Ва ўмовах Беларусі меліярацыя — адзін з найважнейшых сродкаў інтэнсіфікацыі с.-г. вытв-сці. Тэрыторыя краіны адносіцца да зоны залішняга ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12%) займаюць балоты; меліярацыі (гідратэх., хім., супрацьэразійнай, тэхн., глебаахоўнай) і культуртэхн. мерапрыемстваў патрабуюць амаль усе с.-г. ўгоддзі.
Першыя асушальныя работы на Беларусі праведзены ў 1856—62 на землях Горы-Горацкага земляробчага ін-та з выкарыстаннем ганчарнага дрэнажу. У 1873—98 Зах. экспедыцыя па асушэнні балот падкіраўніцтвамген. І.І.Жылінскага праклала на Палессі каналы праз вялікія балотныя масівы. Мэтай экспедыцыі было паляпшэнне прыродных сенажацей і лясных угоддзяў, стварэнне шляхоў для сплаву лесу. Аб’ектамі асушэння былі пераважна казённыя лясныя дачы, землі памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў, у нязначнай колькасці і толькі ў выпадках неабходнасці — землі сялян. Паводле ацэнак І.І.Жылінскага, у сферу дзейнасці Зах. экспедыцыі ўваходзілі больш за 3,2 млн.га зямель. Было асушана цалкам або часткова 26 казённых дач у Мінскай, 7 у Гродзенскай і 17 у Валынскай губ., пракладзена каля 5 тыс.км каналаў. Асушаныя плошчы адводзіліся пад сенажаці або заставаліся пад лесам, пад ворыва землі асушаліся толькі ў якасці спробы. У савецкі час меліярацыя вялася з мэтай выкарыстання асушаных зямель пад пасевы с.-г. культур, у якасці культурнай пашы і сенажацей. У 1920—30 праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл., пераважна сіламі працоўных камун і меліярацыйнымі т-вамі. Камуна імя БВА, створаная ў 1929, стала адной з лепшых калект. гаспадарак рэспублікі. У даваенны перыяд асушалі пераважна буйныя балотныя масівы на Пд Беларусі. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена; каналізавана і палепшана 300 тыс.га. Разбураная ў Вял.Айч. вайну меліярацыйная сетка да 1950 адноўлена. Пазней вяліся работы па меліярацыі балот у бас. рэк Іпа, Вузлянка, Трэмля, Вісліца, Волма, Дзвінскага канала і інш. Да 1965 плошча зямель з асушальнай сеткай павялічылася да 1,1 млн.га. З 1958 выкарыстоўваўся пераважна закрыты дрэнаж, да 1966 гэтым спосабам асушана 158 тыс.га. З 1960-х г. маштабы меліярацыйных работ рэзка пашырыліся, асабліва на Бел. Палессі. Паводле рашэння майскага (1966) пленума ЦККПСС аб развіцці меліярацыі ў СССР былі створаны будаўнічыя і эксплуатацыйныя меліярацыйныя арганізацыі, перасоўныя механізаваныя калоны па асушэнні зямель, на патрэбы меліяратараў выдзелены вялікія грашовыя сродкі. Для каардынацыі і развіцця меліярацыйных работ у Пінску арганізавана Гал. ўпраўленне «Галоўпалессеводбуд». У 1970 вызначаны прынцыповыя пазіцыі развіцця меліярацыі зямель на Беларусі: зберажэнне арганічнага рэчыва і павышэнне ўрадлівасці глеб, захаванне і назапашванне водных рэсурсаў, рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне меліярацыйных зямель, будаўніцтва асушальна-ўвільгатняльных сістэм, прагрэсіўныя спосабы меліярацыі (арашэнне, польдэрныя сістэмы, рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), удасканаленне арганізацыі меліярацыйнага будаўніцтва, распрацоўка навук. праблем уплыву меліярацыі на навакольнае асяроддзе. З 1970 павялічылася доля закрытага дрэнажу, сістэм 2-баковага рэгулявання воднага рэжыму, арашэння, вырасла капітальнасць меліярацыйных сістэм. Рэгуляваліся сцёкі рэк, ствараліся сажалкі, вадасховішчы для назапашвання вады і арганізацыі рыбнай гаспадаркі (Любанскае, Салігорскае, Пагосцкае вадасховішчы, рыбакамбінаты «Любань», «Чырвоная Слабада» ў Мінскай вобл., «Сялец», «Навасёлкі» ў Брэсцкай вобл. і інш.). Будаўніцтва ажыццяўлялася на падставе схем комплекснага выкарыстання і аховы водна-зямельных рэсурсаў на водазаборах рэк. Распрацаваны схемы меліярацыі тэр. Палесся, для водазабораў Зах. Буга, Бярэзіны, Свіслачы, Ушы і інш. (агульная іх плошча каля 11 млн.га). Складзена схема работ па ахове асушаных зямель ад эрозіі. На меліяраваных землях пракладзены дарогі, створаны новыя дзярж. гаспадаркі. Шырока ўкараняўся новы від меліярацыі — арашэнне і абвадненне. Для навук. абгрунтавання і кіравання меліярацыяй створаны шэраг устаноў (Белдзіправадгас, Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў), для эксплуатацыі меліярацыйных сістэм — міжраённыя ўпраўленні. Асн.навук. дасягненні ў галіне меліярацыі змяшчаліся ў міжведамасных зборніках «Праблемы Палесся». У 1980-я г. распрацоўваліся планы шырокай меліярацыі Бел. Паазер’я на аснове метадаў, што выкарыстоўваліся ў Бел. Палессі, але навук. грамадства, экалагічныя арганізацыі выступілі супраць такога падыходу. Пасля ўтварэння незалежнай Рэспублікі Беларусь аб’ёмы меліярацыйных работ значна скараціліся, частка меліярацыйных асушальна-абвадняльных сістэм патрабуе рэканструкцыі.
