помнік палацава-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Нароўля Гомельскай вобл. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. на правым высокім беразе р. Прыпяць. Уключае палац, парк з малымі арх. формамі, вытв. пабудовы. Палац (1865) — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з высокім цокалем. 1-ы паверх апрацаваны буйным рустам, 2-і раскрапаваны лапаткамі. У цэнтры падоўжаных фасадаў плоскія рызаліты з порцікамі (не захаваліся). Перад імі тэрасы з шырокімі лесвіцамі і пандусамі. Абапал гал. фасада плоскія рызаліты, абапал дваровага — 3-гранныя эркеры. На тарцах будынка больш глыбокія рызаліты з уваходамі. У афармленні інтэр’ера выкарыстаны арачныя нішы. Парк пейзажнага тыпу (пл. 8,2 га). Кампазіцыйна падзелены баскетамі з грабу на 2 часткі. У паўд. частцы — палац, вял. паляна, алея, якая пачынаецца ўязной брамай у выглядзе каланады дарычнага ордэра з антаблементам. Перад фасадам, арыентаваным на раку, — шырокая лесвіца, якая вядзе на тэрасу з фантанам у стылі ампір. У паўн. частцы лагчыны невял. ручай. У парку растуць пераважна дрэвы мясц. парод і пладовыя, трапляюцца экзоты. На ўзгорку пры перасячэнні абходных алей знаходзіцца 3-ярусная квадратная ў плане мураваная альтанка з рысамі стылю ампір. Яе ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам, 2-і — скразны, з вял. паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з 4 бакоў. Вуглы аздоблены трохчвэртнымі калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з 6 калонамі карынфскага ордэра, завершаны паўсферычным купалам з вазай. У ансамбль уваходзіць вытв.комплекс з чырвонай цэглы ў формах несапраўднай готыкі і неараманскага стылю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
крэпасць у С.-Пецярбургу на Заечым в-ве. Засн. 27.5.1703 (дата заснавання С.-Пецярбурга) як ваен. крэпасць, але ў 1-й чвэрці 18 ст. амаль страціла баявое значэнне. З часоў Пятра I памяшканні П.к. выкарыстоўваліся для зняволення дзярж. злачынцаў, для якіх пазней існавалі спец. пабудаваныя турмы ўнутры Аляксееўскага равеліна (1797—1884) і Трубяцкога бастыёна (1872—1917). Сярод вязняў крэпасці былі царэвіч Аляксей Пятровіч, эканаміст і публіцыст І.Ц.Пасашкоў, ахвяры дварцовых пераваротаў 18 ст., А.М.Радзішчаў, Т.Касцюшка, дзекабрысты, члены Патрыятычнага таварыства, петрашэўцы, народнікі, рэвалюцыянеры-марксісты, удзельнікі рэвалюцыі 1905—07. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 у П.к. знаходзіўся штаб узбр. паўстання. З 1924 гіст.-рэв. музей, з 1993 гіст.-культ. запаведнік «П.к. — Дзярж. музей гісторыі С.-Пецярбурга».
Арх. помнікі: вароты Пятроўскія (1717—18, арх. Д.Трэзіні; драўляны рэльеф «Звяржэнне Сімона Волхва», скульпт. К.Оснер) і Неўскія (1784—87, арх. М.Львоў, класіцызм), кронверк (1752; перабудаваны ў 1850, арх. П.Таманскі; з 1872 Артыл.гіст. музей). Унутры П.к. — Петрапаўлаўскі сабор (1712—33, арх. Трэзіні, барока, 3-нефавая базіліка са званіцай, завершанай залачоным шпілем; разны драўляны іканастас, 1722—27, паводле малюнка І.Заруднага, майстры Т.Іваноў і І.Цялега) з пахавальняй рас. імператараў; домік для боціка Пятра I — Ботны домік (1761—62, арх. А.Віст; тэракотавая фігура «Навігацыя», 1891, скульпт. Д.Іенсен); комплекс манетнага двара (1798—1806, прыпісваецца арх. А.Порта) і інш. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНЫ СТАН,
агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.
Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн.т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БЯСПЕ́КА,
комплекс мерапрыемстваў па ахове чалавека ад шкоднага ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. Пры працы з радыеактыўнымі рэчывамі, мед. абследаваннях і ў інш. выпадках уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў прыроднага ці тэхнагеннага паходжання скіраваная на зніжэнне сумарнай дозы апрамянення арганізма да бяспечнага для здароўя чалавека ўзроўню (гранічна дапушчальнай дозы). Выключная роля адводзіцца Р.б. пры аварыях на АЭС і ліквідацыі іх наступстваў. На Беларусі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) радыяцыйна-экалагічнае становішча характарызуецца складанасцю і неаднароднасцю радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі, наяўнасцю радыенуклідаў практычна ва ўсіх кампанентах экасістэмы і іх уцягваннем у геахім. і трафічныя цыклы міграцыі. Меры Р.б. ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» (1998), які рэгламентуе нормы Р.б. з указаннем гранічна дапушчальных доз, дапушчальных узроўняў іанізавальных выпрамяненняў усіх відаў і інш. патрабаванні па абмежаванні радыеактыўнага ўздзеяння на насельніцтва.
