1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем культурных раслін для вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлю — кармамі, многія галіны прам-сці (харч., камбікормавую, тэкст., фармацэўтычную і інш.) — сыравінай расліннага паходжання. Уключае паляводства (вырошчванне збожжавых культур, тэхнічных культур, кармавых культур, кармавых траў, бульбаводства, насенняводства), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства, лесаводства. Існуе больш за 20 тыс. раслін, якія вырошчваюць і выкарыстоўваюць. Важнейшае гаспадарчае значэнне маюць 640, з іх 90 адносяцца да палявых культур. Аснова Р. і ўсёй с.-г. вытворчасці — збожжавая гаспадарка. Пад збожжавымі культурамі занята больш за пал. апрацаваных зямель свету. Рэгіёны іх распаўсюджання прыкладна супадаюць з асн. рэгіёнамі размяшчэння насельніцтва. У 1998 сусв.вытв-сць збожжа склала 2111 млн.т; яго вядучыя вытворцы — Кітай (21,4% валавога збору), ЗША (16,6%) і Індыя (11,1%). Найважн. збожжавыя культуры — пшаніца, рыс і кукуруза. Па плошчы пшаніца займае 1-е месца сярод с.-г. культур. Яе вырошчваюць больш за 70 краін Еўропы, Азіі, Амерыкі і інш. У 1998 у свеце сабрана 589 млн.т пшаніцы. Вядучыя вытворцы — Кітай, ЗША і Індыя (больш за 40% сусв. вытворчасці). Рыс вырошчваюць на меншых плошчах, але па валавым зборы ён амаль не ўступае пшаніцы, таму што ў некат. рэгіёнах прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць 2—3 ураджаі за год. Асн. рысасеяльныя краіны — Кітай, Індыя, Інданезія, Бангладэш, Пакістан. Буйнейшыя вытворцы кукурузы — ЗША і Кітай. Сярод тэхн. культур найб. значэнне маюць валакністыя (бавоўнік, лён, джут, кенаф, каноплі і інш.), цукровыя (цукр. трыснёг, цукр. буракі, цукр. і вінная пальмы), алейныя (сланечнік, рапс, арахіс, клешчавіна, какосавая і алейная пальмы, масліна і інш.), эфіраалейныя (мята, герань, базілік, ружа, лаванда і інш.), а таксама каўчуканосныя, дубільныя, фарбавальныя, лекавыя, наркатычныя і інш.Найважн. валакністая тэхн. культура — бавоўнік, асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Пакістан. Ва ўмераных шыротах вырошчваюць лён-даўгунец (Кітай, Францыя, Беларусь). Асн.цукр. культуры — цукр. трыснёг і цукр. буракі. У 1999 у свеце атрымана больш за 133 млн.т цукру (у т. л. каля 60% з цукр. трыснягу). Буйнейшыя вытворцы — Бразілія і Індыя (разам даюць каля 30% сусв. вытв-сці). Бульба — універсальная культура, мае харч., тэхн. і кармавое значэнне. Сусв.вытв-сць 296 млн.т (1998), гал. вытворцы Кітай і Расія, адпаведна 16% і 10,6% агульнай вытворчасці. Значнае месца ў Р. займаюць агародніцтва, пладаводства і вінаградарства. У 1998 сусветная вытв-сць агароднінных і бахчавых культур склала 606 млн.т. Буйнейшы вытворца — Кітай (137 млн.т). Найб. развіта вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Б.ч. вінаграднікаў на Пд і ЗЗах. Еўропы (Італія, Іспанія, Францыя) і ў Паўн. Афрыцы.
На Беларусі Р. ў значнай ступені падначалена патрэбам жывёлагадоўлі. У 1990-я г. на Беларусі адбыліся значныя змены ў структуры пасеваў с.-г. культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак (гл.табл.). Скарацілася доля збожжавых і зернебабовых культур. У складзе гэтай групы паменшылася ўдз. в. жыта, ячменю, аўса; павялічылася доля азімай і яравой пшаніцы. З тэхн. культур павялічылася доля рапсу, паменшылася доля лёну-даўгунцу, доля цукр. буракоў засталася нязменнай. Больш як у 2 разы павялічыліся пасевы агароднінных культур. Вырасла доля кармавых культур з-за павелічэння ўдз. в. шматгадовых і аднагадовых траў. У калгасах і саўгасах за апошняе дзесяцігоддзе скараціліся плошчы асн.с.-г. культур, у т. л. бульбы амаль у 3 разы. У гаспадарках насельніцтва, наадварот, назіраецца іх рост, у т. л. пад збожжавымі, бульбай, агароднінай і кармавымі. Больш за 80% валавых збораў бульбы, агародніны, пладоў і ягад вырошчваюць у асабістых падсобных гаспадарках: насельніцтва ўсё больш пераходзіць на самазабеспячэнне гэтай прадукцыяй. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — асн. вытворцы збожжа, ільновалакна і цукр. буракоў. У размяшчэнні галін Р. найб.змены адбыліся на ПдУ рэспублікі, што абумоўлена вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або спынена вырошчванне лёну-даўгунцу, грэчкі, бабовых, агароднінных культур. Некат. розніца адзначаецца паміж развіццём Р. на З і У рэспублікі. На З (Брэсцкая, Гродзенская і зах. раёны Мінскай вобл.) прыродны, працоўны і вытв. патэнцыял лепшы, чым на У, таму эфектыўнасць Р. там больш высокая.