Шырокамаштабная меліярацыя дала штуршок развіццю сельскай гаспадаркі краіны, на меліяраваных землях у першыя гады іх выкарыстання атрымлівалі высокія ўраджаі с.-г. культур. Але разам са станоўчымі вынікамі ў вытв-сці праявіліся негатыўныя працэсы. Асушэнне тарфяна-балотных глеб парадзіла шэраг экалагічных праблем, у іх ліку мінералізацыю торфу, паскарэнне дэградацыі глеб, павелічэнне частаты засух і замаразкаў, парушэнне воднага рэжыму. Буйная і дагэтуль нявырашаная праблема — дэградацыя тарфяна-балотных глеб з-за паскоранага разбурэння іх арганічнага рэчыва. У наш час на Беларусі дэградзіравалі каля 223 тыс.га тарфянікаў, на якіх слой торфу разбураны поўнасцю або складае менш за 30 см. Пры меліярацыі ў сувязі з будаўніцтвам каналаў і інш. гідратэхн. збудаванняў адбываецца карэннае змяненне рэльефу, істотна мяняецца водны рэжым не толькі на аб’екце асушэння, але і на сумежных землях (на адлегласці 7—10 км). Пры с.-г. асваенні меліяраваных зямель адбываецца знішчэнне дзікай балотнай расліннасці і замяшчэнне яе культурнай расліннасцю ці пустазеллем, карэнным чынам мяняецца жывёльны свет балот. Для захавання прыродных комплексаў ствараюцца асабліва ахоўваемыя тэрыторыі (запаведнікі і заказнікі), нац. паркі, дзе правядзенне меліярацыі цалкам забараняецца або істотна абмяжоўваецца.
На Беларусі асушана 3,4 млн.га (16,4% тэрыторыі), у т. л. больш за 1 млн.га балот. Меліяравана 40% ворыва, 28% сенажацей, 27% пашы і інш. (5%) с.-г. зямель. На Бел. Палессі асушана больш за 40% забалочаных тэрыторый. Вырашэннем навук. праблем меліярацыі ў наш час займаецца БелНДІ меліярацыі і лугаводства (б.Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі), канцэрн Белдзіправадгас і інш.
Літ.:
Науменко В.Я., Жмойдяк Р.А. Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1988;
Клюня В.Л. Агропромышленный комплекс в условиях переходной экономики. Мн., 1999;
Нацыянальны атлас Беларусі. Мн., 2003.
Г.С.Смалякоў.