У забруджаных раёнах больш за 70% сумарнай дозы апрамянення абумоўлена ўнутр. апрамяненнем арганізма, выкліканым ужываннем мясц.харч. прадуктаў (пераважна малака, ягад, грыбоў), якія маюць у сабе цэзій-137 і стронцый-90. Р.б. насельніцтва забяспечваецца правільнай арганізацыяй харчавання (напр., рэгулярнае ўжыванне пекцінавых прэпаратаў ачышчае арганізм ад цэзію-137) і с.-г. вытв-сці. Ахова ад знешняга апрамянення забяспечваецца правільным правядзеннем работ у забруджаных лясных масівах, нарыхтоўкі лесапрадуктаў, палявых работ (пры ўтварэнні пылу значна павялічваецца ўдзельная радыеактыўнасць паветра), арганізацыяй мерапрыемстваў па прадухіленні лясных і тарфяных пажараў, якія павышаюць радыяцыйны фон на значнай тэрыторыі. Для забеспячэння макс. эфектыўнасці Р.б. ажыццяўляецца радыяцыйны маніторынг навакольнага асяроддзя, а таксама радыеметрычны кантроль харч. прадуктаў і сістэматычныя мед. абследаванні жыхароў забруджаных раёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,
машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш.Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз.аўтам. ротарнай лініяй.
У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл.Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш.меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл.Снегаўборачныя машыны).
У.М.Сацута.
Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАРА́ (Ankara),
Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Засн. 30.9.1943 як Музей па гісторыі барацьбы бел. народа з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну на матэрыялах дзеючай з восені 1942 у Маскве выстаўкі «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», камісіі па гісторыі Вял.Айч. вайны пры ЦККП(б)Б, Бел. штаба партыз. руху і інш. Адкрыты 22.10.1944 у Мінску, сучасная назва з ліст. 1944. Да 1974 быў адзіным на тэр.б.СССР музеем мінулай вайны. Мае 29 экспазіц. залаў (пл. 3,6 тыс.м²), каля 100 тыс. адзінак асн. фонду (1995), фотатэку (каля 38 тыс. негатываў), б-ку (каля 13 тыс. кніг, брашур, плакатаў). Дакументы, фотаздымкі, рэчавыя матэрыялы расказваюць пра пачатак вайны ў 1941, абарончыя баі на тэр. Беларусі; жорсткі акупац. рэжым, партыз. і падп. барацьбу супраць акупантаў; гераізм працаўнікоў тылу; буйнейшыя ваен. аперацыі Чырв. Арміі пры вызваленні Беларусі і краін Еўропы, перамогу над фашызмам у 1945; Парад Перамогі. Экспазіцыю завяршаюць мемар. залы. дзе ўвекавечаны гарады-героі, вайск. злучэнні і часці 1, 2, 3-га Бел. і Прыбалт. франтоў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі, партыз. фарміраванні на Беларусі; поўныя кавалеры ордэна Славы і Героі Сав. Саюза — ураджэнцы Беларусі і прадстаўнікі інш. народаў, што атрымалі гэтыя званні ў баях на Беларусі. Філіял музея — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі. Самастойнымі музеямі сталі б. філіялы Обальскага камсамольскага падполля музей, Музей баявой садружнасці, Музей бітвы за Дняпро, Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Іншым музеям рэспублікі і замежжа перададзена больш за 46 тыс. адзінак апрацаваных матэрыялаў.
Літ.:
Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны: Путеводитель по залам. Мн., 1987.
А.Г.Ванькевіч.
Экспазіцыя «Акупацыйны рэжым» у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплексбел.нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСЫ (ад лац. virus яд),
найдрабнейшыя субмікраскапічныя арганізмы няклетачнай будовы, якія складаюцца з нуклеінавай кіслаты і бялковай абалонкі (капсіды). Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выклікаюць вірусныя хваробы чалавека і жывёл, а таксама вірусныя хваробы раслін. вірус бактэрый — бактэрыяфагі. Адкрыты рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892), пашыраны ўсюды. Апісана каля 500 формаў вірусаў, якія шкодзяць цеплакроўнай жывёле і больш за 600 формаў вірусаў, што заражаюць вышэйшыя расліны. Вірусы існуюць у форме пазаклетачнай віруснай часціцы (вірыёна) і ўнутрыклетачнай (комплекс Вірус — клетка). Размнажаюцца толькі ў жывых клетках арганізма-гаспадара, выкарыстоўваючы іх ферментатыўны апарат. Нуклеінавая кіслата (РНК пераважна ў фітапатагенных вірусах і ДНК — у вірусах, якія шкодзяць чалавеку і жывёле) — носьбіт спадчыннасці і інфекцыйнасці. Форма вірусаў вызначаецца будовай бялковай абалонкі: палачка- або ніткападобная, сферычная, бацылападобная і інш.; памеры ад 15 да 2000 нм і больш. Вывучае вірусы — вірусалогія.
