вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад.Б.А.Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,
міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.Б.Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л.СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НХА (ад грэч. konchē ракавіна),
паўкупал, які перакрывае паўцыліндрычныя часткі збудаванняў (апсіды, нішы).
Узнікла ва ўсх.-эліністычнай архітэктуры, шырока выкарыстоўвалася ў рым. і візант. дойлідстве, у сярэдневяковых хрысц. храмах. У К. звычайна змяшчаліся мазаікі, размалёўкі з выявамі Хрыста, святых і інш. (Сафійскі сабор у Кіеве).
На Беларусі вядома з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, храмы Барысаглебскага манастыра ў б. прадмесці Полацка Бельчыцы, Барысаглебская царква ў Гродне), пашырылася ў архітэктуры 16—19 ст. Нярэдка спалучалася з распалубкамі і нервюрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ (Kot) Станіслаў (22.10.1885, в. Руда Падкарпацкага ваяв., Польшча — 26.12.1975),
польскі гісторык культуры, паліт. дзеяч. Чл. Польск. АН (1928). Вучыўся ў Львоўскім ун-це. У 1920—23 праф. Кракаўскага ун-та. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Стронніцтво людовэ». З 1939 у Францыі, блізкі супрацоўнік ген. У.Сікорскага. У 1941—42 пасол Польшчы ў СССР, у 1942—43 дзярж. міністр урада Польшчы на Б. Усходзе, у 1943 міністр інфармацыі, у 1945—49 пасол у Італіі. Застаўся ў эміграцыі. Даследаваў гісторыю паліт. і грамадскай думкі Рэчы Паспалітай, яе культ. сувязі з краінамі Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.
Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл.Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМАБІ́ЛЬ (франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),
перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б.СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДА-ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859б.ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе г.п. Церахоўка — в. Кругавец-Калініна. Да 1930 наз. Папоўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на ПдУ ад г. Добруш, 60 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 895 ж., 495 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.
сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Свята-Мікалаеўская царква. За 3 км на ПдУ ад вёскі — гарадзішча. Каля вёскі Ленінскае радовішча пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТКА Іван Антонавіч (14.6.1935, б. маёнтак Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1999),
бел.паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1967). З 1954 жыў у Маскве. Друкаваўся з 1957. Паэтызацыя працы як крыніцы чалавечага хараства — лейтматыў яго творчасці. Лірыцы Л. характэрна абвостранае, эмацыянальнае ўспрыняцце прыроды. Яркая метафарычнасць спалучана з рэаліст. канкрэтнасцю назіранняў. У паэме «Каліноўцы» (1974) стварыў вобразы сялян — паўстанцаў 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Свіслач, каля аўтадарогі Асіповічы — в. Свіслач. Цэнтр сельсавета і калект.-далявой гаспадаркі «Ліпень». За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Асіповічы, 126 км ад Магілёва. 1000 ж., 401 двор (1999). Лясніцтва, участак Асіповіцкага лясгаса, цэх па перапрацоўцы драўніны, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі селішча банцараўскай культуры (6—8 ст.) і эпохі Кіеўскай Русі (10—13 ст.).