Меліярацыйная сістэма ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЛІН (сапр.Джугашвілі) Іосіф Вісарыёнавіч
(21.12.1879, г. Горы, Грузія — 5.3.1953),
савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1939), Герой Сав. Саюза (1945), Генералісімус Сав. Саюза (1945). Вучыўся ў Тыфліскай духоўнай семінарыі (1894—99; выключаны за рэв. дзейнасць). Чл.РСДРП з 1898, бальшавік з 1903. У 1902—13 неаднаразова арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1907 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бакінскага к-таРСДРП. Паплечнік У.І.Леніна. На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі завочна кааптаваны ў ЦК і Рус. бюро ЦКРСДРП і рэдакцыю газ. «Правда». На VI з’ездзе РСДРП(б) чытаў справаздачны даклад ЦК, выбраны чл. вузкага складу ЦК, чл. Палітбюро ЦК для кіраўніцтва ўзбр. паўстаннем. Чл. Петраградскага ВРК у час Кастр. рэвалюцыі 1917. З ліст. 1917 чл.ВЦВК. У 1917—22 нарком па справах нацыянальнасцей, адначасова (1919—22) нарком дзярж. кантролю. У гады грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22чл.РВС Рэспублікі, шэрагу франтоў і армій. У ліп.—жн. 1919 як чл.РВСЗах. фронту знаходзіўся на Беларусі ў раёне Барысава. У 1921 на X з’ездзе РКП(б) падтрымаў палітыку каранізацыі, адзначыў, што «існуе беларуская нацыянальнасць, у якой маецца свая мова, адметная ад рускай, з прычыны чаго падняць культуру беларускага народа можна толькі на яго роднай мове». У 1922 пры абмеркаванні пытання аб аб’яднанні сав. рэспублік прапанаваў «план аўтанамізацыі», згодна з якім усе сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР як аўтаномныя (быў прыняты ленінскі план стварэння СССР). У 1922—53 Ген. сакратар ЦККамуніст. партыі. У канцы 1920—30-я г. ў ходзе барацьбы С. за лідэрства ў партыі і дзяржаве пачаў фарміравацца культ яго асобы. Пасля таго, як была згорнута новая эканамічная палітыка, праводзіў фарсіраваную індустрыялізацыю краіны і калектывізацыю сельскай гаспадаркі, у выніку чаго была створана эканам. і паліт. моцная дзяржава, здольная супрацьстаяць знешняй пагрозе; з эканам. мадэрнізацыяй краіны павысіўся ўзровень культуры і ў пэўнай ступені дабрабыт насельніцтва. С. імкнуўся звязаць тэорыю марксізму з дзярж. інтарэсамі краіны. Лічыў, што па меры будаўніцтва сацыялізму абвастраецца класавая барацьба, што служыла абгрунтаваннем рэпрэсій палітычных. У канцы 1930-х г. кіраваў напружанай работай па ўмацаванні абараназдольнасці краіны, у складаных міжнар. умовах пайшоў на збліжэнне з Германіяй (гл.Савецка-германскія пагадненні). З 1941 старшыня Саўнаркома (з 1946 Савета Міністраў) СССР. Дапусціў пралік у ацэнцы моманту магчымага нападу Германіі на СССР, што мела цяжкія наступствы ў 1-я месяцы Вялікай Айчыннай вайны 1941—45; у далейшым паслядоўна кіраваў барацьбой супраць ворага. З 30.6.1941 старшыня Дзярж.к-та абароны СССР, з 19.7.1941 нарком абароны СССР, з 8.8.1941 Вярх. галоўнакаманд. Узбр. Сіламі СССР. Пад яго кіраўніцтвам здабыта перамога сав. народа над фаш. Германіяй і мілітарысцкай Японіяй. Па словах прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля, сказаных у 1959, «вялікім шчасцем было для Расіі, што ў гады найцяжэйшых выпрабаванняў краіну ўзначальваў геній і непахісны палкаводзец Сталін». Як кіраўнік Сав. ўрада С. быў адным з арганізатараў антыгітлераўскай кааліцыі ў час другой сусветнай вайны 1939—45, удзельнічаў у канферэнцыі кіраўнікоў урадаў ЗША, СССР і Вялікабрытаніі ў Тэгеране (1943), Ялце і Патсдаме (1945). У пасляваен. перыяд падкіраўніцтвам С. праводзілася хуткае аднаўленне разбуранай нар. гаспадаркі, ва ўмовах пагаршэння адносін з ЗША і Вялікабрытаніяй (гл.«Халодная вайна») была створана ўласная атамная зброя (1949). Пахаваны на Краснай Плошчы ў Маскве.
Асуджэнне культу асобы С. і яго палітыкі адбылося на XX (1956) i XXII (1961) з’ездах КПСС. Ацэнкі ролі С. ў гісторыі Сав. дзяржавы і Камуніст. партыі палярныя, часта з’яўляюцца прадметам паліт. дыскусій.
Тв.:
Соч.Т. 1—13. М., 1949—51. Т. 14—16, 1995—97;
Бел.пер. — Творы. Т. 1—13. Мн., 1950—55.
Літ.:
О преодолении культа личности и его последствий: Постановление ЦККПСС от 30 июня 1956 г. // КПСС в резолюциях и решениях... 8 изд. М., 1971. Т. 7;
Ленін У.І. Пісьмо да з’езда // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Васецкий Н. Сталин: борьба за лидерство в партии // Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Историки спорят: Тринадцать бесед. М., 1988;
Волкогонов Д.А. Сталин. Кн. 1—2. М., 1999;
Режим личной власти Сталина: К истории формирования. М., 1989;
Белади Л., Краус Т. Сталин: Пер. с венг.М., 1989;
Зевелев А.И. Истоки сталинизма: Лекция... М., 1990;
История и сталинизм. М., 1991;
Такер Р. Сталин: Путь к власти, 1879—1929: История и личность: Пер. с англ.М., 1991;
Яго ж. Сталин у власти. 1928—1941. История и личность: Пер. с англ.М., 1997;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995;
Яковлев Н.Н. Сталин: путь наверх. М., 2000.