2) Навука аб культ. раслінах і іх вырошчванні. Гал. задача — вывучэнне біял. асноў і распрацоўка найб. дасканалых спосабаў вырошчвання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур пры найлепшай якасці прадукцыі. Р. цесна звязана з генетыкай, селекцыяй, фізіялогіяй раслін, аграхіміяй, біяхіміяй, земляробствам. Асн. метады даследавання — вегетацыйны, палявы, лабараторна-палявы і вытворчы.
Т.Л.Казакова.
Пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур на Беларусі (у гаспадарках усіх катэгорый; тыс.га)
1985
1990
1995
1999
Уся пасяўная плошча
6241
6126
6150
6123
Збожжавыя і зернебабовыя
2816
2645
2692
2513
у т. л. жыта
1015
917
969
641
пшаніца
195
140
177
411
ячмень
918
1030
1033
811
авёс
380
360
335
293
грэчка
38
18
18
23
зернебабовыя
270
172
119
238
Тэхнічныя культуры
266
248
205
277
у т. л. лён
200
149
98
76
цукр. буракі
59
46
55
55
рапс
3
49
48
136
Бульба
708
638
725
661
Агародніна
47
41
77
93
Кармавыя культуры
2404
2554
2451
2578
Да арт.Раслінаводства: 1 — жытнёвы палетак; 2 — ільняное поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт.Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт.Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт.Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт.Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,
этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.Маркса і Ф.Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.І.Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.
Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).
Літ.:
Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;
Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969;
Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца працэсы генерацыі, узмацнення і распаўсюджвання лазернага выпрамянення, яго ўзаемадзеяння з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі; фіз. асновы стварэння і выкарыстання лазераў частка квантавай электронікі.
Узнікла ў 1960-я г. на мяжы оптыкі, радыёфізікі, электронікі і матэрыялазнаўства. Атрымала хуткае развіццё з прычыны асаблівых якасцей лазернага промня: яго надзвычай высокіх кагерэнтнасці, монахраматычнасці, накіравальнасці распаўсюджвання, прасторавай і часавай шчыльнасці энергіі, вельмі малой працягласці асобных імпульсаў. Гэтыя якасці, іх спалучэнні і камбінацыі абумовілі развіццё лазернай тэхнікі — лазерных сродкаў даследавання розных асяроддзяў і аб’ектаў, выканання разнастайных лазерных тэхналогій, у т. л. тонкіх, стварэння аптычнай сувязі, апрацоўкі, запісу і счытвання інфармацыі (гл.Аптычны запіс). Выкарыстанне лазернага выпрамянення выклікала змены шэрагу паняццяў і ўяўленняў оптыкі і інш. галін ведаў. У выніку выкарыстання лазераў выяўлены і даследаваны такія нелінейна-аптычныя з’явы, як генерацыя гармонік, складанне і адыманне частот, вымушанае камбінацыйнае рассеянне, самафакусіроўка і тунэляванне лазернага пучка, чатырохфатоннае змешванне, двухфатоннае паглынанне, амплітудна-фазавая канверсія мадуляцыі, утварэнне салітонаў і інш. Нелінейна-аптычныя з’явы знайшлі шырокае выкарыстанне для кіравання характарыстыкамі лазернага выпрамянення (пры яго генерацыі і распаўсюджванні), вывучэння структуры рэчыва (гл.Лазерная спектраскапія) і дынамікі розных працэсаў у асяроддзях. У імпульсах лазернага выпрамянення фемтасекунднай (10 с) працягласці дасягнуты шчыльнасці магутнасці парадку 1021Вт/см². Сілы ўздзеяння такіх імпульсаў на электроны і ядры атамаў істотна перавышаюць сілы іх узаемадзеяння ў ядрах, што дае магчымасць кіроўнага ўздзеяння на структуру атамаў і малекул. Лазерныя крыніцы выпрамянення выкарыстоўваюцца ў звычайных аптычных прыладах, што значна паляпшае іх характарыстыкі і пашырае магчымасці, і для стварэння прынцыпова новых прылад і метадаў даследавання, новых тэхн. сродкаў (аптычныя дыскі. лазерныя прынтэры, аудыё- і відэапрайгравальнікі, лініі валаконна-аптычнай сувязі, галаграфічныя і кантрольна-вымяральныя прылады). Дасягненні Л.ф. шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, прамысл. тэхналогіях, у ваен. тэхніцы, касманаўтыцы, медыцыне.
