СО́НЕЧНАЯ БАТАРЭ́Я, фотаэлектрычны генератар,

прыстасаванне, якое непасрэдна пераўтварае энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную. Мае выгляд панэлі з паўправадніковых фотаэлементаў, дзеянне якіх заснавана на з’яве ўнутранага фотаэфекту. Магутнасць, што генерыруецца С.б., дасягае некалькіх дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца энергіі на касм. апаратах, аўтам. метэастанцыях, пераносных радыёстанцыях і інш.

Сонечная батарэя: 1 — панэль сонечных фотаэлементаў; 2 — корпус з прыладамі.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

прыстасаванне для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную. Звычайна складаецца з тэрмаэлектрычнага генератара і сістэмы, што забяспечвае канцэнтрацыю светлавога патоку (геліяканцэнтратара). Гарачыя спаі могуць награвацца і непасрэдна сонечнымі прамянямі (без іх канцэнтрацыі). Халодныя спаі ахалоджваюцца патокам вадкасці або натуральным цеплаабменам з навакольным асяроддзем. Перспектыўныя як крыніцы электрасілкавання аўтаномных спажыўцоў магутнасцю да сотняў ват.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛО́НЕ (Stallone) Сілвестэр (н 6.7.1946, Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў вядомасць як акцёр і сцэнарыст у меладрамах-баевіках пра баксёра «Рокі» (1976—90; і рэжысёр у 2—4-й серыях), у 3 стужках пра супермена Рэмба (1982—88). Зняўся ў фільмах «F.I.S.T.», «Кобра», «Танга і Кэш», «Оскар», «Скалалаз» і інш. Паставіў муз. фільм «Застаючыся жывым» (1983).

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛЕ́Т (ад італьян. stiletto),

колючая халодная зброя, разнавіднасць кінжала.

Развіўся з метал. інструмента для пісьма — стыло (адсюль назва). Меў звычайна трохгранны або прамавугольны тонкі завостраны клінок і крыжападобную рукаятку. Насілі С. у ножнах на набедраным поясе як парадную зброю (упрыгожанне). Найб. пашыраны ў 15—17 ст. у Італіі і інш. краінах Зах. Еўропы.

Стылет узору 17 ст.

т. 15, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЛІЦА,

кароткае кап’ё; адзін са стараж. відаў кідальнай зброі. Упамінаецца ў «Слове аб паходзе Ігаравым» (12 ст.) як зброя рус. і палавецкіх воінаў. Даўжыня каля 1 м. Складалася з жалезнага наканечніка, які падзяляўся на пяро (г.зн. вастрыё) і тулею (трубку), куды ўстаўлялася лёгкае дрэўка—ратовішча. Насілі С. ў калчане. Выкарыстоўвалася ў рус. конніцы да канца 17 ст.

Суліца.

т. 15, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́,

глабальнае проціборства кааліцый (саюзаў, блокаў) дзяржаў з выкарыстаннем усіх форм барацьбы (узбр., паліт., эканам., ідэалаг. і дыпламат.). У адрозненне ад лакальнай вайны С.в. ахоплівае большасць краін свету, вял. тэрыторыі. Паліт. змест і характар С.в., як і кожнай інш. вайны, вызначаецца мэтамі бакоў, якія ваююць. Гл. таксама Вайна, Першая сусветная вайна 1914—18, Другая сусветная вайна 1939—45.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПА́НАВА Алена Андрэеўна (17.5.1891, Масква — 26.5.1978),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Спявала ў царк. хоры. З 1908 артыстка хору, у 1912—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Была бліскучай выканаўцай жаночых партый у операх М.​Рымскага-Корсакава: Валхава, Снягурачка, Шамаханская царыца, Царэўна-Лебедзь («Садко», «Снягурачка», «Залаты пеўнік», «Казка пра цара Салтана»). Выступала як канцэртная спявачка.

т. 15, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТРА́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,

ахоўны ўчастак тэр. Карпат (Высокія Татры) у Славакіі (пл. 50 тыс. га, засн. ў 1954) і Польшчы (пл. 22 тыс. га, засн. ў 1948). Ахова пераважна хвойных лясоў і жывёл (мядзведзь, серна, казуля, сурок, рысь). На тэр. парку створаны запаведнікі, гадавальнікі дзікіх жывёл, паляўнічыя рэзервацыі. Асобныя ўчасткі выкарыстоўваюцца як зімовыя і летнія курорты.

т. 15, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎРЫЗІЯ́Н Міхаіл Арсеньевіч (27.5.1907, Баку — 17.10.1957),

армянскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1934). З 1935 дырыжор, з 1938 гал. дырыжор, з 1946 маст. кіраўнік Арм. т-ра оперы і балета. Сярод яго паст. першыя арм. оперы, у т. л. «Аршак II» Т.​Чухаджана, «Гераіня» А.​Сцепаняна. Выступаў і як сімф. дырыжор. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУАПСЭ́,

горад у Краснадарскім краі, у Расіі. Узнік у 1864—70 як умацаванне Вельямінаўскае, з 1896 горад, сучасная назва з 1897. Каля 80 тыс. ж (2001). Порт на Чорным м., чыг. станцыя. Прам-сць: нафтаперапр., маш.-буд., суднарамонтная і суднабуд., абутковая, харчасмакавая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Музеі, у т. л. гісторыка-краязнаўчы. У раёне Т. курортная зона, пансіянаты, турбазы.

т. 16, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)