У.А.Бажанаў.
А таксама: Макаренко В.П. Бюрократия и сталинизм. Ростов н/Д, 1989; Слассер Р. Сталин в 1917 г.: Человек, оставшийся вне революции: Пер. с англ.М., 1989; Соловьев Б.Г., Суходеев В.П. Полководец Сталин. М., 2001; Залесский А.И. И.В.Сталин и коварство его политических противников. Кн. 1. Мн., 1999; Холловэй Д. Сталин и бомба. Советский Союз и атомная энергия. 1939—1956: Пер. с англ. Новосибирск, 1997; Кожинов В.В. Россия. Век XX. 1901—1939. М., 1999; Яго ж. Россия. Век XX. 1939—1964. М., 1999; Иванов Р.Ф. Сталин и союзники. 1941—1945 гг. Смоленск, 2000; Липартелиани Г. Сталин Великий. Частные попытки исследования личности И.В.Сталина. Изд. 2. СПб., 2001; Островский А. Кто стоял за спиной Сталина? СПб., 2002; Медведев Ж.А., Медведев Р.А. Неизвестный Сталин. М., Харьков, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕРАЛО́ГІЯ,
аддзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, шляхі пашырэння, клінічныя праяўленні, метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі венерычных хвароб. Даследуе інфекц. захворванні, узбуджальнікі якіх перадаюцца пераважна палавым шляхам (у т. л. некат. хваробы мочапалавога тракту, скурныя хваробы, СНІД). Венералогія цесна звязана з дэрматалогіяй. Вял. значэнне набывае вывучэнне сац. прычын венерычных хвароб, а таксама распрацоўка метадаў іх індывід. і грамадскай прафілактыкі.
Звесткі пра венерычныя хваробы ёсць у творах Гіпакрата, Цэльса, Плутарха, Галена, Ібн-Сіны і інш. асветнікаў, у працах прадстаўнікоў Салернскай мед. школы (12—13 ст.). Канец 15 ст. адзначыўся пандэмічным пашырэннем сіфілісу, з’яўленне якога ў Расіі ўпершыню апісана ў 1490. У 19 ст. адкрыты ўзбуджальнікі трыхаманозу (А.Данье, 1836), ганарэі (А.Найсер, 1879), мяккага шанкеру (П.Ферары, А.У.Петэрсен і А.Дзюкрэй, 1885—89), сіфілісу (Ф.Шаўдзін і Э.Гофман, 1905). Ням. вучоныя А.Васерман і Найсер распрацавалі метад серадыягностыкі сіфілісу (рэакцыя Васермана, 1906). Пачаткам навук. венералогіі ў Расіі лічыцца 2-я пал. 19 ст., калі пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу створана кафедра венерычных хвароб (1869) падкіраўніцтвам В.М.Тарноўсгага, засн. сіфілідалогіі. Значны ўклад у развіццё венералогіі зрабілі М.І.Стукавенкаў, А.І.Паспелаў, А.Г.Ге і інш.
На Беларусі навук. даследаванні па венералогіі пачаліся ў 19 — пач. 20 ст. У 1867 створана т-ва мінскіх урачоў, з якога ў 1914 вылучылася група ўрачоў-дэрматавенеролагаў. Мэтанакіраваныя даследаванні па венералогіі пачаліся ў 1923 на кафедры скурных і венерычных хвароб мед. ф-та БДУ. У 1932—88 яны канцэнтраваліся ў Бел.н.-д. скурна-венералагічным ін-це, вядуцца таксама ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавалася пашырэнне (В.Ю.Мранговіус), удасканальваліся прафілактыка і лячэнне венерычных хвароб, вывучаўся ўплыў ганарэі на рэпрадукцыйную функцыю мужчын і жанчын. Распрацаваны метады лячэння сіфілісу пеніцылінам (А.Я.Пракапчук), безмыш’яковісты (С.С.Гарбулёў), скарочаны (Ю.Ф.Каралёў, А.П.Комаў), інструментальная дыягностыка, антыбіётыкатэрапія ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.В.Дыла, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава), удасканалена методыка серадыягностыкі сіфілісу (Б.М.Гінзбург). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і скарочаныя высокаэфектыўныя метады лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Я.С.Пеўзнер, А.П.Віторскі, Л.Г.Барабанаў, В.Г.Панкратаў, М.З.Ягоўдзік і інш.). Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скурвендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.
