філасофскае, эканам. і сац.-паліт. вучэнне, заснавальнікамі якога з’яўляюцца К.Маркс і Ф.Энгельс. Узнік у 1840-я г. ў Германіі, дзе ў гэты час наспявала бурж.-дэмакр. рэвалюцыя і рабочы клас выступіў як самаст.паліт. сіла. Заснаваны на пазітыўна-крытычным асэнсаванні вопыту папярэдняга развіцця грамадскай і прыродазнаўчай навук. думкі, актуальных праблем і супярэчнасцей станаўлення новага капіталіст. спосабу вытв-сці і сац.-паліт. ладу. Тэарэт. крыніцамі з’яўляюцца ням. класічная філасофія (Г.Гегель, Л.Феербах і інш.), англ. палітэканомія (А.Сміт, Д.Рыкарда і інш.), франц. утапічны сацыялізм (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш.). На аснове гэтых крыніц Маркс і Энгельс распрацавалі дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне аб камунізме. Грамадства М. разглядае як цэласны арганізм, у структуры якога вылучаюцца прадукцыйныя сілы і заснаваныя на розных формах уласнасці вытворчыя адносіны (базіс грамадства); апошнія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва (надбудова над базісам). У працэсе гіст. развіцця адбываецца змена пэўных фармацый грамадска-эканамічных, якія ўтвараюцца на аснове адзінства і ўзаемадзеяння розных сфер жыццядзейнасці грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючых і прыгнечаных класаў — рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым выражэннем класавай барацьбы з’яўляецца сацыяльная рэвалюцыя. М. выявіў асн. супярэчнасць капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення; адсюль вынікала палажэнне пра неабходнасць знішчэння прыватнай уласнасці і ўстанаўлення пралетарыятам сваёй улады, з дапамогай якой ён здолее ажыццявіць пераход да камунізму.
Вынікі тэарэт. даследаванняў і абагульненняў Маркса і Энгельса праходзілі практычную праверку ў перыяд рэвалюцый 1848—49 у краінах Зах. Еўропы, у дзейнасці створаных імі «Саюза камуністаў» і міжнар. т-ваў рабочых — Інтэрнацыянала 1-га і Інтэрнацыянала 2-га. М. стаў ідэалагічнай асновай с.-д. руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на 2 плыні — рэвалюцыйную (У.І.Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне М., і рэфармісцкую (Э.Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю М. і адмовілася ад яго асн. палажэнняў. Некаторыя прадстаўнікі грамадска-паліт. думкі лічылі, што ў М. перабольшвалася роля эканам. фактараў, сац. антаганізмаў і класавай барацьбы, адмаўлялася значэнне прыватнай уласнасці як асновы грамадзянскай супольнасці, сцвярджалася неабходнасць ліквідацыі парламенцкіх ін-таў і раздзялення ўлад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі ленінскі варыянт М. стаў дзярж. ідэалогіяй у РСФСР, потым у СССР і краінах сацыяліст. сістэмы пад назвай марксізм-ленінізм.
На Захадзе склаліся групы марксісцкіх і па-марксісцку арыентаваных плыней з характэрнымі для іх крытычнымі адносінамі як да капіталіст. сістэмы, так і да сав. варыянта сацыялізму, марксізму-ленінізму (гл.Неамарксізм, Франкфурцкая школа).
Літ.:
Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізму // Тв. Т. 19. (Полн. собр. соч. Т. 23);
Марксистская философия в XIX в. М., 1979;
Андерсон П. Размышления о западном марксизме: Пер. с англ.М., 1991;
Марксизм: pro и contra. М., 1992;
Горский Д.П. Ошибки гения самые опасные: Развитие теории Маркса и ее изъяны. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пра́ва1, ‑а, н.
1. Сістэма ўстаноўленых ці санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл паводзін), якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства волю пануючых у грамадстве класаў (у сацыялістычнай агульнанароднай дзяржаве — волю ўсяго народа). Выбарчае права.
2. Навука аб гэтых правілах, аб правах. Факультэт права.
3. Правамоцтва, якое належыць пэўнай асобе. Права на працу. Права на адукацыю. □ Права на адпачынак ажыццяўляецца ў нашай краіне шляхам устанаўлення для рабочых і служачых штогадовых водпускаў.«Маладосць».// Афіцыйны дазвол, допуск да выканання якіх‑н. абавязкаў, для заняцця якой‑н. пасады. [Сцёпка] раптам набраўся смеласці і, трымаючы ў руках свой лісток на права здаваць экзамен, стаў у невялікую чаргу.Колас.//толькімн. (правы́, ‑оў). Дакумент, які дазваляе каму‑н. кіраваць аўтамабілем, матацыклам і пад. Атрымаць правы.
4. Магчымасць дзейнічаць якім‑н. спосабам. Закон і права ў долі роўнай Для ўсіх законаў, для ўсіх нацый Рукой жалезнай, непакорнай Напішаш, дыктатура працы.Купала.
5. Падстава, прычына. Сцвярджаць з поўным правам.
•••
Актыўнае выбарчае права — права грамадзян удзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.
Дзяржаўнае права — сукупнасць юрыдычных норм, якія замацоўваюць асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу краіны.
Прыгоннае права — права памешчыка распараджацца прыгоннымі сялянамі, якія належалі яму, іх жыццём і маёмасцю.
Рымскае права — сукупнасць прававых норм, выпрацаваных у Старажытным Рыме, якія выражалі волю пануючага класа рабаўладальнікаў і былі засвоены многімі еўрапейскімі дзяржавамі.
Рэчавае права — частка грамадзянскай права, якая вызначае нормы валодання рэчамі.
Кулачнае права — панаванне моцнага над слабым, узброенага над няўзброеным і пад., заснаванае на адным толькі насіллі і не падмацаванае маральна і юрыдычна.
Сваё права правіцьгл. правіць.
пра́ва2,
У выразе: права руля — каманда, якая падаецца для павароту руля ўправа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав.улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж.улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав.улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПРАЦО́ЎЕ,
сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон I).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Да арт.Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛЛЕ,
выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.
Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр. філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх.рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн. Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)
(лац. jus theutonicum magdeburgense),
феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар.улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.
З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш.дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.
Літ.:
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.
Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго.Пальчэўскі.// Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны.Навуменка.// Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі.Бялевіч.// Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў.Гурскі.//перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...»Хадкевіч.
2.перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары.Грамовіч.
3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй.//перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.
4.перан.; накаго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку.Дамашэвіч.// Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць.Мележ.
5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.
•••
Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног.Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног.Дуброўскі.
Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.
Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.
звалі́ць2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.
Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля.Глебка.// Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў.«Весці».
2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду.Галавач.У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу.Хадкевіч.//толькімн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства.Лынькоў.
3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!»Самуйлёнак.Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі...Васілевіч.[Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым.Шахавец./уперан.ужыв.Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам.Карпаў.
4.перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна.Звонак.
•••
Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).
Ва ўладзе; пад уладайчаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў.Колас.Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць.Вярба.
Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.
Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.
Стаць ва ўладзе (на чале ўлады)гл. стаць.
Траціць уладу над сабойгл. траціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)