага войскамі ППА Расіі. Навук. працы ў галіне ваен. навукі і тэхнікі. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1997.

Б.​Дз.​Даўгатовіч.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛЬЧУ́К Сяргей Апанасавіч (14.8. 1925, в. Скабін Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1995),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1951). З 1951 працаваў у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (1972—80). Друкаваўся з 1949. Пісаў для дзяцей. Аўтар аповесці «Сто прыгод за адзін дзень» (1963), зб-каў апавяд. «Паштальён, шырэй крок!» (1968), «Зялёны лісточак» (1974), «Першы след» (1985). На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.​Асеевай, Ч.​Айтматава, В.​Біянкі, А.​Вішні, А.​Гайдара, Я.​Дрды, Б.​Жыткова, Р.​Кіплінга, Я.​Пермяка, Л.​Панцялеева, Ю.​Смуула і інш.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦЮ́РЫЧ Георгій Сямёнавіч (н. 5.4.1952, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. і праф. (1998). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1976). З 1987 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па лазернай фотаакустычнай спектраскапіі, крышталяоптыцы, крышталеакустыцы. Распрацаваў фенаменалагічную тэорыю лазернай генерацыі гуку ў гіратропных, магнітаактыўных і інш. асяроддзях.

Тв.:

Определение оптических параметров поглощающих гиротропных кристаллов фотоакустическим методом (разам з Б.​В.​Бокуцем) // Кристаллография. 1987. Т. 32, вып. 4;

Фотоакустическое преобразование в нелинейных гиротропных кристаллах типа силленита // Журн. технич. физики. 1989. Т. 59, вып. 9.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАВА,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе г. Пінск — в. Моталь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Іванава, 152 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 949 ж., 443 двары (1999). Цагельны з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У канцы 18 — пач. 20 ст. тут існаваў Моладаўскі палац. Помнікі архітэктуры — Свята-Вазнясенская царква (канец 18 ст.) і Моладаўская капліца. Гл. таксама Моладаўскі звон.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЦІ (Muti) Рыкарда (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),

італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.​Брытэна, Г.​Петрасі, Л.​Далапікалы, К.​Орфа, І.​Стравінскага, Дз.​Шастаковіча і інш.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Віталь Фёдаравіч (24.5. 1941, г. Грозны, Расія — 4.11.1996),

бел. вучоны ў галіне здабычы і транспартавання нафты. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1963). З 1981 у Бел. тэхнал. ун-це (заг. кафедры). Навук, працы па распрацоўцы і эксплуатацыі нафтавых, газавых і газакандэнсатных радовішчаў. Стварыў тэорыю турбулентнага цячэння няўстойлівых эмульсій, распрацаваў тэхналогію вытв-сці магн. вадкасцей.

Тв.:

Сбор и подготовка неустойчивых эмульсий на промыслах. М., 1987;

Магнитные жидкости. М., 1989 (разам з Б.​М.​Бяркоўскім, М.​С.​Кракавым).

Я.​Г.​Міляшкевіч.

В.Ф.Мядзведзеў.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ловаць, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Гарадок. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і 39 км ад чыг. ст. Гарадок, 75 км ад Віцебска. 529 ж., 224 двары (1999). Лясніцтва, сепаратарны пункт Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі паселішча (3-е тыс. да н.э.) і 2 курганныя могільнікі.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)