Літ.:
Гусаков Н.И. Развитие отечественной дермато-венерологии и ее важнейшие научные школы: Очерки. Ч. 1. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІПТАЛО́ГІЯ,
комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.Ф.Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.Раселіні) і ў 1842—45 (К.Р.Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.Масперо, Ф.Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.Дрыятон, Ж.Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.Марэ, Э.Ф.Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 падкіраўніцтвам Эрмана і Г.Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст.егіп. палеаграфію даследаваў Г.Мёлер, рэліг. тэксты — К.Зетэ і С.Шот, інш.літ. помнікі — Г.Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.Маер, А.Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.Крам, 1939). Намаганнямі Дж.Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.С.Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.А.Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.В.Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.І.Аўдзіеў, І.М.Лур’е, Ю.Я.Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар.к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).
Літ.:
Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.
Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл.Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл.Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 1021Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.
На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АНпадкіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац.АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;
Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СС (ням. SS, скарачэнне ад Schutzstaffeln ахоўныя атрады),
прывілеяваная ваенізаваная арг-цыяНацыянал-сацыялісцкай партыі, асн. інструмент яе тэрарыст. палітыкі; адна з гал. апор нацысцкага рэжыму ў Германіі. Папярэднікамі СС былі чл.штурмавых атрадаў (СА), сфарміраваных у маі 1923 як «эскорт фюрэра» (пазней «штурмавая група Гітлера»). Уласна СС створана ў ліст. 1925 і ў 1926 падпарадкавана кіраўніцтву легалізаваных СА. З 1929 кіраўніком (рэйхсфюрэрам) СС быў І.Гімлер. Колькасць членаў СС з 280 чал. у 1929 да моманту прыходу нацыстаў да ўлады (студз. 1933) павялічылася да 52 тыс.чал. Разам з СА ахоўныя атрады ўдзельнічалі ў пагромах антыфаш. арг-цый Германіі і інш.Самаст. арг-цыяй СС сталі пасля расправы гітлераўцаў (у ноч на 30.6.1934) з апазіц. лідэрамі СА. У 1934 з агульнага складу СС вылучаны часці «Мёртвая галава» і часці спец. прызначэння, якія ў 1939 перайменаваны ў войскі СС. У 2-ю сусв. вайну колькасць войск СС вырасла з 4 палкоў (18 тыс.чал.) у 1939 да 38 дывізій, у т. л. 8 танк. і 8 матарызаваных (каля 950 тыс.чал.) у снеж. 1944. Састаўной часткай СС была «служба бяспекі» — СД. У 1939 у выніку аб’яднання гестапа і СД у сістэме СС створана Гал. імперскае ўпраўленне бяспекі (РСХА). У 1943 рэйхсфюрэр СС, які стаў міністрам унутр. спраў, сканцэнтраваў усю паўнату ўлады над фарміраваннямі карнага апарату ў Германіі і на акупіраваных тэрыторыях. Службы і фарміраванні СС выконвалі карныя функцыі з выключнай жорсткасцю і фанатызмам. На акупіраванай тэр. Беларусі палітыку генацыду і «выпаленай зямлі» СС ажыццяўляла сіламі 1-й матарызаванай і 1-й кав. брыгад (усяго 9390 чал., 1941). З асабовага складу часцей СС і СД, а таксама з па-антысавецку настроеных элементаў і крымінальнікаў фарміраваліся мабільныя групы і каманды (у т. л. батальён О.Дырлевангера) для знішчэння ваеннапалонных, насельніцтва, для рабавання і вывазу захопленай маёмасці. СС былі падпарадкаваны 5 асобных паліцэйскіх палкоў і 19 батальёнаў, жандармерыя і інш. Кіраўнікамі СС і паліцыі ў ген. акрузе Беларусь былі брыгадэнфюрэры К.Цэнер, К. фон Готберг, а таксама вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі Расіі «Цэнтр» обергрупенфюрэр Э. фон дэм Бах-Зелеўскі. Пад іх кіраўніцтвам войскі СС разам з часцямі і падраздзяленнямі вермахта і паліцыі правялі вял. колькасць карных аперацый і акцый, знішчылі сотні тысяч жыхароў акупіраваных тэр. і палонных ваеннаслужачых. У 1945 СС абвешчана па-за законам, паводле прыгавору Міжнар.ваен. трыбунала 1946 (гл.Нюрнбергскі працэс) прызнана злачыннай арг-цыяй герм. фашызму.