На Беларусі даследаванні па Л.ф. пачаліся ў 1961 у Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава. Праводзяцца ў ін-тах фіз. і фізіка-тэхн. профілю Нац.АН Беларусі, установах адукацыі і прамысл. арг-цыях. Прадказана і атрымана генерацыя на растворах складаных малекул, створана серыя лазераў з плаўнай перастройкай частаты ў шырокім дыяпазоне; прапанаваны метады разліку і кіравання энергет., часавымі, частотнымі, палярызацыйнымі і вуглавымі характарыстыкамі лазераў і лазернага выпрамянення; створаны новыя тыпы лазерных крыніц святла агульнага і спец. прызначэння. Распрацаваны фіз. асновы дынамічнай галаграфіі, вывучаны заканамернасці ўзнікнення і працякання многіх нелінейна аптычных з’яў і распаўсюджвання святла ў нелінейна-аптычных асяроддзях.
Літ.:
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;
Коротеев Н.И., Шумай И.Л. Физика мощного лазерного излучения. М., 1991;
Ярив А. Введение в оптическую электронику: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук.матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.
Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, М.Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл.Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),
галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, зменыхім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл.Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл.Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.Дж.Томаса (Англія), А.Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл.Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац.АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш.Гл. таксама Металургічная прамысловасць.
Літ.:
Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;
Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;
Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕБІЯЛО́ГІЯ (ад радые... + біялогія),
радыяцыйная біялогія, навука, якая даследуе дзейнасць іанізавальнага выпрамянення на жывыя арганізмы. Вывучае эфекты біял. ўздзеяння радыяцыі і высвятляе асаблівасці развіцця звязаных з гэтым паталаг. працэсаў. Распрацоўвае метады папярэджвання, аховы і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, займаецца прагназаваннем радыяц. небяспекі. Абгрунтоўвае метады выкарыстання радыеактыўных матэрыялаў у медыцыне, сельскай гаспадарцы, прам-сці, навуцы. Цесна звязана з фізікай, хіміяй, фізіялогіяй, біяхіміяй, генетыкай і інш.
Пачала развівацца пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення і радыеактыўнасці. У 1896 рас. вучоны І.Р.Тарханаў выдаў працу аб уплыве рэнтгенаўскіх прамянёў на жыццёвыя функцыі арганізма, у 1911 Я.С.Лондан — манаграфію «Радый у біялогіі і медыцыне». У Германіі ў 1904 Г.Петэрс назіраў парушэнне дзялення ў апрамененых клетках, у 1905 П.Лінзер і Э.Гельбер — з’яўленне таксічных рэчываў у крыві апрамененых жывёл. У 1906 франц. вучоныя Ж.Берганье і Л.Трыбандо выявілі залежнасць радыеадчувальнасці клетак ад інтэнсіўнасці і працягласці іх дзяленняў і ступені дыферэнцыроўкі. Уклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Б.Л.Астаураў, Г.А.Надсан, М.У.Цімафееў-Расоўскі, франц. П.Анцэль, П.В.Інтэмбергер, Ф.Хальвек, ням. Ф.Дэсаўэр, К.Цымер, англ. Дж.Кроўтэр, Д.Лі, амер. Г.Мёлер, Р.Цыркл, П.Хеншаў і інш. Як навука Р. сфарміравалася ў 1940—50-я г. ў сувязі з выкарыстаннем ядз. энергіі.