У вірусах адсутнічае ўласны абмен рэчываў і рэпрадукцыя цалкам залежыць ад метабалічнай актыўнасці клетак гаспадара. Пранікаючы ў клетку, яны накіроўваюць працэсы сінтэзу на рэпрадукцыю саміх вірусаў і ўводзяць дапаўняльную генетычную інфармацыю, якая адмоўна ўплывае на метабалізм клетак. У працэсе рэпрадукцыі фітапатагенных вірусаў узнікаюць генетычна змененыя формы (штамы), што мае вял. значэнне ў эвалюцыі. Вірусы раслін распаўсюджваюцца мех. шляхам, пыльцой, насеннем, з пасадачным матэрыялам, натуральнымі пераносчыкамі (нематодамі, тлямі, грыбамі і інш.).
Літ.:
Биология вирусов животных: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1977;
Гиббс А., Харрисон Б. Основы вирусологии растений: Пер. с англ.М., 1978;
Власов Ю.И., Ларина Э.И. Сельскохозяйственная вирусология. М., 1982.
Ж.В.Блоцкая.
Схема будовы вірусаў: А — патагенных для раслін (вірус тытунёвай мазаікі); Б — чалавека і жывёл; 1 — вірус герпесу; 2 — адэнавірус; 3 — папававірус; 4 — вірус грыпу; 5 — каронавірус; 6 — арэнавірус; 7 — рабдавірус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГАЛІ́ЗМ, алкагалізм хранічны,
хвароба, якая ўзнікае ад празмернага і частага ўжывання спіртных напіткаў; выяўляецца ў псіхічнай і фізічнай залежнасці ад алкаголю, сацыяльнай і маральнай дэфармацыі асобы, у псіх., неўралагічных і саматычных расстройствах. Развіваецца часцей у 25—40 гадоў. Адзначаецца і спадчынная схільнасць. Першая стадыя хваробы на фоне працяглага быт. п’янства цягнецца 3—6 гадоў. Характарызуецца стратай ірвотнага рэфлексу, псіх. залежнасцю (неабходнасць спіртнога, каб палепшыць настрой або зняць напружанне), стратай колькаснага кантролю над выпітым, ап’яненнем з частковым забываннем падзей. Асн. асаблівасць другой стадыі — фізічная залежнасць з пахмельным сіндромам, пры якім узнікаюць цяжкія псіх. і самата-вегетатыўныя перажыванні. Каб палепшыць стан, хворы пахмяляецца. Могуць быць і алкагольныя псіхозы. Адзначаны таксама змены асобы з сац. дэградацыяй, парушэннямі ўвагі, памяці. На трэцяй стадыі хворы п’янее ад нязначнай дозы спіртнога, часта пераходзіць на сурагаты. Адсутнічаюць усе формы кантролю, хворы становіцца бесклапотным і лагодным. Узнікаюць неўралагічныя расстройствы, пагаршаецца агульны стан здароўя. Лячэнне: выпрацоўка адмоўнай рэакцыі на алкаголь з дапамогай лякарстваў, псіхатэрапія і інш.
Сістэма барацьбы з п’янствам і алкагалізмам у Рэспубліцы Беларусь уключае комплекс выхаваўчых, санітарна-асветных, адм. і мед. мерапрыемстваў, якія спалучаюцца з мерамі грамадскага і дзярж. ўздзеяння супраць тых, хто не жадае выконваць маральныя і прававыя ўстанаўленні грамадства. Паводле дзеючага заканадаўства асобы, якія ўчынілі ў стане ап’янення правапарушэнні і злачынствы, не вызваляюцца ад адм. ці крымін. адказнасці. Учыненне злачынства ў стане ап’янення лічыцца акалічнасцю, якая абцяжвае адказнасць. Да хранічнага алкаголіка, які ўчыніў злачынства, адначасова з пакараннем за яго суд можа прызначыць яму прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Асоба, якая ў выніку злоўжывання алкаголем ставіць сваю сям’ю ў складанае матэрыяльнае становішча, па рашэнні суда можа быць абмежавана ў дзеяздольнасці, і над ёю ўстанаўляецца апякунства.