Літ.:
СС Адольфа Гитлера: Пер. с англ.М., 1997;
Уильямсон Г. СС — инструмент террора: Пер. с англ. Смоленск, 1999;
СС в действии: Док. о преступлениях СС: Пер. с нем. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НСКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́, Украінская уніяцкая царква,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Украіны. Усталявана ў выніку Брэсцкай уніі 1596, паводле якой правасл. царква на тэр. Рэчы Паспалітай прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання, пры захаванні грэка-візант. рытуалаў і традыц. абраднасці. Яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, непасрэдна падпарадкаванай папу рымскаму. Яе вышэйшым кіраўніком з’яўляўся уніяцкі мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі, якому падпарадкоўваліся таксама уніяцкія епархіі Беларусі і Літвы. Пераход ва унію адбываўся паступова, у ходзе барацьбы уніятаў з правасл. царквой, якая ў 1620 аднавіла сваю Кіеўскую мітраполію, а ў 1632 легалізавана ў Рэчы Паспалітай. На Левабярэжнай Украінецарк. унія скасавана ў выніку над.-вызв. вайны 1648—54, але ў 1692 да уніі далучылася Перамышльская епархія, у 1700 — Львоўская, у 1702 — Луцкая. У 18 ст. паскорылася «лацінізацыя» уніяцкай царквы — перайманне насуперак умовам Брэсцкай уніі рымска-каталіцкай абраднасці, што праявілася ў рашэннях Замойскага сабора 1720. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Аўстрыі перайшла населеная пераважна ўкраінцамі-уніятамі Галіцыя з уніяцкімі епархіямі Львоўскай і Перамышльскай, часткамі Луцкай і Холмскай (пазней далучаны да Львоўскай і Перамышльскай). Паводле падзелаў 1793 і 1795 да Расіі далучана большасць тэр.Правабярэжнай Украіны. У 1795 Кацярына II скасавала ў Рас. імперыі ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, кіраўніцтва уніяцкімі прыходамі перайшло да каталіцкай царквы. Павел I у 1798 аднавіў на Валыні Луцкую уніяцкую епархію. У 1828 яна зноў скасавана, прыходы падпарадкаваны Літ. епархіі. Полацкі царкоўны сабор 1839 скасаваў уніяцкую царкву ў Рас. імперыі, у т. л. на Украіне. Улады Аўстрыі ў Галіцыі як процівагу апазіцыйна настроенай мясц. польска-каталіцкай шляхце падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву з яе пераважна ўкр. вернікамі, але паступова ўзмацнялі яе «лацінізацыю». У 1774 адкрыта духоўная семінарыя для уніятаў у Вене, у 1784 — у Львове. У 1782 скасаваны уніяцкія брацтвы Галіцыі. У 1795 львоўскі архіепіскап атрымаў ад аўстр. улад тытул мітрапаліта галіцкага. З 1856 рым. курыя неаднаразова надавала галіцкім мітрапалітам тытулы кардыналаў. У 1-й пал. 20 ст. уніяцкая («Руская») царква Галіцыі складалася з Львоўскай мітрапаліцкай, Перамышльскай і Станіслаўскай епархій. У 1939—42 пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат. Львоўскі царк. сабор 1946 скасаваў Укр. г.-к.ц. і пастанавіў увайсці ў склад Рус.правасл. царквы, аднак дзейнасць шэрагу уніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. У час перабудовы уніяцкая царква ў СССР легалізавана (снеж. 1989) і ў 1990-я г. яна цалкам аднавіла сваю дзейнасць у зах. абласцях незалежнай Украіны. Адроджана мітраполія з кафедрай у Львове.