На Беларусі сістэм. даследаванні па Р. вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах Нац.АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, фізіялогіі, эксперым. батанікі, радыебіялогіі, радыеэкалагічных праблем, Цэнтр.бат. садзе і інш., НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, сан.-гігіенічным, н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, мед. ін-тах; БДУ, ін-це радыяцыйнай бяспекі «Белрад» і інш. Уклад у развіццё Р. зрабілі В.Т.Андрыянаў, У.Г.Валодзін, М.А.Кудзінаў, В.М.Кудраўцава, А.Ц.Пікулеў, А.М.Пісарэўскі, М.Ю.Тайц, М.В.Турбін, М.А.Троіцкі, К.В.Фамічэнка, Л.С.Чаркасава і інш. Даследаваны пострадыяцыйныя змены абмену рэчываў у арганізме жывёл, мутагены і генет. эфект некат. відаў іанізавальных выпрамяненняў, уплыў апрамянення насення на рост і развіццё інтрадукаваных дрэвавых і кветкавых раслін. Высветлены ўплыў вял. доз выпрамяненняў на фізіка-хім. ўласцівасці дэзоксірыбануклеапратэідаў храмаціну клетак. Распрацаваны спосабы выкарыстання радыеізатопаў для дыягностыкі і тэрапіі захворванняў чалавека. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задача Р. — прадухіленне шкодных вынікаў (у т. л. аддаленых) радыяцыйнага апрамянення насельніцтва на забруджаных тэрыторыях. Праведзены даследаванні па радыеактыўным забруджванні біяцэнозаў. Устаноўлены механізмы дзеяння знешняга апрамянення (у малых дозах) і інкарпараваных радыенуклідаў на генетычныя і метабалічныя працэсы, функцыянальныя сістэмы (эндакрынную, сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадукцыйную і інш.). Распрацаваны спосабы зніжэння шкодных вынікаў радыяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),
цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.
Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.Спіноза, Г.Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.
Літ.:
Системные исследования. М., 1969;
Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;
Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;
Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;
Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,
змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел.літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разам з развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл.Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры з грамадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел.арфаграфіі (А.Луцкевіча, Я.Лёсіка, Б.Пачопкі, Р.Абіхта і Я.Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі з беларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНКБССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.
У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.Коласам, К.Крапівой і П.Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМБССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел.літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел.літ. мовы, якую ўзначаліў Н.Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац.АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тра́нты ’лахманы, старая падраная адзежа, бялізна’, ’хлам, старызна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Юрч. Сін., Варл.; малар., ЖНС; люб., Нар. ск.; гродз., касцюк., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), ’анучы (іран. жаночыя ўборы)’ (Нар. Гом.), тра́нце ’рыззё’ (Мат. Гом.), тра́нцё ’рызманы’ (Нік., Оч., Шн. 3), тра́нцы ’старое, парванае адзенне, рыззё, лахманы’ (пух., З нар. сл.; Сержп. Грам.), транці́на ’рызман’ (Юрч. Вытв.), тра́ньціна ’адзежына’ (мёрск., Нар. сл.), тра́ньте ’рыззё’ (драг., Нар. лекс.), тра́нды ’тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), трэ́нты ’транты’ (Скарбы; дзятл., Сл. ПЗБ), адсюль, відаць, выабстрагаваная форма адз. л. трант ’паношаная, дрэнная вопратка’ (капыл., Нар. словатв.), ’тс’, ’незнаёмы, нікчэмны чалавек’ (лей., Жыв. НС). Параўн. укр.дыял.тра́нти ’анучы, рыззё’, адз. л. трант; серб.-харв.дыял.тра́нци, трањци ’парванае адзенне або абутак’, адз. л. тра́њак. Беларуска-сербская ізалекса, што ўзыходзіць да *tertі ’церці’, параўн. тра́нне ’рыззё’ (Юрч. Сін.), серб.тра̏њав ’штосьці з адзежы ці абутку, зусім зношанае і падранае’ (Элезавіч, 2, 333), сінанімічнае тра̏ља ’тс’, тра̏њав ’парваны’ (падрабязней пра паходжанне і распаўсюджанне сербскіх слоў гл. Івіч, Галип., 147; а таксама Скок, 3, 490, які збліжае гэтыя словы з trȁlje ’кошык’, тра̏ња ’насілкі для гною’). Этымалагічна блізкія рус.труньё ’рыззё, старызна’, трун ’анучы’, ’абарванец’, для якіх Фасмер (4, 109) дапускае сувязь з трух, тереть. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 621, дзе мяркуецца тое ж паходжанне для ўкраінскіх слоў, побач з магчымасцю фанетычнай зменыдрант ’лахман; рызман’ (ад драты ’драць, рваць’), што, відаць, уяўляе паралельнае ўтварэнне, гл. серб.драњци ’рыззё, лахманы’. У сувязі з названым малаверагодна вывядзенне з літ.trántas ’адкіды, паношанае адзенне’, якое звязваюць з літ.trem̃ti ’выгнаць’, ’стаптаць, знасіць’, trendė́ti ’псавацца, пакрывацца плесняю’ (Смулкова, Балта-слав. иссл., 1980, 209), што, зрэшты, магло паўплываць на варыянты транды, трэнты. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 85. Параўн. трамця, гл.