КАМІСА́РСКІ СУД,
часовы суд у ВКЛ і Рэчы Паспалітай для разгляду зямельных прэтэнзій прыватных землеўласнікаў, манастыроў, гарадоў да трымальнікаў каралеўскіх маёнткаў. Суддзямі выступалі камісары, якіх прызначаў кароль. Судовая справа разглядалася на месцы з выклікам бакоў і сведкаў, аглядам межаў маёнтка. К.с. вызначаў межы зямельных уладанняў і пазначаў іх на мясцовасці капцамі, пра што складаўся акт. Апеляцыі на выракі К.с. падаваліся ў звычайным парадку, з 1774 — у задворны асэсарскі суд (каралеўскі трыбунал).
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕСІЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. confessionalis веравызнальны),
лад думак, пачуццяў і ўчынкаў, што адпавядаюць догматам і патрабаванням пэўнага веравызнання. Знаходзіць увасабленне ў розных формах тэалогіі (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, іудаісцкай і інш.), філасофіі, сацыялогіі, якія развіваюць свае тэарэт. канцэпцыі на аснове традыц. рэлігійных уяўленняў пра чалавека і яго месца ў сусвеце, сэнсе яго жыцця і адкрытасці ў адносінах да Bora, да каштоўнасцей маралі і культуры, навукі і тэхнікі.
Я.М.Бабосаў.
т. 8, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯНУ́ ((Kyprianu) Спірас) (н. 28.10.1932, г. Лімасол, Кіпр),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Кіпр. Атрымаў юрыд. і эканам. адукацыю ў Вялікабрытаніі. Удзельнік заключэння Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959 пра незалежнасць Кіпра. У 1960—72 міністр замежных спраў. У 1976 заснаваў і ўзначаліў Дэмакр. партыю. У 1976—77 старшыня палаты прадстаўнікоў. У 1977—88 прэзідэнт Рэспублікі Кіпр. Актыўны ўдзельнік руху недалучэння, выступаў супраць акупацыі паўн. ч. Кіпра тур. войскамі.
В.У.Адзярыха.
т. 8, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫЛЁВА (Святлана Леанідаўна) (н. 25.4.1928, г. Жытомір, Украіна),
бел. пісьменніца. Скончыла Харкаўскі ун-т (1950). Настаўнічала ў г. Камянец Брэсцкай вобл. (1950—82). Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове. Аўтар зб-каў апавяданняў «Жаўрукі на вуліцы» (1965), «І нялёгка і няпроста» (1975), зб. нарысаў «Формула поспеху» (1979), аповесцей «Дні старшыні» (1980), «Дабрыня» (1983) і інш. пра жыццё вёскі, унутр. свет вяскоўцаў, іх імкненні.
Тв.:
Самый короткий день. Мн., 1987.
т. 9, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХМІ́СТАР,
пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 9, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЦЫЯ (ад галанд. loodsen весці карабель),
1) раздзел навукі пра караблеваджэнне, які вывучае водныя і паветр. шляхі, каб гарантаваць бяспеку руху водных і паветр. караблёў (аэралоцыя).
2) Навігацыйны дапаможнік, які апісвае фізіка-геагр. асаблівасці пэўнага воднага аб’екта ці яго часткі або паветр. трасы, з характарыстыкай стаянак, партоў, агараджальных знакаў небяспекі і да т.п. У Л. паведамляюцца таксама законы і правілы, што вызначаюць рэжым плавання (паветраплавання) у пэўным раёне.
т. 9, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ННА,
1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.
2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Георгій Фёдаравіч) (19.1.1867, С.-Пецярбург — 9.5.1920),
расійскі лесазнавец, батанік і географ; адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі. Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1893); з 1901 праф. у ім, з 1918 праф. Таўрычаскага ун-та ў г. Сімферопаль. Стварыў вучэнне аб лесе як біягеацэналагічнай, геагр. і гіст. з’яве. Распрацаваў вучэнне пра тыпы лесанасаджэнняў, развіў уяўленне аб змене лясных парод і іх згуртаванняў.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71.
т. 10, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],
1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.
2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.
т. 10, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАС (Minōs),
легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).
т. 10, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)