Літ.:
Берестейска унія (1596—1996): Статті й матеріали. Львів, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТРАМ, Беларускі дзяржаўны цэнтральны тэатр рабочай моладзі. Існаваў у Мінску ў 1929—37 (з 1934 прафес.). Створаны з «трупы забаўнікаў» (арганізавана ў 1928 з драм. гуртка клуба «КІМ»). Спачатку існаваў як трам-ядро. У вер. 1929 ператвораны ў т-р. Узначальваў яго П.Шамшур, рэж. Б.Дольскі, муз. часткай кіраваў І.Любан. Арыентаваўся на трамы Ленінграда і Масквы. Праводзіў маст.-прапагандысцкую работу ў горадзе і на вёсцы. На матэрыялах агітац. паездак т-ра зроблены інсцэніроўкі «Як Мікіта і Панас працаваць ішлі ў калгас», «Плёткафон» (1930). Першыя спектаклі т-ра — тыпова трамаўскія сінтэтычныя відовішчы з музыкай, песнямі і танцамі, фізкультурнымі практыкаваннямі, масавымі сцэнамі на будоўлі і камсамольскім гуляннем, кантактамі паміж сцэнай і глядзельнай залай. Яны вызначаліся надзённасцю, жыццярадаснасцю, гал. дзейнай асобай іх быў камсамольскі калектыў: «Першы штандар» (1930, напісана трамаўскімі аўтарамі А.Есаковым, У.Стэльмахам, Шамшурам, М.Юдэлевічам), «Трывога» Ф.Кнорэ (1931) і «Новы горад» І.Гурскага (1932, рэж. усіх Дольскі). У 1933 у сувязі з агульнай рэарганізацыяй трамаў па краіне пачалася перабудова і Бел. трама. Вясной 1934 з мэтай авалодання асновамі акцёрскага мастацтва для т-ра арганізаваны курсы пры Ленінградскім тэатр. тэхнікуме (педагог У.Салаўёў), дзе падрыхтаваны спектакль «Тарцюф» Мальера. У 1934 т-р узначаліў М.Зораў, падкіраўніцтвам якога калектыў стаў на шлях прафес. развіцця. Трам адмовіўся ад уласцівага яму агітац.-публіцыст. стылю і быў пераўтвораны ў маладзёжны т-р звычайнага тыпу. У спектаклях удзельнічалі акцёры М.Зораў, К.Міронава і П.Малчанаў. З лепшых пастановак: «Працяг будзе» А.Бруштэйн, «Арыстакраты» М.Пагодзіна (абодва 1935), «Музыканцкая каманда» Д.Дэля (1936), «Дон Жуан» («Севільскі спакуснік») Тырса дэ Маліны (1937). У 1937 т-р расфарміраваны, яго акцёры папоўнілі інш.тэатр. калектывы рэспублікі, у т. л. БДТ-1, Т-р юнага гледача БССР. У т-ры ў розны час працавалі акцёры Б.Аляксеенка, А.Бараноўскі, Л.Баброў, В.Брайчэўская, М.Васілеўскі, В.Вашкевіч, В.Гапеенка, С.Глікман, Б.Дакальская, Р.Драздоў, Л.Жукава, Я.Краўчанка, Б.Кудраўцаў, Г.Лаўроў, В.Лерман, Л.Міхайлаў, М.Міхайлаў, Ф.Мяфёдаў, У.Палцеўскі, У.Скакун, У.Стэльмах, С.Фрыд, Г.Ціханоўскі, Л.Яноўская і інш.; рэжысёр Ю.Палічынецкі, мастак А.Марыкс, дырыжор В.Белкін. У стварэнні спектакляў прымалі ўдзел рэжысёры Г.Ферман і В.Галаўчынер, мастакі І.Ахрэмчык і З.Азгур, балетмайстры К.Алексютовіч і Л.Крамарэўскі, кампазітары М.Іваноў, М.Красеў, Я.Цікоцкі.
Літ.:
Аляхновіч М., Стэльмах У. Беларускі дзяржаўны тэатр рабочай моладзі // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;
Пятровіч С.А. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАВА
Як навука грамадз. права на Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г., хаця нормы грамадз. права, якія дзейнічалі на тэр. Беларусі, былі ўжо ў Статутах ВКЛ, у Зводзе законаў Рас. імперыі. Асн.навук. цэнтрам была і застаецца кафедра грамадз. права юрыд. ф-та БДУ, якую ўзначальвалі Г.А.Павецьеў, Ф.І.Гаўзе і з пач. 1970-х г. — на працягу 10 гадоў В.Ф.Чыгір — заснавальнік нац. школы жыллёвага права. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны і выдадзены навук.-практычныя каментарыі да Грамадз. кодэкса БССР (1972, 1991), Грамадз. кодэкса Рэспублікі Беларусь (т. 1—2, 1999; т. 1—3, 2003), падручнікі «Грамадзянскае права» (т. 1—3, 1975—78), «Грамадзянскае права» (т. 1—2, 2000—02). Супрацоўнікі кафедры даследуюць праблемы ўласнасці і права ўласнасці (В.Ф.Чыгір), дагаворнае права (В.М.Гадуноў, А.В.Каравай, У.П.Мароз, А.М.Рамановіч, В.Ф.Чыгір), банкаўскае права (А.А.Салей, І.М.Шчамялёва), пытанні інтэлектуальнай уласнасці (І.В.Папова, В.Ф.Чыгір), спадчыннага права (У.А.Раманенка), прадпрымальніцкага права (В.М.Гадуноў, В.К.Сідарчук), міжнар. прыватнага права (У.П.Мароз, А.М.Рамановіч) і інш.
