АМФІПРАСТЫ́ЛЬ (грэч. amphiprostylos),

тып стараж.-грэч. прамавугольнага ў плане храма, які мае калонныя порцікі на тарцовых фасадах, пазбаўленыя дэкору падоўжныя сцены. Амфіпрастыль звычайна будавалі з гладкіх каменных блокаў. Шырока вядомы амфіпрастыль, пабудаваны паводле праекта Калікрата на Афінскім Акропалі, храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі).

Да арт. Амфіпрастыль. Храм Ніке Аптэрас на Акропалі ў Афінах. Арх. Калікрат. 449—420 да н.э.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́МСБЕРГ (ням. Bremsberg),

1) падземная нахіленая горная выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску грузаў з гарызонту, які ляжыць вышэй, на той, што ляжыць ніжэй, пры дапамозе мех. прыстасаванняў (найчасцей канвеерных установак).

2) Прыстасаванне (пераважна шкіў з канатам і 2 ваганеткамі) для спуску грузаў па нахіленай плоскасці пры лясных, буд. і інш. работах.

т. 3, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ МАНАСТЫ́Р РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ.

Існаваў у г. Бялынічы ў 1877—1918. Утвораны замест зачыненага ў 1877 Мсціслаўскага мужчынскага манастыра. Размяшчаўся ў будынках б. кляштара кармелітаў. Колькасць манахаў дасягала 40 чал. (пач. 20 ст.). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬТЫЖЫРО́ЎКА (ад франц. voltiger пырхаць, лётаць),

1) від коннага спорту і коннага цырка. Складаецца з практыкаванняў на кані, які асядланы спец. вальтыжыровачным сядлом і бяжыць па крузе на кордзе (доўгай вяроўцы) рыссю ці галопам.

2) Від дынамічнай акрабатыкі (з перакідваннем партнёра) і гімнастыкі (пералёты з трапецыі на трапецыю). У цырку вальтыжыроўка на кані, акрабатычная і гімнастычная — самастойныя нумары.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́НЕМУЙНЕ», Эстонскі акадэмічны тэатр «Ванемуйне»,

старэйшы т-р Эстоніі, які аб’ядноўвае оперу, драму, аперэту і балет. Засн. ў 1870 у Тарту па ініцыятыве эст. паэтэсы і драматурга Л.​Койдула, п’есы якой паклалі аснову нац. драматургіі. Спектаклі ставіліся пры пеўчым т-ве «Ванемуйне» (ад імя бога песні ў эст. міфалогіі). З 1906 прафесійны. У 1966 прысвоена званне акадэмічнага.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,

малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЗАВО́Д ЗАТО́ЧНЫХ СТАНКО́Ў, «Візас». Засн. ў 1944 у Віцебску на базе Клінскага чыгуналіцейнага з-да (Маскоўская вобл.), які ў 1941 быў эвакуіраваны ў г. Беларэцк (Башкірыя), а ў снеж. 1944 перавезены ў Віцебск. З 1945 з-д заточных станкоў, з 1992 арэнднае прадпрыемства «Візас». Асн. прадукцыя (1996): станкі заточныя для металарэзнага інструменту, металарэзныя, для апрацоўкі оптыкі акуляраў, дрэваапрацоўчыя.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

устаўныя граматы вял. князёў ВКЛ Віцебскай зямлі, якія фіксавалі нормы віцебскага права. Першы прывілей Віцебску дадзены ў 1390-я г. Вітаўтам. Прывілей 1503 Аляксандра, які захаваўся, быў пацвярджэннем папярэдняга прывілея 1444 Казіміра IV. Прывілей 1503 пацвярджалі граматамі вял. князі ВКЛ у 1509, 1541, 1547, 1561. За Віцебскае паўстанне 1623 Віцебск да 1641 быў пазбаўлены магдэбургскага права.

т. 4, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІФАКС, Халіфакс (Halifax),

горад на ПдУ Канады. Адм. ц. правінцыі Новая Шатландыя. Засн. Ў 1749. 320,5 тыс. ж. (1991). Адзіны порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў Канадзе, які не замярзае зімой. Канцавы пункт трансканадскай чыгункі. Важная рыбалавецкая база. Нафтаперапрацоўчая, рыбакансервавая, аўтамаб. прам-сць. Суднабудаванне. 3 ун-ты (першы заснаваны ў 1749). Царква св. Паўла (1750), кафедральны сабор (1820).

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)