У Бел.эканам. ун-це даследаванні па праблемах грамадз.-прававога цыкла пачаліся з 1950-х г. у выніку стварэння кафедры прававых дысцыплін. Вывучаюцца пытанні асабістай уласнасці грамадзян і іх аховы (Дз.Ф.Ерамееў, В.С.Юрчанка), дагаворныя абавязацельствы (М.Г.Проніна), прававое рэгуляванне гасп. дзейнасці (Я.А.Ціханенка, М.Г.Проніна), метадалагічныя аспекты зместу грамадз. права (У.А.Вітушка) і інш. Выдадзены навуч. дапаможнікі «Курс грамадзянскага права: Агульная частка» (т. 1, У.А.Вітушкі, 2001), «Прававое рэгуляванне гаспадарчай дзейнасці» (2004). Вучоныя кафедры грамадз. права і працэсу Гродзенскага ун-та, якая функцыянуе з пач. 1980-х г., аналізуюць праблемы прававога рэгулявання адносін уласнасці (І.І.Вялента), прававой аховы культ. спадчыны (І.Э.Мартыненка), рэчавых правоў на зямлю, здзелак з нерухомасцю (Н.Г.Станкевіч), прадпрымальніцкага права (В.С.Елісееў) і інш. У аддзеле прац. і грамадз. права Ін-та дзяржавы і права Нац.АН Беларусі распрацоўваюцца пытанні дагаворнага права, прававога рэгулявання эканам. неплацежаздольнасці (банкруцтва), інтэлектуальнай уласнасці (А.А.Ванін, А.А.Папова) і інш.
Літ.:
Брагинский М.М. Общее учение о хозяйственных договорах. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІЯ
На Беларусі геахімічныя даследаванні заснаваў К.І.Лукашоў у БДУ (1953) і АН Беларусі (з 1957). Ён стварыў бел. геахімічную школу, дзе пад яго кіраўніцтвам і з яго ўдзелам распрацаваны кірункі геахім. даследаванняў гіпергенезу, покрыўных адкладаў і ландшафтаў. У 1960-я г. вылучаны геахім. правінцыі і дадзена іх комплексная характарыстыка (К.І.Лукашоў і інш.), распрацаваны геахім. паказчыкі для пошукаў нафты, мінеральных солей і інш. карысных выкапняў (В.А.Лапуць, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач і інш.). У 1970-я г. развіваліся кірункі геахім. даследаванняў: геахімія гіпергенезу, геахімія генет. тыпаў асадкавага літагенезу і парод крышталічнага фундаменту; павысілася роля геахім. даследаванняў у адкрыцці радовішчаў нафты, газу, расолаў; пашырылася выкарыстанне геахім. метадаў у вырашэнні праблем засалення глеб, гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, земляробства і аграхіміі, медыцыны, стварэння водна-мінеральнай базы для лячэбна-прафілактычных устаноў. — курортаў, санаторыяў, прафілакторыяў і інш. (Л.Ф.Ажгірэвіч, Л.А.Дземідовіч, У.А.Кузняцоў, В.А.Лапуць, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, А.М.Пап і інш.). З 1980-х г. у галіне геахіміі гіпергенезу развіліся асобныя кірункі даследаванняў — геахімія азёрных, алювіяльных і ледавіковых адкладаў, геахімія глеб, геахімія тэхнагенезу (Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, В.Б.Кадацкі, У.А.Кузняцоў, Л.І.Лосева, К.І.Лукашоў, Н.Н.Петухова, Т.М.Сімуткіна і інш.). Наступствы Чарнобыльскай катастрофы вымусілі больш увагі звярнуць на размеркаванне і міграцыю радыенуклідаў у сістэме мацярынская парода — глеба, глеба — расліннасць, у грунтавых і падземных водах (Я.І.Аношка, В.А.Генералава, В.Б.Кадацкі, В.П.Кальнянкоў, А.В.Кудзельскі, У.А.Кузняцоў, В.І.Пашкевіч, Н.Н.Петухова, А.М.Шпакаў і інш.). Створаны атлас геахім. карт (выд. ў 1990) і даведнік па геахіміі Беларусі (выд. ў 1995; К.Ц.Альхавік, Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, Л.І.Матрунчык, М.Д.Міхайлаў і інш.). У Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі развіваюцца кірункі: геахімія парод крышталічнага фундаменту, асадкавых парод, радыеізатопаў, гідра- і літагідрагеахімія, экагеахімія і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі атрымала развіццё экагеахімія, у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» — геахімія глеб, у БДУ — радыегеахімія. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінеральна-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Лукашев К.И., Лукашев В.К. Геохимические поиски элементов в зоне гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1967;
Геохимические провинции покровных отложений БССР. Мн., 1969;
Лукашев В.К. Искусственные сорбенты в прикладной и экспериментальной геохимии. Мн., 1992;